Прыступкі перад 1987-м
Напачатку ўсё, здавалася, было супраць: умовы жыцця, нават выпадковасці. Чаго было чакаць ад напаўгалоднага быту ў пасляваенным Мазыры, куды былы франтавік, бедны шавец Якаў з жонкай Бэлай і дзецьмі перавёз з вёскі Мялешкавічы старэнькую хатку! Стаіць яна й цяпер на вуліцы Пушкіна пад нумарам “8” на схіле гары над ракой-прыгажуняй Прыпяццю.
Радзіна Фінбергаў працавала шмат і цяжка, для пракорму трымалі парсючка, карову, адзін пакой дамка здавалі кватаранту — усё ж прыбытак.
І тут першая зачэпка ў біяграфіі хлапчука: кватарант іграў у гарадскім духавым аркестры на альтушцы. І другая зачэпка: старэйшы брат падараваў малому Мішы барабанчык. Трэцяя: патэфон з наборам кружэлак у суседзяў. Першая песня, якую вывучыў будучы прафесар музыкі, “Пора в путь-дорогу”.
Канешне, Мішу аддалі ў музычную школу.
Ён перабываў ва ўсіх выкладчыкаў, ва ўсіх класах, хапаючыся за розныя інструменты. Але знаходжанне ў “храме муз” бязлітасна перарвалі, калі высветлілася, што вучань іграе не па нотах, а… па слыху. І будучага Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі папросту турнулі.
Галадаючы падлетак Міша Фінберг радасна збягае ў войска, у духавы аркестр штаба ЧБВА. Там, узгадваў ён, упершыню ў жыцці наеўся дасыта, упершыню ўзяў у рукі трамбон.
У сярэдзіне 1960-х ён сядзеў за пультам трэцяга ці чацвёртага трамбона ў сімфаджазе Дзяржтэлерадыё БССР, якім кіраваў славуты дырыжор Барыс Райскі. Тады я, кінарэжысёр т/а “Тэлефільм” таго ж Дзяржтэлерадыё, здымаў на кінастужку той аркестр, тады ж мы і пачалі сыходзіцца з маладым трамбаністам Мішам Фінбергам.
***
З траўня 68-га я па сумяшчальніцтве з працай у кіно ўзначаліў мастацкае кіраўніцтва Мінскім цыркам. І аднойчы, калі я быў у кабінеце дырэктара, туды прыйшоў прасіцца на вольную пасаду дырыжора цыркавога аркестра Фінберг. Не сцвярджаю, але, магчыма, мая прысутнасць пры тым не была выпадковай: мо я ўжо замовіў дырэктару слоўца пра знаёмага музыку Мішу Фінберга. І пачалася наша сумесная праца над новымі праграмамі і маімі пастаноўкамі ў цырку.
Цяжкасць яго ўваходу ў аркестр выпала на складаную сітуацыю: “даігрывалі” да пенсіі старыя музыканты — “шанхайцы”, якія прыбылі з-за мяжы ў складзе свайго дысцыплінаванага, сыгранага высокапрафесійнага бэнда, і маладыя мінскія музыканты паступова займалі месцы “эмігрантаў”.
Фінбергу выпадала лавіраваць між амбіцыямі, рознымі адносінамі да працы і прафесіяналізмам абедзвюх груповак.
Гэта адбывалася на маіх вачах.
“Шанхайцы”, старэйшыя Фінберга на 30-40 гадоў, падтрымалі яго, бо адносіны да працы маладога дырыжора супадалі з іх стаўленнем: адданыя музыцы, яны колькі часу было трэба, столькі і рэпеціравалі.
Па Мішавых сяброўскіх прызнаннях — бывала, што і ў парылцы, — “шанхайцы” ў нейкім сэнсе былі няшчасныя людзі: з цяжкасцю ўспрымалі савецкую рэчаіснасць. Пра тое падрабязна расказаў ён перад кінакамерай у маім фільме 2012 года “Шанхайскі джаз”. Пенсіянераў трымаў у аркестры, колькі тыя жадалі, колькі мелі моцы іграць, з клопатам хаваў іх аднаго за другім. Апошняга “шанхайца”, трамбаніста Барыса Мікалаевіча Гур’янава, калі таму стала цяжка “дудзець”, паставіў за кантрабас, а затым той да скону быў інспектарам аркестра.
Паступова спецыфічны цыркавы бэнд, якому спрадвеку наканавана было іграць маршы, галопы ды полечкі, Фінберг ператварыў у канцэртуючы джазавы калектыў. І вынік: замежныя гастролі, канцэрты ў Маскве, выступленні па ЦТ СССР, запісы на “вялікія вінілы” на фірме “Мелодыя”. Мінскі бэнд стаў лепшым сярод вялікай колькасці аркестраў “Саюздзяржцырка”.
