— Вячаслаў Іванавіч, а як вы сустракаеце Каляды? Разумею, што адкажаце: маўляў, у тэатры, ды ўсё ж — што такое гэтае свята для вас?
— Каляды і Новы год — святы сямейныя. Яны нясуць радасць, прадчуванне цуду, казкі, новых дасягненняў. І колькі ні гаварылі б, што тэатр — гэта і ёсць сям’я, у жыцці кожнага павінна быць месца не толькі для калег і сяброў, але і для самых блізкіх — для ўласнай сям’і. Тым больш у такія святы, што сімвалізуюць новы этап: Нараджэнне Хрыстова, нараджэнне новага года, новых планаў і адначасова — падвядзенне пэўных вынікаў, магчымасць азірнуцца і зразумець, куды ты рухаешся, ці ў правільны бок.
— Калядны оперны форум выконвае гэтыя задачы?
— А як жа! Паводле традыцыі, ён збірае разам найлепшыя прэм’ерныя спектаклі нашага тэатра, айчынных і замежных оперных зорак. І ўжо адно гэта дазваляе зірнуць на наш тэатр і развіццё нацыянальнага опернага мастацтва з іншага ракурсу. Сёлета гэта будуць “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана, “Фауст” Шарля Гуно і ранняя опера Пучыні “Вілісы. Фатум”. Першы спектакль, да таго ж, удзельнічае ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі. Двое другіх сталі намінантамі нядаўняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі, выйшлі ў фінал. “Фауст” быў прызнаны лепшым оперным спектаклем і лепшай працай рэжысёра ў галіне музычнага тэатра (дарэчы, Ганна Маторная ставіла і “...Стаха”). Так што ганарыцца ёсць чым. Але Калядны оперны форум — гэта яшчэ і крок у невядомае, адкрыццё чагосьці новага. Сёлета свята распачнецца прэм’ерай оперы Каміля Сен-Санса “Самсон і Даліла”. Яе ставіць прыма нашага тэатра, якая выступае на найлепшых сцэнах свету, заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава. “Вілісы...” былі яе дыпломнай працай як рэжысёра і адразу атрымалі высокую ацэнку крытыкаў. Цікавым і шмат у чым нечаканым абяцае быць і “Самсон...”. Дырыжорам-пастаноўшчыкам выступае Алег Лясун. Мастак — Этэль Іошпа з Расіі, уладальніца прэміі «Залатая маска». Балетмайстар — Сяргей Мікель, адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй два гады таму. У час форуму спектакль будзе паказаны двойчы запар — з розным выканальніцкім складам. У другі вечар у ролі Самсона выйдзе запрошаны расійскі саліст Іван Гынгазаў.
— Наколькі я ведаю, у далейшым праспяваць партыю Далілы збіралася сусветна знакамітая салістка Марыінскага тэатра Кацярына Семянчук.
— На Калядным форуме заяўлены яе сольны канцэрт. Яна ўраджэнка Беларусі, гастралюе па ўсім свеце, ды не губляе сувязяў з радзімай, і мы заўжды рады чуць яе шыкоўнае мецца-сапрана на нашай сцэне. Ну а завершыцца форум, паводле традыцыі, гала-канцэртам, дзе выступяць нашы і замежныя зоркі. Дырыжыраваць ім будзе Джанлука Марчано з Італіі, ужо добра вядомы нашым гледачам па сваіх ранейшых прыездах.
— Вы самі да нас таксама прыехалі — з Брэста, дзе ўзначальвалі Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. Гэты горад, можна сказаць, знакавы для оперы. Калісьці ў 90-я кампазітар Уладзімір Солтан марыў стварыць там оперны тэатр. У 2000-я з той жа ідэяй выступаў оперны саліст і рэжысёр Уладзімір Экнадзіёсаў. Бо ў тамтэйшым тэатры ёсць добры сімфанічны аркестр, які рэгулярна дае сольныя канцэрты. На музычным фестывалі “Калядныя вечары” гучаць оперныя фрагменты, на тэатральным — “Белая Вежа” — сярод іншых спектакляў сустракаюцца оперы, балеты, мюзіклы. А якія вашы ўласныя стасункі з гэтымі жанрамі?
— Я родам з маленькага гарадка Пружаны, што на Брэстчыне. Свайго тэатра там няма, і ўпершыню я далучыўся да гэтага мастацтва толькі ў школе. У малодшых класах нас неяк павезлі ў Брэсцкі тэатр лялек. Я ўжо не памятаю, якую менавіта казку мы глядзелі, але ўражанні былі вялікія. На зваротным шляху ў аўтобусе толькі гэта і абмяркоўвалі. А ў оперу я ўпершыню патрапіў, ужо калі вучыўся ў Мінску, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Мы наведвалі розныя тэатры: былі ў Нацыянальным імя Максіма Горкага, у Купалаўскім, у РТБД. Але оперны пакінуў самыя незабыўныя адчуванні: сапраўдны палац, што ні спектакль — яркае маштабнае відовішча. І тады ж я зразумеў, што калі ў драматычны тэатр можна ісці знянацку, без папярэдняй падрыхтоўкі, дык да оперы трэба рыхтавацца. Як мінімум — пачытаць лібрэта, мець хаця б мінімальны вопыт у слуханні музычнай класікі. Тое ж раю і цяперашнім гледачам.
