Першымі вышытымі карцінамі былі іконы. Тады яна перахварэла на анкалогію і, атрымаўшы дазвол свяшчэнніка, стварыла некалькі абразоў, якія і сёння захоўваюцца дома. Першай і самай дарагой стала ікона Казанскай Божай маці. А наогул вышыла больш за 50 ікон, якія разышліся, без перабольшання, па ўсім свеце. Затым захапілася вышываннем партрэтаў, нацюрмортаў, пейзажаў. Амаль усё з гэтага або дарыла, або прадавала.
З Ларысай мы знаёмыя з дзяцінства, больш як чатыры дзесяцігоддзі. Калісьці вучыліся ў адным класе музычнай школы пры Маладзечанскім музвучылішчы. Апошнія некалькі гадоў я не паспяваю за ёй. Дакладней — за яе актыўнай творчасцю. Мне складана адсачыць усё новыя і новыя работы маёй прыяцелькі, пра якія даведваюся, дзякуючы сусветнай павуціне. Дзіўлюся: калі яна ўсё паспявае?! Яе работы — чарговыя вышыванкі, інтэр’ерныя лялькі, сувеніры, ручнікі, сурвэткі, хрысцільныя камплекты для немаўлят, вязаныя кручком і пруткамі разнастайныя хатнія рэчы, карціны, вышытыя крыжыкам, нават гадзіннікі з арнаментам і г. д. Не ўсё, створанае рукамі майстрыхі, можна пабачыць на яе асабістых старонках у сацыяльных сетках. Шмат пра што паведамляюць нашы агульныя сябры, выстаўляючы свае фота ў адмысловых вышыванках. Аднак пра ўсё па парадку.
Па прафесіі Ларыса музыкант, баяністка. У 1982 годзе яна закончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча і атрымала накіраванне ў Нарачанскую музычную школу Вілейскага раёна. У аграгарадок Людвінава, дзе цяпер жыве, трапіла выпадкова. На адным з канцэртаў яе заўважыла кіраўніцтва мясцовага зверасаўгаса “Беларускі”. Запрасілі дырэктарам Дома культуры, далі кватэру. Работу сваю яна любіла. Пры ёй быў арганізаваны хор (за 40 чалавек), які паспяхова выступаў на святочных мерапрыемствах, на аглядах мастацкай самадзейнасці. Сёння яна працягвае працаваць выкладчыцай музыкі ў філіяле Даўгінаўскай музычнай школы, што месціцца ў Людвінаве. А вольны час прысвячае народнай творчасці. Вышываныя карціны, іконы, абярэгі, сашэ з нацыянальным арнаментам, маскі з ручной вышыўкай, цацкі для навагодняй ялінкі, калядныя чаравічкі для падарункаў, птушачкі — чаго толькі няма ў яе “запасніках”.
Тканіну, пераважна лён, Ларыса набывае на Аршанскім камбінаце. Ніткі і розную драбязу для рукадзелля — праз інтэрнэт-крамы, але перавагу аддае натуральным і якасным. Ідэі для беларускага арнаменту яна знаходзіць у інтэрнэце. А яшчэ набыла спецыяльную літаратуру, каб быць больш дасведчанай у сімволіцы. Яе дэвіз: “Ні дня без крыжыка!” У дзень вышывае на 30-60 метраў ніткі. Своеасаблівая 60-мятроўка штодзень. Аднойчы, завяршыўшы ручную вышыўку кашулі, яна падлічыла вышытая “зорачкі” — іх на кашулі 129! Кожная “зорачка” з 61 крыжыка, а ў выніку 7869 крыжыкаў вышыта толькі на “зорачках”! А яшчэ ў арнаменце ёсць розныя іншыя элементы.
У залежнасці ад колькасці вышыўкі на вырабе, на вышыванку патрабуецца два-тры тыдні працы. Бываюць выпадкі, калі нейкі тэрміновы заказ выконвае літаральна за суткі. Цяпер працуе над вельмі складаным і аб’ёмным заказам: трэба “апрануць” у занавескі з народным арнаментам чатыры вокны вялікага бярвеністага дома. Акрамя вышыўкі крыжыкам там шмат мярэжкі.