Я яго таксама здымаў: фільмы 1983-га “Фантазія на тэмы…”, “А таксама цырк”.
У 1980-м, калі ў мяне склаліся вельмі цяжкія асабістыя сітуацыі, Міша так дапамог мне, што на тое сяброўскае ўдзельнічанне ніколі не забудуся — гэта наша з ім таямніца.
Сямнаццаць год прастаяў Міхаіл Фінберг за пультам джаз-аркестра цырка, разам рабілі з ім новыя пастаноўкі. У 1972-м выпусцілі на арэну Трэці Беларускі цыркавы калектыў, праграма якога цалкам складалася з нумароў, падрыхтаваных у заманежжы Мінскага цырка і аздобленых выдатнай музыкай.
Сам ён безупынна аранжыраваў, пісаў арыгінальную, патрэбную нашым спектаклям музыку!..
Але пісалі і іншыя — маладыя музыканты-мінчукі пісалі ананімкі. Міша ведаў аўтараў. Уявіце: як было рабіць заўвагі за фальшывую ігру трубачу-ананімшчыку!? Фінберга цягалі па інстанцыях, “органах”, высвятляючы праўдзівасць наветаў. Урэшце, яго, беспартыйнага, выклікалі ў ЦК партыі і выклалі перад ім ананімкі — іх было ажно сямнаццаць! І там сказалі: правяралі, нішто не пацвердзілася.
І раптам… нечаканая прапанова: зрабіць “бізнэс-план” на стварэнне Дзяржаўнага Канцэртнага аркестра Беларусі пад яго кіраўніцтвам — “АБ”.
Чамусьці зрабіць тое патрабавалася да наступнай раніцы.
Словам, так у лютым 1987-га скончыўся “цырк на дроце”!
***
Гісторыя “АБ” відавочна, даследавана, шырока вядома. Таксама пра станаўленне новага аркестра пісаў я ў “Культуры” ў артыкуле да 70-годзя Міхаіла Якаўлевіча. Раскажу ж пра тое, што ведаю сёння, здаецца, толькі я, сведкам і ўдзельнікам чаго быў.
7 жніўня 1987-га адбылася першая “паказальная” рэпетыцыя новага аркестра. Па запрашэнні кіраўніка ў былую сталоўку кансерваторыі, а цяпер базу “АБ”, прыйшлі Ігар Лучанок, Эдзік Ханок, Іосіф Скурко, Дзіма Смольскі, Ядзя Паплаўская з Сашам Ціхановічам. Жэня Глебаў і я прыйшлі з жонкамі… Я запомніў тых, хто сядзеў побач, уздоўж сцяны. Музыканты, відаць было, хваляваліся. Сыгралі першую праграму хвілін на сорак — што паспелі напрацаваць толькі “скалочаным” аркестрам за некалькі тыдняў. А ўвечары таго ж дня вельмі вузкім колам “астывалі” ад свята дома ў Мішы за кавуном і каньяком, намячалі планы…
Сёння з таго, першага склада аркестра за пюпітрамі ўжо нікога няма — час, час…
***
Час ад часу Фінберг запрашаў мяне рэжысіраваць фестывалі “Музы Нясвіжа” — “97” і “98”.
Далей — засвоіў прафесію рэжысёра і ставіў праграмы ўжо сам.
Трыццаць два фестывалі джаза
Такая ў нас была здаўна завядзёнка: пасля канцэртаў яго аркестра “АБ”, якія я наведваў, тэлефанаваў яму я, а пасля штогодніх джазавых фестываляў — традыцыйна ў клубе Дзяржынскага, якія за 32 гады, уключна з 2020-м, я не прапусціў аніводнага, тэлефанаваў наступнага дня раніцай мне ён з пытаннем: “Ну як?”
Ледзь выслухаўшы ад мяне сказ-другі ўхвалы, разраджаўся вялікім маналогам: пра новых, адкрытых ім для мінчукоў аўтараў, пра новыя творы, пра яго новых музыкантаў, пра… пра… і, канешне, пра перашкоды, пра незлічоных зайздроснікаў-“ворагаў”, якія толькі й бачаць, нават у сне, як бы насаліць яму. Называліся закулісныя злыя ўчынкі, вядомыя абодвум нам прозвішчы, патаемныя факты… Я ведаў, што такой шчырасцю ён можа падзяліцца толькі са мной, бо сябруем і супрацоўнічаем другое паўстагоддзе.
Фінансава падтрымліваючы “АБ”, я заўсёды на канцэрты набываў квіткі для сваёй кампаніі, для суправаджаючых мяне асоб, што выклікала недаўменне і лёгкае абурэнне Мішы, маўляў, мог бы і не траціцца.