— Оперны форум, далейшы Вялікі навагодні баль — гэта яшчэ і дадатковыя захады да прыцягнення ў тэатр новай публікі. Дарэчы, вам яе хапае, асабліва ў пандэмію?
— З улікам цяперашняй сітуацыі рассаджваем гледачоў у шахматным парадку, таму квіткоў у продаж паступае ўдвая меней. Цікавасць да тэатра не згасае. Не толькі да нашага, бо я маю на ўвазе ўсё тэатральнае мастацтва з размаітасцю яго жанраў, відаў і кірункаў. Тэатр як від мастацтва дае магчымасць асэнсаваць свой асабісты свет. Ён нясе тое добрае, светлае, чыстае, без чаго жыць немагчыма. На маю думку, гэта адзін з самых інтэлектуальных відаў мастацтва. Пры цяперашнім росквіце відэакантэнту, дзе да ранейшага тэлебачання далучыліся інтэрнэт-рэсурсы, магчымасці шматлікіх гаджэтаў, тэатр усё роўна ніколі не знікне. Бо дае тую ўзаемасувязь сцэны і залы, якую не ў стане забяспечыць ніякае самае прасунутае відэа. Той узаемаабмен энергетыкай, што ўзнікае ў час спектакляў, нішто не ў стане замяніць.
— Але ж навагодні баль — гэта, пэўна, не больш як культурнае баўленне часу. Праца для ног і для цела, але адпачынак для душы.
— Тэатр у стане спалучыць адпачынак з духоўнай працай. Навагодні баль у Вялікім не звыклая “дыскатэка”. Акрамя ўласна бальнай праграмы (а сёлета будуць Каралеўскі і Оперны балі), танцаў, караоке і нават гаданняў, прадказанняў астролагаў ды іншых забаўляльных дэталяў, нашых гасцей чакаюць канцэртныя праграмы, квэсты, якія, безумоўна, маюць эстэтычную і асветніцкую скіраванасць. Дадам, што баль у тэатры — даўняя традыцыя. Раней нават тэатральныя будынкі праектаваліся так, каб глядзельную залу можна было хутка вызваліць ад крэслаў і ператварыць у танцавальную.
— Дарэчы, вы самі танцуеце?
— На жаль, не. Але планую затанцаваць ужо на гэтым балі, калі атрымаецца. Мы чакаем не толькі добра спрактыкаваных аматараў танцаў! Баль — паняцце больш шырокае, там кожны можа знайсці “куточак” для душы — што каму больш спадабаецца. А для тых, хто хоча затанцаваць і папярэдне набыў квіткі на Вялікі навагодні баль, харэограф Юлія Дзятко праводзіць заняткі.
— У Брэсцкім тэатры вы штосьці падобнае ладзілі?
— Навагодніх баляў там не было, толькі звыклыя дзіцячыя ранішнікі. А вось да Міжнароднага дня тэатра ў сакавіку ладзілася акцыя “Ноч у тэатры”, дзе наведвальнікі маглі паспрабаваць сябе ў ролі акцёраў, стаць удзельнікам майстар-класаў, квэстаў, а галоўнае — спазнаць тэатр з іншага боку, не толькі праз святло рампы.
— Паміж Калядным оперным форумам, што пройдзе з 14 па 22 снежня, і Вялікім навагоднім балем, паводле традыцыі прызначаным на Стары Новы год 13 студзеня, тэатр таксама не адпачывае.
— У пераднавагоднія дні і зімовыя канікулы гледачоў чакаюць самыя ўлюбёныя спектаклі. Гэта найперш самы калядны балет, дзеянне якога разгортваецца на свята, — “Шчаўкунок” з музыкай Чайкоўскага ў яркай, відовішчнай і адначасова філасофскай пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. Спектакль цікавы і дзецям, і дарослым, таму паказваецца і як ранішні, і як вячэрні. Запланавана некалькі святочных канцэртаў з адметнай праграмай. У час ранішнікаў адбудзецца штосьці накшталт “хіт-парада” дзіцячых спектакляў.
— А што паглядзелі вашы дзеці? Што ім найбольш спадабалася?
— Майму старэйшаму сыну 15 гадоў — той узрост, які лічыцца “складаным пераходным” і суправаджаецца пераацэнкай каштоўнасцей. Ён паглядзеў некалькі спектакляў і адзначыў, як ні дзіўна для хлопчыка, балет “Ганна Карэніна”.
— Цудоўны выбар! Спектакль аднолькава прыязна быў успрыняты публікай і крытыкамі і атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію. Якімі яшчэ найменнямі папоўніцца афіша да канца сезона?
— Найперш гэта балет “Спячая прыгажуня” ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра, народнага артыста Беларусі і СССР Валянціна Елізар’ева. Што ж да оперы, дык плануем парадаваць і дарослую, і дзіцячую аўдыторыю. І моладзевую таксама. Бо схільная да выдумкі рэжысёр Ганна Маторная рыхтуе “Любоўны напой” Даніцэці. А яе малодшая калега Наталля Кузьмянкова паставіць ранні зінгшпіль Моцарта “Басцьен і Басцьена”, які мы будзем паказваць у Камернай зале як дадатак да экскурсій па тэатры.