Сёння Сёмкава — аграгарарадок Папярнянскага сельсавета, да якога ад паўночнай мяжы Мінска каля пяці кіламетраў. Заснаванне паселішча звязваюць з імем віленскага кашталяна Сенькі Гедыгольдавіча, які жыў у часы вялікіх князёў Вітаўта і Жыгімонта.
Тут на смалакурні ў 1905–1906 гадах працаваў Янка Купала, а ў 1922 годзе быў бухгалтарам Якуб Колас. У часы Другой сусветнай вайны ў Сёмкаве быў дзіцячы дом. Пасля вайны ў сядзібе завіравала жыццё, тут размясцілася школа-інтэрнат. А пасля яе закрыцця, у пачатку 2000-х, пачаўся перыяд чарговага заняпаду. Каб распавесці аб тым, што было далей, мы звярнуліся да асоб, якім неабыякавы лёс сядзібы.
Павел Каралёў, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:
— Рух па аднаўленні сядзібы Хмараў распачаўся прыкладна ў 2010 годзе, я ж далучыўся трошкі пазней. У тыя часы актыўна ладзіліся суботнікі, валанцёрскія летнікі, якія збіралі моладзь з розных краін Еўропы — Ірландыі, Германіі, Іспаніі, Польшчы, Латвіі, Украіны, Расіі і іншых. Пасля 2014 года рух спыніўся. Але ж за гэты час адбыліся значныя перамены. Была зробленая кансервацыя сцен палаца, а праз раку Чарняўку перакінуты мост. Палац, які раней хаваўся ў сапраўдных джунглях, быў вычышчаны. Быў перакрыты дах школы-інтэрната. Раней за палацам было балота, куды праз недаробленыя ачысныя збудаванні сцякалі каналізацыйныя стокі з усяго наваколля. Тыя збудаванні давялі да ладу. Ладзіліся археалагічныя раскопкі, вынікі якіх можна было пабачыць у імправізаванай музейнай экспазіцыі, размешчанай у будынку, які ў пасляваенны час выконваў функцыю амбулаторыі. У 2011 годзе была знойдзена памятная пліта, якую сыны Адама Хмары прысвяцілі свайму бацьку. Архітэктары Алег Масліеў і Мікалай Лук’янчык падрыхтавалі эскізны праект рэстаўрацыі. Шмат было ў тыя часы турыстаў, прычым з розных краін. Пасля спынення руху там усё ізноў прыйшло ў заняпад. Музейныя зборы, каб выратаваць ад вандалаў, прыйшлося перадаць на захоўванне ў школу. Аб дзейнасці вандалаў, якія, выбіваючы вокны і дзверы, літаральна кожную ноч выносілі з флігеля батарэі і трубы, нават быў сюжэт на тэлебачанні. Сёння, калі ўжо самі мясцовыя жыхары пачалі валанцёрскую дзейнасць, мы ізноў далучыліся да гэтай важнай справы. У Вільні мне пашанцавала знайсці і адсканаваць паэму Міхала Дудзінскага “Палац у Сёмкаве”, якая была напісаная на польскай мове. Сёння мы ўжо маем пераклады яе на беларускую і рускую мовы. Мая жонка працуе над макетамі інфармацыйных стэндаў, а мной была падрыхтаваная ролевая гульня пра карону князя Вітаўта. Сенька Гедыгольдавіч — гаспадар Сёмкава ў XV стагоддзі і адзін з тых, хто быў накіраваны ў Рым па каралеўскую карону для вялікага князя.
Таццяна Хамянкова, экскурсавод, валанцёр рэспубліканскага фонду па развіцці турызму і падтрымцы дзікай прыроды “Планета без межаў”:
— Наша сям’я далучылася да руху ў 2017 годзе, калі пераехалі жыць з Мінска ў Сёмкава. Паступова расла і мацнела супольнасць валанцёраў Сёмкава. Ад лета 2020 года мы пачалі рабіць розныя культурныя імпрэзы згодна з распрацаваным намі календаром памятных датаў. Да дня нараджэння Максіма Багдановіча правялі экалагічную выставу і акцыю “Птушкі ўзімку”. Годна, наколькі дазволіў каранцін, адсвяткавалі 300-годдзе з дня нараджэння Адама Хмары. Наладзілі калядаванне па Сёмкаве і дзіцячую калядную ялінку. Да дня нараджэння мастакоў Напалеона Орды і Юзафа Пешкі мы правялі прэзентацыю альбома твораў Напалеона Орды, які падрыхтаваў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Музыказнаўца Святлена Немагай і салістка Белдзяржфілармоніі Тамара Рэмез правялі канцэрт “Тры таленты, тры лёсы: Манюшка, Орда, Міладоўскі”, каб пазнаёміць нас з кампазітарамі Міншчыны. Да 145-годдзя візіту ў Сёмкава мастака Напалеона Орды адбыўся мастацкі пленэр і прэзентацыя стыкераў з серыі “Шляхецкая гаворка”. Таксама праводзіліся імпрэзы, прысвечаныя Янку Купалу, Максіму Багдановічу, бацькі якога бралі шлюб у Сёмкава, і Якубу Коласу. Да 249-годдзя пачатку будаўніцтва палаца мы зладзілі тэатралізаваную экскурсію, падчас якой распавялі пра колішніх гаспадароў Сёмкава. Сярод нашых буйных праектаў — стварэнне экасцяжыны “Сёмкава”. Спадзяемся паспець усталяваць стэнды першага маршрута яшчэ ў гэтым годзе. Даўжыня экасцяжыны — адзін кіламетр, пройдзе яна праз яблыневы сад і французскі рэгулярны парк. Сцежка плануецца па еўрапейскіх стандартах, каб быць зручнай для маці з каляскамі і людзей з інваліднасцю. Стэнды распрацоўваюцца такім чынам, каб яны былі зручнымі і для людзей на вазках. Гэты маршрут будзе цікавы школьнікам і настаўнікам, якія змогуць праводзіць тут адукацыйныя заняткі. Ідзе праца над інфармацыйнымі старонкамі праекта “Адраджэнне. Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава”, якія праз некаторы час з’явяцца на партале “Планета Беларусь” і сайце фонду “Планета без межаў”. Вельмі важным этапам для нашай ініцыятывы стала прапанова дырэктара Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды “Планета без межаў” Сяргея Плыткевіча аб стварэнні сёмкаўскага філіяла фонду. 8 чэрвеня 2021года наш філіял быў афіцыйна зарэгістраваны. Спадзяемся, што мы атрымаем дазвол на правядзенне кансервацыі руінаў, і магчыма, пры наяўнасці інвестара, зможам заняцца аднаўленнем палаца. Але тут вельмі важным з’яўляецца меркаванне мясцовай супольнасці. Бо некаторыя лічаць, што можна было б пакінуць руіны, як яны ёсць. Праўда, галоўная праблема не ў гэтым. Ці зможам мы потым напоўніць палац жыццём? Ці будзе гэтае культурніцкае жыццё цікавым для мясцовай супольнасці?