Каго толькі не слухалі мы ў межах джазавых фестываляў: Аркадзя Шыльклопера, Анатоля Крола, Данііла Крамера, бэнды прыбалтаў, дзіцячы з Масквы, Георгія Гараняна — усіх ужо не ўзгадаць; у суправаджэнні “АБ” спявалі лепшыя джазавыя вакалісты — еўрапейцы і афраамерыканцы…
Але галоўным, канешне ж, было прадэманстраваць узросшы ўзровень майстэрства “АБ”.
Ён уладкоўваў побытавыя справы музыкантаў: кватэры, прапіскі, дэфіцытныя тады аўто, пуцёўкі дзецям. Аднак кожны год кожны музыкант праходзіў унутраны конкурс на адпаведнасць катэгорыі і пасадзе — такой завядзёнкі няма ні ў адным мастацкім калектыве.
Асаблівым сродкам адзначае лідар шматгадовую адданасць “АБ”: ганаровае званне “заслужанага”.
Першымі “з. а.” некалі сталі: перацягнуты з цыркавога фінбергаўскага бэнда трубач Валерый Шчэрыца, запрошаны з аркестра радыё піяніст і аранжыроўшчык Андрэй Шпянёў і былыя “песняроўцы” — клавішнік Анатоль Гілевіч і Уладзімір Ткачэнка (гітара, скрыпка, аранжыроўкі). Пасля іх у 2015-м саксафаніст Уладзімір Ксёнц стаў чарговым заслужаным артыстам Беларусі.
Закрываючы тэму заслужанасці, дадам, што званнем тым уганароўваліся музыканты “АБ” амаль штогод, па адным. Імі па чарзе сталі гітарыст-віртуоз Сяргей Анцішын, бас-гітарыст Аляксандр Каліноўскі і цудадзей-ударнік Вадзім Чайкоў — адзіны музыкант, якому дазволена іграць без пінжака: вельмі ж ужо цяжкая фізічная напруга.
Кіраўнік заўсёды вёў канцэрт сам, штораз падкрэсліваючы слухачам:
— Мы вас не падманваем: ніякіх фанаграм, усё выконваецца ўжывую! Тут — лепшыя музыканты краіны, сапраўдныя зоркі. Давайце павітаем іх!
І зала ўзрывалася апладысментамі.
Гэта ён ажыццяўляў свае пастулаты, кіруючыся якімі 35 гадоў вёў аркестр: самому не брацца за трамбон — іншыя іграюць лепш; не браць уласных твораў — іншыя пішуць музыку лепшую; ніякіх “мінусовак”.
— Для мяне ўсё, што пад “фанеру”, — нежывое, — дэкларуе Фінберг.
Бывала, ён падымаў мяне ў зале, прадстаўляючы як прыхільніка джаза, які не прапусціў аніводнага канцэрта. Сапраўды, я нават пераносіў здымачныя змены, каб не прапусціць джазавых канцэртаў нашага выдатнага бэнда.
У ранішніх перамовах ён абавязкова пытаўся: “Як мая беларуская?” Я ўхвальваў, але кожны раз заўважаў:
— Міша, “дзякуй” па-беларуску мужчынскага роду, а не сярэдняга, як па-руску. Таму не “вялікае дзякуй”, а “вялікі”.
Ён абяцаў запомніць, улічыць маю заўвагу, але ў апошняй перадачы “Майстры і куміры” ўсё ж ужыў “вялікае”.
Сфатаграфавалі 3 студзеня 2020-га ў фае клуба перад адкрыццём 32-га фестывалю джаза мяне з сябрамі. І пасля канцэрта шчоўкнулі нас з Мішам у яго грымёрцы.
Хто ж ведаў, што гэтыя фота — апошнія; што на фота, дзе нас чацвёра, дваіх неўзабаве не стане; што фестываль джаза ў клубе Дзяржынскага — апошні, бо памяшканне ставіцца на капітальны рамонт; што 11 снежня 2021-га не стане Міхаіла Фінберга.
Хто ж ведаў…
Шукаў і знаходзіў
Пасля аднаго з фестываляў з прабачэннем адмяніў абавязковую вячэру: яму трэба было праводзіць ад’язджаючых запрошаных замежных гасцей. Але праз дзень ці два патэлефанаваў, заехаў да мяне і павёз у рэстаран — недзе на ўскраіне Мінска. Там нас чакалі.
У пустой днём зале селі ўдваіх ля вакна.
Мішу трэба было выгаварыцца, а дзе ж знойдзеш такога ўважлівага і разумеючага яго маналогі слухача, як я!
