Студэнт першага курса групы гукарэжысёраў факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Павел Швяцоў піша, што: “ажыццявілася доўгачаканая і запаветная мая мара паступіць у лепшую творчую ўстанову Рэспублікі Беларусь, і гэта падзея супала з усталяваннем Дня народнага адзінства”. Хлопец у сваім сачыненні цытуе шмат вершаў сталпоў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа. Бачна, што Павел любіць і ведае іх творчасць, усведамляе прагу песняроў да лепшага жыцця сваёй краіны і свайго народа. Юнак падсумоўвае: “Захаванне лепшых традыцый нашай выдатнай Беларусі — прамы абавязак кожнага з тых, хто жыве пад мірным, сонечным і зорным небам”.
Тую ж тэму ўздымае Вольга Коваль, студэнтка 1 курса Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа. “Я памятаю першы ўрок у каледжы ў гэтым навучальным годзе. Згуртаванасць, паразуменне, салідарнасць беларусаў, аб’яднаных гісторыяй, традыцыямі, культурай і агульным духам павагі і роўнасці — вось галоўныя словы, якія гучаць на гэтым уроку”. Дзяўчына падводзіць вынік: “Хто, калі не мы? Не забыць, не разгубіць, шанаваць — вось асноўныя задачы для нас, будучых дарослых”.
Думкамі пра тое, што вучоба ва ўстанове адукацыі перасякаецца з гісторыяй пра адзінства народа, дзеліцца другакурсніца Лаліта Сянько: “Я прыехала ў горад Маладзечна для вучобы ў музычным каледжы імя М.К.Агінскага. Памятаю, як я радавалася паступленню, як адразу закахалася ў гэты выдатны горад, у якім мне трэба было жыць і вучыцца чатыры гады. Аднойчы, падчас прагулкі, маю ўвагу прыцягнула назва адной з вуліц: “17 верасня”. Лаліта, даведаўшыся пра гэту дату, дзеліцца ўраджаннямі, што Беларусі шмат чаго давялося вытрываць, каб стаць сучаснай дзяржавай: “Адзінства нашага народа дазволіла Беларусі стаць краінай вялікіх дасягненняў. Сёння ў Беларусі — развітая прамысловасць, сельская гаспадарка, высокая якасць адукацыі і медыцыны, прыгожыя гарады і дагледжаныя вёскі. У нашых людзей ёсць адно імкненне — ствараць, таму беларусы будуюць дамы і школы, працуюць на вытворчасці, сеюць хлеб, гадуюць дзяцей, служаць навуцы і мастацтву”.
Студэнтка трэцяга курса Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя. Н. Ф. Сакалоўскага Настасся Некрашэвіч у сваім сачыненні заўважае: “Мае прашчуры годна адстаялі нашу Радзіму ў шэрагах яе абаронцаў у часы Вялікай Айчыннай вайны”. Вялікую Перамогу Насця называе дзейснай падзеяй па злучэнні нацыі: “Яны змаглі адваяваць Радзіму ў фашысцкіх захопнікаў. Усе разам, стаўшы адзінай сілай, яны падарылі людзям мірнае неба над галавой і надзею на светлую будучыню. Менавіта ў адзінстве наша сіла. Таму я думаю, што Дзень народнага адзінства, па сутнасці, не толькі новае свята, а вяртанне да вытокаў”. Маюць сэнс у слове “адзінства” для Настассі таксама і чалавечыя адносіны: “Я задумваюся часам, якая важная падтрымка сябра, блізкага чалавека ці проста ўсмешка незнаёмага мінака ў той момант, калі табе сумна або душу грызе нейкі смутак.” Простыя адносіны, па меркаванні дзяўчыны, таксама праява адзінства сярод людзей.
У сачыненні навучэнкі другога курса Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Марыі Разанавай таксама падкрэсліваецца важнасць перамогі ў часы Вялікай Айчыннай вайны для аб’яднання нацыі: “У выніку палітыкі генацыду нацысцкія акупанты знішчылі сотні тысяч мірных жыхароў: беларусаў, яўрэяў, рускіх, украінцаў. Памяць аб Вялікай Перамозе сёння застаецца магутнай сілай, якая аб’ядноўвае нашы народы”. А “беларусы — мірныя людзі, добрыя, ветлівыя, гасцінныя”, падкрэслівае Марыя.
Шэраг студэнтаў непасрэдна напісалі пра часы далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Стэфанія Коктыш, трэцякурсніца Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі, у кароценькіх аповедах раскрыла прыгнёт польскай уладай беларускіх сялян, навучэнцаў вучэбных устаноў, нарачанскіх рыбакоў, апісала саму падзею вызвалення і пачатак Вялікай Айчыннай.
Соф’я Макаранка, навучэнка другога курса Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў у сваім сачыненні прывяла цікавую метафару айчыннай гісторыі. Студэнтка параўнала яе з… трактарам. Легендарныя трактары “Капітан” прывязлі ў Давыд-Гарадоцкія калгасы, а калі пачалася вайна, мясцовы вартаўнік разабраў іх і схаваў, каб яны не дасталіся ворагу. Пасля вайны трактары сабралі і зноў працавалі на іх. “Таксама і наша краіна, разбіралася і збіралася па частках, але не сыходзіла ў нябыт, а, сабраўшыся ў адзінае цэлае, працавала суладным механізмам, не ламаючыся, старанна пракладваючы шлях да светлага і новага”, — піша Соф’я”.
Даволі трапна напісала пра Дзень народнага адзінства Дар’я Кузьміна, вучаніца другога курса спецыяльнасці “дызайн” Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава: “Асноўная задача гэтага свята — аб’яднанне людзей рознага паходжання, статусу і веравызнання для дасягнення агульнай мэты — росквіту і бесперапыннага культурнага развіцця. Свята толькі тады зможа здабыць рэальны сэнс, калі людзі зразумеюць, што нельга нікому дазваляць рабіць замах на Радзіму, калі кожны ўсведамляе сваю адказнасць і прыналежнасць да аднаго народу. Гэты дзень мае не толькі гістарычны кантэкст, але і сучасны: адстаяць сваё народнае права і далей развівацца як незалежная і свабоднае, сучаснае інтэлектуальнае грамадства”.
Адзначу, што студэнты пісалі і вершы, прысвечаныя Дню народнага адзінства. Дар’я Бугаец, выпускніца тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, параўнала ўтульны дом для асобнай сям’і з домам для сям’і агульнай — народа.
І напрыканцы гэтых вытрымак, якія зрабіла да Дня народнага адзінства моладзь устаноў адукацыі культуры, хочацца прывесці кавалачак з верша на роднай мове вучаніцы гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Настассі Торап:
Мы помнім прашчураў наказ:
“Жывіце ў міры, у згодзе!”
І гэта еднасць ужо не раз
Нас ратавала ў горы.
У нас адзіная душа,
І лёс наш непадзельны...
Залоціць ранняя зара
Зямлю легенд і спеваў.
Надзея, міласць і любоў —
Усё, што збераглі мы,
Табе, нашчадак, аддаём,
Каб быў ты век шчаслівы!