— Пачнём з банальнага пытання: як і чаму ты апынуўся ў Кітаі?
— Розныя прапановы ад кітайскіх аркестраў прыехаць да іх у якасці фагатыста-саліста мне паступалі ўжо даўно. Але ў тыя часы я разумеў, што куды болей патрэбны на Бацькаўшчыне. Для культуры Беларусі гэта былі вельмі важныя гады — цэлы суплёт знакавых юбілеяў. І я паставіў сабе задачу арганізаваць або прыняць актыўны удзел у як мага большай колькасці важных для грамадства культурных падзей — прычым гэта акрамя маіх асноўных прац адначасова ў Вялікім тэатры Беларусі і Акадэміі музыкі!
У той перыяд быў зладжаны цэлы шэраг музычных фестываляў, прымеркаваных да найважнейшых гістарычных дат. Я маю на ўвазе 250-годдзе М.Кл.Агінскага ў 2015 годзе, 500-годдзе Рэфармацыі, Бібліі Францішка Скарыны і айчыннага кнігадруку ў 2017-м. 220-годдзе Ігната Дамейкі, 200-годдзе Таварыства філаматаў і нарэшце 200-годдзе С.Манюшкі. Мы праводзілі канцэрты ўсіх фарматаў (ад камерных да самых маштабных — сімфанічных “гала”), мастацкія пленэры і выставы, экскурсіі… Я браў удзел у навуковых чытаннях і міжнародных канферэнцыях… Карацей, несупынная чарада падзей, прычым не толькі ў Беларусі, але і таксама ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Італіі… Ансамбль салістаў "Вытокі", сімфанічны аркестр "Capella Academia", дзе я з'яўляюся мастацкім кіраўніком, разам з намі многія выдатныя салісты, а таксама шэраг дзяржаўных калектываў былі шчыльна ангажаваныя ў гэты культурны працэс.
І вось, у сярэдзіне 2019, калі асноўныя “Манюшкавыя” ўрачыстасці ўжо адбыліся, мне зноў патэлефанавалі з Кітая. Гэтым разам — цікавая прапанова з Сычуаньскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: заняць там пасаду прафесара і дырыжора іх сімфанічнага аркестра. Усё супала, і я адчуў, што наспеў добры час, каб выправіцца далёка — пазнаваць свет Паднябеснай.
— З якімі музыкантамі табе цяпер даводзіцца выступаць у якасці дырыжора? Гэта кітайцы альбо інтэрнацыянальны склад?
— Два гады я адпрацаваў у згаданым універсітэце, а з гэтага сезона спакусіўся на прапанову сімфанічнага аркестра “Міжнародная Куньмінская Філармонія”, дзе працуюць музыкі з самых розных краін свету — ад Кітая да Калумбіі, але большасць — усходнееўрапейцы. Багата хлопцаў і дзяўчат з Украіны, таму ёсць з кім пагаманіць. Гэты калектыў вельмі шмат канцэртуе нават ва ўмовах пандэміі і жорсткіх мер барацьбы з ёй. У навагодні час мы змаглі правесці месячны гастрольны тур па самых розных рэгіёнах Кітая!
— Як праходзілі гэтыя канцэрты і ці шмат на іх збіралася слухачоў?
— Аркестр супрацоўнічае з агенцтвамі, якія арганізуюць канцэрты па-за Куньмінам, ну а ў самім горадзе — сталіцы правінцыі Юнань з насельніцтвам у амаль 7 млн чалавек — мы ладзім іх самі. Слухачы ў розных рэгіёнах адрозніваюцца. Часам публіка падрыхтаваная, часам — зусім не… Часам “халаднаватая” да сусветнай класікі, але часцей усё ж вельмі прыязная, актыўная. І калі запрашаеш яе падтрымаць апладысментамі нейкі знаёмы рытмічны фрагмент (маршы ці полькі Штраўса) або падпяваць кітайскую папулярную песню, зала гэта робіць з ахвотай. Пляцоўкі, дзе праходзяць такія канцэрты, у Кітаі самыя розныя. Але ў рамках туру мы выступалі ў самых прэстыжных канцэртных залах і тэатрах.
— Якая публіка ў Кітаі наведвае канцэрты класічнай музыкі? Ці шмат моладзі?
— Аўдыторыю класічных канцэртаў мне пакуль цяжка дакладна акрэсліць. Калі-нікалі ёсць такое ўражанне, што многія прыходзяць па запрашэнні нейкіх арганізацый ці мясцовай улады…
— У сэнсе, звыклы для нас “культпаход”?
— Так, але таксама і нямала сапраўдных меламанаў. Чым больш салідны і культурна развіты горад, тым больш мы сустракаем адукаваных і ўдзячных слухачоў усіх узростаў.
