Анатолій Мечыслававіч адзначыў, што напярэдадні надыходзячых перамен у краіне трэба актыўна размаўляць з людзьмі, вырашаць існуючыя праблемы, звяраць асабістыя пазіцыі. Па словах міністра, ужо цяпер бачна, што грамадства адгукнулася на ініцыятыву ўнесці папраўкі ў Асноўны Закон краіны. І гэта не дзіўна, бо па абноўленай Канстытуцыі, калі яна будзе прынята на рэферэндуме, мы ўсе станем жыць далей.
“Аснова Канстытуцыі — Беларусь як сацыяльная дзяржава — застанецца непарушнай, — адзначыў Анатолій Маркевіч. — Менавіта гэты прынцып дапамог аднавіць краіну пасля цяжкіх 90-х гадоў, калі мы сталі незалежнымі. Цяпер жа, не разбураючы гэтага падмурка, нам трэба мяняцца, бо сам час дыктуе гэта.
Адна з галоўных тэм, якія прапанаваны да ўнясення ў Канстытуцыю, — павага да традыцыйнай сям’і. І як у маленькай сям’і кожны абавязаны ўносіць свой уклад у яе росквіт, так і ў вялікай сям’і — дзяржаве — кожны павінен пасільна працаваць. Таксама цалкам зразумелая папраўка, згодна з якой кожны павінен клапаціцца аб сваім здароўі. І гэта не азначае, што медыцына раптам стане платнай. Наадварот, у Канстытуцыі будзе замацавана, што медыцынская дапамога аказваецца кожнаму бясплатна, даступна і якасна. І цяпер у гэтай сферы бачна, што беларускі падыход па барацьбе з каранавірусам апраўдаў сябе.
Той жа прынцып сацыяльнай дзяржавы назіраецца ў іншай грамадскай сферы — адукацыі. Тое, што навучэнцаў ВНУ падтрымліваюць стыпендыямі, — вялікае дасягненне. А для значнай колькасці студэнтаў таксама выдзяляюцца сучасныя інтэрнаты. Для моладзі, якая адвучылася, створаны ўмовы для рэалізацыі сваіх творчых сіл і інтэграцыі ў рэспубліканскую эканоміку. У выніку прынцып сацыяльнай дзяржавы — гэта сумленнае размеркаванне сродкаў ва ўсе рэгіёны краіны. Такім чынам, вялікіх разрываў у дабрабыце насельніцтва ў Беларусі сёння няма.
Акрамя сацыяльных пытанняў, змены закрануць і дзяржаўны лад. Ва Усебеларускі народны сход будуць выбірацца найдастойнейшыя прадстаўнікі калектываў з усёй краіны. Гэта дазволіць улічваць самую разнастайную спецыфіку ў заканатворчасці. А ў выпадку непрадбачаных сітуацый распрацаваны механізм па аператыўным рэагаванні”.
Карыстаючыся выпадкам, Анатолій Маркевіч таксама распавёў аб працы, праведзенай над Кодэксам аб культуры, выказаў сваё бачанне павышэння заробку ў галіне культуры, засяродзіў увагу на важнасці фарміравання кадравага патэнцыялу.
У сваю чаргу, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька падкрэсліла, што за невялікі час абмеркавання паправак у Канстытуцыю прайшло больш за 200 дыялогавых пляцовак толькі ў Мінскай вобласці. Таксама яна прывяла некаторыя звесткі аб рабоце ўстаноў культуры, у тым ліку ў Стаўбцоўскім раёне.
Пасля выступу на дыялогавай пляцоўцы Анатолій Маркевіч вырашыў наведаць мемарыяльныя сядзібы “Акінчыцы”, “Альбуць”, “Смольня” філіяла “Мікалаеўшчына” ўстановы “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа”. Тут міністру сцісла распавялі пра тыя этапы жыцця класіка, якія былі звязаны з гэтымі месцамі. Анатолій Мечыслававіч разам з дырэктарам літаратурнага музея Якуба Коласа Ірынай Мацяс абмеркаваў праекты, якія тычацца святкавання 140-га юбілею Песняра.