Наталля Бажко, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінскага райвыканкама:
— Сядзібна-паркавы комплекс у Сёмкаве з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і знаходзіцца на балансе адзела культуры Мінскага раённага выканаўчага камітэта. Два гады таму ў комплексе з’явіліся ахоўнікі, якія даглядаюць тэрыторыю. Ладзяцца там і раённыя суботнікі, на якія выдзяляецца тэхніка і да якіх далучаюцца мясцовыя жыхары. У мінулым годзе суботнікі праводзіліся ў красавіку і лістападзе. Сёлета ў лістападзе таксама плануем правесці суботнік, але дата пакуль не вызначаная. Пра далейшыя планы адносна палацавага комплекса пакуль казаць зарана, бо невядома, якім будзе фінансаванне на наступны год. Але сёння можна сказаць дакладна, што на 2022 год ужо запланавана адкрыццё экалагічнай сцежкі.
Аляксандр Мацяс, спецыяльны карэспандэнт тэлеканала АНТ:
— Убачыўшы ў сацыяльных сетках абвестку пра суботнік у Сёмкаве, што ім “патрэбныя рукі”, я адразу патэлефанаваў Таццяне Хамянковай і прапанаваў сваю дапамогу. Любая добрая ініцыятыва павінна быць заўважанай і падтрыманай. Бо раптам нехта возьме за прыклад і ў сябе навядзе парадак? Калі ж кожны пачне з сябе, то і ўсім будзе лепей. Стварай сам свой рай! Улады, вядома ж, павінны кантраляваць, назіраць, але ні ў якім разе не перашкаджаць. Толькі тады, калі ідзе парушэнне заканадаўства. Але, калі само грамадства зацікаўленае, каб жыць лепей, калі гэта нічому не супярэчыць, то чаму не даць “зялёнае святло”? У нас часта сцвярджаюць, што “аднаўляць павінна дзяржава”. Мала хто задаецца іншым, больш важным пытаннем: “А што зрабіў я?” Бо пачынаць трэба з сябе, з навядзення парадку на сваёй зямлі. Ніхто не прыйдзе і не зробіць гэтага за нас. Мы ездзім у Вільню пабачыць даўніну, а ўсё гэта ёсць і дома. Толькі трэба “сабраць бутэлькі і зрабіць апгрэйд”. А потым прайсці старымі алеямі, пачуць гукі прыроды. Гэта ж выдатна! Таму я і адгукнуўся, што выдатная ініцыятыва і месца выдатнае, з гісторыяй, значнай для ўсёй краіны. Дарэчы, вельмі часта такія прыватныя ініцыятывы потым перарастаюць у дзяржаўны праект. Той жа Крэўскі замак. Усё ж пачыналася з невялікага фонду, а цяпер мы маем праект , які падтрымліваецца дзяржавай і грантамі. Маленькая кропля камень точыць. Вось валанцёры Сёмкава маленькімі крокамі ідуць наперад, не даючы гэтаму помніку ператварыцца ў гару друзу. Яны захоўваюць тое, што засталося. Потым, пэўна, знойдзецца мецэнат, інвестар, можа і дзяржава якую капейку знойдзе. Усё можа быць. Але ж дзяржава не можа ўсё, што руйнавалі семдзесят год, аднавіць за трыццаць. Вельмі рады, што аднаўляецца і Паланечка Радзівілаў, і Грушаўка Рэйтанаў. Добра, што Свяцк паўстае пад Гродна, але Сёмкаў не горш, і Мінску патрэбная такая значная гістарычная рэзідэнцыя, якая стане музейным аб’ектам. Мінск — сталіца Беларусі, а дзе такія знакавыя рэзідэнцыі? Ну, колькі можна ездзіць у Нясвіж? Вось, пад бокам ёсць Сёмкава, якое можна адрадзіць. Кажаце, ёсць Лошыца? Але ж гэта мадэрн, а Сёмкава — барока! Людзі не просяць “адбудуйце нам”. Яны проста прыходзяць і наводзяць парадак, бо гэтая любоў да чысціні навокал — у нашым менталітэце.
На фота: Палац Хмараў, стан на восень 2020 года, фота з партала "Планета Беларусь", Таццяна Хамянкова, Якуб Колас з сынам на прыступках палаца, 1922 год.