— …І яшчэ, Валодзя: усё, што тычыцца Беларусі, будзе выконвацца толькі па-беларуску. Беларуская песня меладычная, магчыма, трошкі сумная, але заўжды з сур’ёзным і павучальным зместам. Гэта асаблівасці менавіта майго ўспрымання… Што за паняцце “Беларуская музыка”? Няма ў нас азначэння гэтаму тэрміну! Па месцы нараджэння аўтараў, выканаўцаў, па рэпертуары ці яшчэ як? Тады музыка рослаўльца Глебава і ўсё “песняроўства” свердлаўчаніна Мулявіна — міма. Па мове? Тады Антонаў з Маладзечна і мінчанка Свірыдава — міма. А нашы былыя, цяпер масквічы, Глеб Мацвейчук, Наталля Падольская, Дзмітрый Калдун — беларускія выканаўцы? А наш Нацыянальны аркестр, які іграе Дзюка Элінгтана, Глена Мілера, Каўнта Бэйсі — беларускае мастацтва? А кампазітар-віцяблянін Марк Фрадкін? А аршанец паэт-песеннік Барыс Ласкін? А калі ў выканаўцы песня-малітва за сваю Беларусь... але на мове іншай краіны? Ну, ужо хаця памаліцца-ткі за Беларусь можна ж было па-беларуску, як Мулявін, спяваючы купалаўскі тэкст? Блытаніна, незразумеліца нейкая... каб не сказаць крапчэй…
Міша келіха не кранае.
— Памятаю пытанне, якое маскоўскія музыказнаўцы задавалі Уладзіміру Мулявіну падчас гастроляў “Песняроў” у сталіцы Расіі з маім аркестрам: “Дзе вы ў Беларусі знаходзіце такіх музыкантаў?” Так і ў мяне: замест музыкантаў, пакінуўшых “АБ” з розных нагод, месцы за іх пюпітрамі займаюць новыя, больш умелыя. У нас рыхтуюць адметных, штучных музыкантаў! Бяда ў тым, што не можам іх утрымаць: з’язджаюць назаўсёды за мяжу ці часова — на круізныя лайнеры… З’язджаюць… І шукаю. І знаходжу!..
Ён пакалупаў у талерцы — там усё застыла, але Міша таго не заўважаў.
— Вось Анатоль Крол падхапіў джаз Эдзі Рознера пасля ад’езду таго за мяжу. І дзе той аркестр, дзе? Няма. Адышлі ў гісторыю джаз-аркестры Уцёсава, Рэнскага, Цфасмана, Скамароўскага, Шульжэнка-Караллі, Варламава, братоў Пакрас! Няма і тых, што ўзніклі пазней: “Дніпро”, “Рэро”, бэндаў Пеўнера, Блехмана, Людвікоўскага, Мінха, Куліева, Бадхена, Гарбатых, Арбеляна, Гарбульскіса, Куцэнкі, Лук’янава, Брыля, Казлова… Ды і славуты джаз Алега Лундстрэма ў апошнія гады жыцця патрыярха збіраўся час ад часу — на гастролі ды на адказныя канцэрты… Я слухаў у розныя гады іх усе!.. Наш “АБ” сёння адзіны на прасторы былога СССР, які ўжывую іграе сапраўдны джаз! Ты ж, Валодзя, чуеш штогод на нашых фестывалях джаза…
Цяпер з непакоем думаю: а што ж будзе з “АБ” пасля адыходу Маэстра?
Апошні перазвон
І вось я тэлефаную яму ў суботу, 27 лістапада.
Міша, не даслухаўшы маіх кампліментаў і адзнак пра выступленне яго аркестра, пачаў ухваляць мае перадачы “Люблю і памятаю”. Аказваецца, глядзеў амаль усе. Асабліва кранулі яго выпускі пра дырыжора Барыса Райскага, у аркестры якога ён іграў, і пра мной “выцягнутага з ценю” даравітага музыканта Жэню Грышмана. Пра гэта стаў ухваляць мяне шматслоўна, таропка — гэта ж людзі яго лёсу, яго пакалення.
Развітваючыся ці падштурхоўваючы мяне на рэалізацыю новай задумы, ён заўсёды падбадзёрваў: “Ну, давай!” Цяпер ужо без яго падштурхоўкі пачынаю рыхтаваць сцэнарый перадачы для канала БТ-3 “Люблю і памятаю” і пра Міхаіла Фінберга.
Я не адпяваю сваіх таварышаў — персанажаў перадач “Люблю і памятаю”, — я з імі размаўляю, мы быццам разам узгадваем былыя здарэнні, сустрэчы, супрацоўніцтва.
І дарагога сябра з маладых нашых гадоў Мішу Фінберга я таксама памятаю і люблю.