— Які рэпертуар даспадобы тамтэйшай публіцы?
— Масавая кітайская аўдыторыя не можа пакуль “пераварыць” усе пласты сусветнай класікі ў шырокім сэнсе. Найлепшую рэакцыю выклікаюць яркія, жвавыя, хуткія, мажорныя опусы. Хаця і кантрасты ў праграмах патрэбныя. Часам не ўгадаеш, які шэдэўр спрацуе, а які не. Але навагодні наш тур прайшоў “на ўра”, бо там асновай была музыка Штраўса, якая захапляе ўвесь свет.
— Пытанне, як данесці класіку да масавага гледача, хвалюе не адно пакаленне. Можа, сцэнарыі вашых канцэртных праграм маюць нейкія ноў-хаў?
— Без розных “штучак” у цяперашні век не абысціся. Бачылі б вы нашую “Спорт-польку” Штраўса! Падчас гэтага нумара скрыпач з Калумбіі выглядае амаль як Ранальда ўласнай персонай. Ён нават знешне падобны, ды і вырабляе на сцэне такія фінты з мячом, што хлопца магла б выкупіць зборная Аргенціны або Бразіліі! Або, напрыклад, падчас аднаго з маршаў мы выклікаем з залы ахвотнікаў пайграць з аркестрам на вялікім барабане.
— Табе давялося пабываць у розных рэгіёнах Паднябеснай. Наколькі яны адрозніваюцца паміж сабою — як у плане музычным, так і наогул?
— Вельмі, вельмі адрозніваюцца! Наўрад ці я змагу выразна акрэсліць тут музычную спецыфіку таго ці іншага рэгіёна. Гэта тэма грунтоўных даследаванняў фалькларыстаў, бо ў Кітаі жыве больш за паўсотні розных народаў! Мы ж толькі ўскосна дакранаемся да гэтых асаблівасцей. Але астатняе — клімат, прырода, краявіды, кухня, адзенне, антрапалагічныя фактары — усё сведчыць пра вялікую разнастайнасць гэтай велізарнай краіны!
— Напэўна, даволі доўгі час побыту ў Кітаі дазволіў табе спасцігнуць яго глыбей. Што ўразіла найболей — прырода, архітэктура, кулінарыя?
— Усё, што ты пералічыў, ды многае-многае іншае. Але найперш — унікальная прырода, якой больш не знайсці нідзе! Шмат дзе пабываўшы на роднай планеце, я часта не мог прыгадаць аналагаў і падабенстваў убачанаму ў Кітаі. Нават флора не раз здзіўляла сваёй унікальнасцю. Эндэмікі на кожным кроку! І, вядома, традыцыйная культура, замяшаная на архаічных рэлігійных традыцыях даасізму, канфуцыянства, будызму і паганскіх культаў, — гэта цэлы акіян для даследчыкаў і аматараў экзотыкі!
Што праўда, уразілі і велізарныя страты гістарычнай спадчыны, якія адбыліся падчас “Культурнай рэвалюцыі” — таго гвалту над культурай, які стаўся непапраўным і катастрафічным. Яго наступствы — шматлікія “навадзелы” ў архітэктуры і пластыцы. Тыя “Ancient Town” з сувенірнымі крамкамі, якія мне не раз даводзілася сустракаць, — гэта нават не нашае Траецкае прадмесце, а яшчэ больш адкрытыя падробкі. Тым не меней усе разумеюць, што такая “праца над памылкамі” неабходная для стварэння хоць якой атмасферы гістарычнасці таго ці іншага рэгіёна.
І калі знаходзіш аўтэнтыку дзесьці ў манастырах на гарах Эмэйшань, або Ціншэншань у Тыбецкіх далях за аблокамі, або знакамітую набярэжную ў Шанхаі, — то радуешся як дзіця! Пры гэтым, трэба адзначыць, сёння кітайцы праграмна імкнуцца аднаўляць гістарычныя зоны і папулярызаваць іх для свайго і міжнароднага турызму.
— Кітай мае рэпутацыю краіны, дзе сучаснасць спалучаецца з глыбокімі даўнімі традыцыямі. Наколькі ён насамрэч адпавядае такому іміджу?
— Так, са свайго досведу магу пацвердзіць: адпавядае! Гэты вобраз краіны быў практычна разбураны падчас вядомых падзей 1960-х. Але пазней вектар руху кардынальна змяніўся. Сучасны Кітай — гэта мадэрновая суперкраіна, якая рвецца ў будучыню. Яна імкнецца абагнаць усіх, пры гэтым памятаючы і шануючы свае набыткі, назапашаныя за некалькіх тысячагоддзяў.
Фота аўтара і Лі Яня.