Пра сваё захапленне, якое яна называе рамяством і не пасягае на высокае званне майстра, Ларыса кажа як пра магчымасць зрабіць прыемнае для людзей, атрымаць удзячныя водгукі і ўбачыць свае работы на фотасесіях з розных куткоў зямнога шара. Так! Гэта не перабольшанне. Беларускія вышыванкі, абярэгі, торбачкі з ручной вышыўкай, сашэ разлятаюцца па розных краінах ад Расіі да Кітая, Скандынавіі і ЗША. У Маскву для блогершы Наталлі Бухціяравай беларуская вышывальшчыца даслала камплект ільняных сурвэтак і дарожку з нацыянальным беларускім арнаментам. З краін Каўказа, з Украіны, блізкага і далёкага замежжа далятаюць у Людвінава шчырыя словы падзякі і захаплення, а часам і новыя заказы ад тых, хто ведае кошт ручной працы і якаснага матэрыялу.
Не магу стрымацца, каб не працытаваць некаторыя з іх, адсочаныя мной у сацыяльных сетках. Вось водгук ад Раісы Раманені:
“Сёння я буду як мадэль, таму што хачу паказаць працу, якую для мяне зрабіла выдатная майстрыня Ларыса Ількевіч. Яе залатыя рукі вышывалі маю кашулю і фартух, такім чынам мой абноўлены строй. Той, хто мае нацыянальную вопратку, добра ведае, якое гэта адчуванне, калі апранаешся ў сваё, няхай нават стылізаванае адзенне. Сімвалы Радзімы, як і мова, тая непарыўная сувязь, якая праходзіць праз усе часы і належыць усім тым, хто жыў, жыве і будзе жыць у гэтай краіне. Ніхто не мае права адабраць, растаптаць ці забараніць тое, што дадзена Богам”.
А вось водгук з ЗША: “Паглядзіце, як стылёва апраналіся нашыя продкі, як удала спалучаюцца ўсе элементы. Для нашых маленькіх кнопачак у Сіэтле майстрыца расшыла міні-кашулькі. Дзякуй, Ларыса Ількевіч. Будуць нашыя паненкі князёўнамі хадзіць у дзіцячы садочак на прэзентацыі па Беларусі”.
Вельмі часта на старонках Ларысы з’яўляюцца фота з дзеткамі, апранутымі ў вопратку з нацыянальным арнаментам. Майстрыха прызнаецца, што марыць стварыць дзіцячы камплект, вышыты ў беларускай традыцыі. Вось яе подпіс пад адным са здымкаў: “І жывуць у Вілейскім раёне дзяўчынка Аленка і хлопчык Ванечка. І апранаецца Аленка ў ільняную сукеначку з маёй вышыўкай. І я цешуся з гэтага”.
Асобныя ідэі для сваіх работ Ларыса іншы раз знаходзіць, шпацыруючы па сацыяльных сетках. Так з’явіліся партрэты бацькі для знаёмай і рэальнай дзяўчыны-фотамадэлі, а яшчэ абярэг Лада, схемы для якіх вышывальшчыца рабіла сама. Іншы раз яна вышывае наогул без схемы па карцінцы.
У кожнай вышывальшчыцы ёсць свае прыкметы, свае талісманы. Для нашай рукадзельніцы — гэта вобраз каня. Яна мае вышытую карціну і гатова яшчэ вышываць гэтую працавітую жывёлу, з якой ці то жартам, ці то сур’ёзна атаясамлівае і сябе.
Самымі строгімі сваімі крытыкамі лічыць Ларыса Ількевіч мужа Косцю і сыноў. Але, як бы яны не ацэньвалі творчасць жонкі і матулі, а элегантныя рэчы, вышытыя або звязаныя ёй, носяць з задавальненнем і часцяком просяць чарговыя новыя сувеніры ці актуальныя сёння, у неспрыяльны эпідэміялагічны час, маскі з вясёлым малюнкам, створаныя яе працавітымі рукамі і пры дапамозе яе бязмежнай фантазіі.
Ала СТРАШЫНСКАЯ