Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае беларуская літаратура — скарбніца духоўна-маральных каштоўнасцяў. Яна шматгранная, а яе складальнікі вельмі розныя. Выдатных пісьменнікаў і паэтаў нарадзіла беларуская зямля.
Але мы далёка не ўсё ведаем пра славутасці роднага краю, пра выдатных асоб і таленавітых дзеячаў. І самым лепшым правадніком, настаўнікам і дарадчыкам у гэтай справе можна лічыць бібліятэку, якая з’яўляецца ўніверсальнай і даступнай крыніцай інфармацыі, папулярнай культурна-інтэлектуальнай пляцоўкай для розных груп карыстальнікаў.
ЗАЙМЕЛІ СТАРОНКУ
Ужо ў 2020 годзе ў нашай установе пачалася рэалізацыя агульнасістэмнай ЭТНА-LIT-праграмы “БІБЛІЯТЭЧНЫ ТРЫБ’ЮТ”, мэта якой — праз выкарыстанне аўтаматызаваных сродкаў інфармацыі садзейнічаць выхаванню любові да Радзімы, яе гісторыі, культуры і літаратуры. Галоўны акцэнт быў зроблены на падрастаючае пакаленне — самую актыўную, дапытлівую і мабільную катэгорыю чытачоў. Сёння моладзь чытае, але мала цікавіцца культурай і гісторыяй роднага краю.
У сённяшні век развіцця сучасных тэхналогій амаль кожны жыхар планеты мае магчымасць карыстацца Інтэрнэтам. Таму ў якасці платформы была выбрана работа ў інтэрнэт-прасторы — такая блізкая і даступная сённяшняй моладзі. Не выходзячы з дому кожны можа атрымліваць бесперапынную адукацыю, карысную інфармацыю, абменьвацца ведамі, ідэямі з любой кропкі планеты.
Каштоўным вынікам вялікай і шматграннай работы бібліятэкі ў рамках патрыятычнай праграмы, арганізаванай на працягу некалькіх гадоў, стаў агульнасістэмны інтэрактыўны інфармацыйны рэсурс — так званая лендзінг-старонка на сайце ўстановы, пад аднайменнай назвай — “БібліяТРЫБ’ЮТ”. Прэзентацыя рэсурсу адбылася ў Дзень беларускага пісьменства на Інстаграм-акаунце ўстановы, а таксама была прадстаўлена на гарадскім педагагічным форуме “Якасная адукацыя — ключавы механізм забеспячэння ўстойлівага развіцця”, арганізаваным для педагогаў Магілёва. На сёння рэсурс наведалі больш за 600 анлайн-карыстальнікаў.
Мэта рэсурсу — паказаць сучаснаму карыстальніку, як спалучаецца беларуская літаратура і краязнаўства з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, прывучыць да работы з беларускай кнігай.
Складаецца лендзінг-старонка “БібліяТРЫБ’ЮТ” з двух асноўных частак: “Літаратурны ф’южн” і “НеРэальны Магілёў”, кожная з якіх напоўнена шэрагам рубрык адпаведнага накірунку.
ГАЛОЎНЫЯ ФІШКІ
Большая частка матэрыялаў прадстаўлена ў выглядзе падкастаў, відэастрымаў, кавер-версій, што дае магчымасць скарыстацца імі кожнаму ахвотнаму, дзе б ён ні знаходзіўся — дома, у школе, у маршрутцы па дарозе на работу… Галоўная фішка (годнасць) лендзінг-старонкі — яе інтэрактыўны фармат. Любы карыстальнік мае магчымасць адказваць на пытанні, пакідаць свае водгукі і думкі.
Падарожжа ў свет беларускай кнігі і літаратуры запрашае здзейсніць раздзел “Літаратурны ф’южн”.
Усім вядома, што традыцыйная выстава — гэта прадстаўленыя ў бібліятэцы кнігі, якія на месцы можна палістаць і выбраць на свой густ. Але сучасны рытм жыцця не заўсёды дазваляе выкраіць час для чытання друкаванай кнігі і знаёмства з творчасцю любімых, або новых, яшчэ не вядомых аўтараў.
Мы прапануем не адкладваць чытанне, а рабіць гэта ў любы свабодны момант, карыстаючыся навушнікамі і планшэтам альбо смартфонам. Загрузіўшы на электроннай прыладзе першую рубрыку раздзела “Буцік лепшых беларускіх кніг”, адкрываем цыкл віртуальных выстаў, прадстаўленых у незвычайным для чытачоў фармаце. Клікаем на любую з іх — і пачынаецца анлайн-сустрэча.
Віртуальная выстава “КінаЧытанне” — знаёміць з цудоўнымі творамі класікаў беларускай літаратуры, па якіх знятыя не менш цудоўныя фільмы: Іван Мележ і яго твор “Людзі на балоце”, Васіль Быкаў — “Знак бяды”, Іван Шамякін — “Гандлярка і паэт”, Якуб Колас — “Дрыгва”, Міхась Лынькоў — “Міколка-паравоз” і іншыя. На кожнага аўтара і кнігу — асабісты рэсурс, дзе прапанаваны біяграфія пісьменніка, фота і звесткі аб рэжысёры і акцёрах фільма, а твор можна пачытаць анлайн і на месцы пазнаёміцца з яго экранізацыяй.
УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З КАЗКІ
Улічваючы той факт, што сяброўства з кнігай трэба пачынаць з маленства, а самай першай кнігай дзяцей з’яўляюцца казкі, увазе маленькіх чытачоў і іх бацькоў мы прапанавалі інтэрактыўную віртуальную выставу “Да сэрца дзіцяці праз родныя словы: беларускія казкі”. Любоў да роднай зямлі, роднай хаты, сям’і, праслаўленне мудрасці праходзіць чырвонай ніткай у кожным творы з нашай выставы.
Матэрыял прадстаўлены ў выглядзе гульні, дзе дзеткі могуць разважаць, адказваць на прапанаваныя пытанні, знаёміцца з творчасцю і біяграфіяй аўтара. Такое чытанне можа быць карысным у коле сям’і, але і добра, калі стане часткай уроку беларускай літаратуры ў пачатковых класах. Сярод прапанаваных казак — аўтарскія творы Васіля Віткі, Галіны Васілеўскай, Аляксея Дударава, Змітрака Бядулі, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча і народныя беларускія казкі. Іх можна чытаць, альбо глядзець мультфільм. Відэаверсія казак дазволіць цікава правесці вольны час, а сапраўдныя прыхільнікі чытання могуць разам з кнігай акунуцца ў сваю каляровую гісторыю з прапанаваным сюжэтам.
Інтэрактыўны фармат зносін прапануе і віртуальная выстава “BOOK-сімпатыя: чытаем разам беларускія кнігі”. Чытаць гуртком і дзяліцца ўражаннямі заўсёды цікавей. Тут у якасці дарадчыкаў выступаюць чытачы, якія жадаюць падзяліцца сваімі літаратурнымі густамі. У тых, хто не ўяўляе свайго жыцця без кнігі, абявязкова ёсць тая, якая адгукнулася ў сэрцы, тая, пра якую хочацца паведаць.
Каб стаць удзельнькам выставы, трэба зусім не многа — адкрыць прапанаваную анкету і пакінуць водгукі на самую лепшую кнігу. Усе водгукі віртуальных карыстальнікаў складуць адну вялікую анлайн-выставу “BOOK-сімпатыю”, так званы ШОРТ-ЛІСТ рэкамендаваных кніг, у першую чаргу карысны для тых, хто толькі далучаецца да беларускай літаратуры. Творы, рэкамендаваныя самімі чытачамі, набываюць большае значэнне, таму што ўжо “паспрабаваны” і высока ацэнены.
БАМОНД З АСІЛКАЎ
Распрацаваны і інфармацыйна-гульнявы комплекс “ПРА МОВУ”, на гэты раз прадстаўлены ў выглядзе віртуальнай карты-маршрута. Комплекс уключае гульні, творчыя заданні, рэбусы на роднай мове. Гэты рэсурс таксама інтэрактыўны, тут можна адказваць на пытанні, дзяліцца думкамі, што дазваляе не проста цікава правесці час, але і пашырыць свае веды.
Вывучаць беларускіх аўтараў магчыма рознымі спосабамі. Цікавы варыянт прапануе раздзел “Літаратурны бамонд”, аснову якога складаюць інтэрактыўныя плакаты па творчасці вядомых беларускіх класікаў — так званых “асілкаў” беларускай літаратуры — М. Багдановіча, Р. Барадуліна, У. Караткевіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, І. Шамякіна і інш.
10 плакатаў і, адпаведна, 10 неверагодных фактаў аб жыцці і дзейнасці аўтараў. Гэтыя звесткі немагчыма знайсці ў школьных падручніках, таму іх можна выкарыстоўваць як дадатковы матэрыял на ўроках беларускай літаратуры.
Плакаты — вельмі зручная рэч. Іх можна спампаваць, раздрукаваць і ўжо, трымаючы ў руках, чытаць і выконваць заданні. А можна разам з сябрам чытаць іх анлайн. Галоўная ўмова — чытаць і вывучаць плакаты з дапамогай смартфона, таму як многія цікавыя факты схаваныя за QR-кодамі і зноскамі, якія пераносяць удзельнікаў на іншыя сайты і рэсурсы. Як выглядае віртуальны музей Якуба Коласа і чаму аўтара звалі “беларускі Гамер”? Хто такі Поль Верлен і што звязвае яго з Максімам Багдановічам? А чаму Максім Танк стаў пісаць “кітайскія вершы” і якая п’еса Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ставіцца ў Палескім драматычным тэатры? Зусім не трэба нікуды ездзіць, аб усім аб гэтым паведамяць плакаты. І калі знаёмішся з думкамі і творчасцю таленавітых асоб — сам становішся лепшым і чэрпаеш сілы для новых ідэй і ўчынкаў.
Лілія КАПЫТАВА, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦГБ ім. Карла Маркса Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва