СЛОЎНІК І КНІЖКА
Дарэчы, у якіх толькі прафесійных спаборніцтвах не ўдзельнічалі бібліятэкары гарадскіх і сельскіх бібліятэк раёна ў апошнія гады! І ў конкурсе аўтарскай выставы, прысвечаным 75-годдзю Перамогі, і ў конкурсах на лепшую краязнаўчую квэст-гульню, прома-ролікаў аб бібліятэцы, буктрэйлераў, на лепшы турыстычны маршрут. Усё гэта не толькі спрыяла творчаму развіццю супрацоўнікаў бібліятэк, але і мела практычны вынік. Так, на падставе матэрыялаў, сабраных падчас конкурсу “Культура продкаў у прасторы і часе”, цэнтральнай раённай бібліятэкай быў выдадзены “Тапанімічны слоўнік Светлагоршчыны”, створаныя адпаведныя электронныя рэсурсы, якія ўтрымліваюць мясцовыя прыказкі, прымаўкі, гаворкі, апісанне традыцыйных абрадаў. Асобныя з іх былі надрукаваныя на старонках газеты “Светлагорскія навіны”.
А па выніках конкурсу “Бацькоўскі край — жыцця крыніца” на лепшы артыкул пра земляка на сродкі, выдзеленыя раённым выканаўчым камітэтам, была выдадзеная кніга “Малая радзіма праз памяць і лёсы”, у якую ўвайшлі 33 артыкулы, прысвечаныя працавітым і таленавітым людзям нашага раёна, аўтарамі артыкулаў сталі супрацоўнікі гарадскіх, гарпасялковых і сельскіх бібліятэк. Зборнік дае магчымасць убачыць гісторыю краіны праз лёс канкрэтнага чалавека, знаёміць з праўдзівымі гістарычнымі фактамі і падзеямі.
АЎТАРСКІЯ ЭКСКУРСІІ
Леташні конкурс аўтарскіх экскурсій “Стань гідам па бібліятэцы!” быў абвешчаны ў пачатку года. Аб сваім жаданні паўдзельнічаць у конкурсе заявілі бібліятэкары гарадскіх і сельскіх бібліятэк. Па ўмовах кожны ўдзельнік павінен быў скласці сцэнарый і правесці экскурсію па бібліятэцы, у якой працуе. У ліку запатрабаванняў да конкурсных работ былі арыгінальнасць творчай задумкі, наяўнасць цікавых фактаў аб бібліятэцы, выкарыстанне інтэрактыўных форм, сучасных тэхналогій і, вядома, артыстызм самога экскурсавода.
Любы конкурс — гэта заўжды хваляванне, творчы азарт і натхненне. Трэба адзначыць, што журы, якое ўзначаліла дырэктар бібліятэчнай сеткі Вікторыя Бусел, падчас аўтарскіх экскурсій убачыла і асабістыя, і прафесійныя якасці тых, хто адважыўся паўдзельнічаць у спаборніцтве: мэтанакіраванасць, уменне пераадолець сябе, сабранасць і талент. Кожная з удзельніц па-свойму імкнулася ўразіць журы і як мага цікавей прадставіць сваю бібліятэку.
СТАГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ І ЛЕСАВІЧКІ…
Так, бібліятэкар гарадской бібліятэкі №1 Юлія Нічіпарэнка, якая стала пераможцай у намінацыі “Дарослыя бібліятэкі”, прывабіла цікавымі звесткамі з біяграфіі старэйшай бібліятэкі раёна, якая летась адзначыла 100-гадовы юбілей. І той, хто патрапіць на такую экскурсію, не пашкадуе. А вось Ала Гаўрычкіна з дзіцячай бібліятэкі №6 далучыла да ўдзелу актыўных “лесавічкоў” з бібліятэчнага экалагічнага агенцтва “Лесавічок і К”. Алена Габідуліна з Цэнтральнай раённай бібліятэкі зрабіла акцэнт на рэсурсах і паслугах установы, у якой працуе. Па-сапраўднаму казачную гісторыю пра бібліятэку распавяла Юлія Корнева, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Маладзёжнага мікрараёна. Яе экскурсія ў вершаванай форме дазволіла ёй стаць пераможцай намінацыі “Пачынаючыя бібліятэкары”.
Вынікі конкурсу ўрачыста (наколькі дазваляе сённяшняя сітуацыя) былі падведзеныя ў раённай бібліятэцы. Як адзначыла дырэктар бібліятэчнай сеткі Вікторыя Бусел, вызначыць лепшых было даволі складана, бо кожная ўдзельніца імкнулася паказаць свае прафесійныя якасці і выклікаць у наведвальнікаў жаданне стаць чытачом менавіта гэтай бібліятэкі. Усе канкурсанткі атрымалі падарункі ад прафсаюзнага камітэта, а пераможцы — грашовыя прэміі. Сёлета светлагорскіх бібліятэкараў чакае новы конкурс. І ён, безумоўна, падарыць і цікавы вопыт, і новыя ідэі, а яшчэ — жаданне відазмяняцца і творча расці.
Валянціна РАСОШАНКА, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай цэнтральнай раённай бібліятэкі