Усе пакаленні студэнтаў, што заспелі Калерыю Іосіфаўну ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, называлі свайго педагога (а больш за 20 гадоў яшчэ і прарэктара па навуковай і вучэбнай, пазней навуковай і творчай працы) “наша мама”. Муж яе, Георгій Сямёнавіч Глушчанка, таксама быў музыказнаўцам, разам яны прыехалі да нас пасля заканчэння знакамітай Гнесінкі (цяпер гэта Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных) і аспірантуры. Сваіх дзяцей у іх не было, але да студэнтаў яна і сапраўды ставілася як да ўласных дзяцей: апекавала, падтрымлівала ў жыццёвых складанасцях, да яе часта звярталіся нават проста параіцца — як з маці, “на вушка”, і яе мудрыя парады выратавалі не адзін лёс душэўна тонкіх, вельмі ранімых будучых дзеячаў культуры.
Тая ж добразычлівасць распаўсюджвалася на ўсю беларускую музыку. Развіццё нашага нацыянальнага музычнага мастацтва было звязана, як заўжды і паўсюль, не толькі з узлётамі, але і з непазбежнымі спадамі. Часцяком суправаджалася рэзкімі крытычнымі выпадамі — найперш менавіта з боку музыказнаўцаў. І хаця Сцепанцэвіч і Глушчанка апынуліся ў Мінску ў 1957-м, акурат у год заканчэння сумна вядомага перыяду жданаўшчыны з яго забаронамі на многія перадавыя мастацкія з’явы, гэта не значыць, што далейшыя шляхі беларускай музыкі высцілаліся выключна пялёсткамі ружаў — шыпоў таксама хапала, і нямала. Калерыя Іосіфаўна, шмат займаючыся не толькі навукай, але і распрацоўкай шматлікіх падручнікаў па беларускай музыцы ХХ стагоддзя, выступаючы ў друку як крытык, а са сцэны як лектар, захоўвала прынцыповасць — і адначасова папраўдзе “матчыну любоў” да нашай культуры. Той культуры, што была для яе чужой, а стала роднай. Выступленні К. Сцепанцэвіч ніколі не былі да болю крыўднымі — максімум крыху жартоўнымі, што адразу разраджала напружаную атмасферу. Яна ніколі не знішчала, не руйнавала, а шукала і падкрэслівала тое найлепшае, што трэба развіваць надалей. Дрэннае само кідаецца ў вочы, добрае звычайна больш сціплае, часцей успрымаецца як штосьці само сабой зразумелае. А Калерыя Іосіфаўна ва ўсіх і ва ўсім бачыла найперш лепшае, нават добра прыхаванае пад стосам недахопаў.
Кампазітары і выканаўцы, прычым маладыя ды апантаныя, часцяком крытычна настроеныя супраць самога музыказнаўства як прафесіі (маўляў, крытыкаваць ды “аналізаваць” кожны можа, а паспрабуйце стварыць!), яе абагаўлялі — і рэзка змянялі сваё стаўленне да музычнай навукі, пад кіраўніцтвам К. Сцепанцэвіч абаранялі магістарскія і кандыдацкія дысертацыі. Сёлета, да прыкладу, маладая кампазітарка Ірына Пяткевіч выпусціла свой фартэпіянны зборнік “У маёнтку Свентаржэцкіх”, што меў канцэртную прэзентацыю ў філармоніі. Адна з яго п’ес — “Чаромхавы адвячорак”, што і дала назву той аўтарскай вечарыне, — афіцыйна прысвечаная Калерыі Іосіфаўне.
Працаздольнасць Калерыі Сцепанцэвіч папросту зашкальвала. Колькасць напісанага, адрэдагаванага, падрыхтаванага да друку і выдадзенага — неверагодная. Ёсць штосьці сімвалічнае ў тым, што менавіта па яе з Георгіем Сямёнавічам падручніках навучэнцы дзіцячых музычных школ знаёмяцца з беларускай музыкай і яе творцамі. Бо Калерыя Іосіфаўна была непасрэднай удзельніцай самых знакавых падзей нашай айчыннай музычнай культуры цягам больш як шасці дзесяцігоддзяў. І яе “слова сучасніка”, прычым адразу дзвюх эпох — савецкай і незалежнай Беларусі, застаецца з намі.