Вядзенне акаўнта бібліятэкі ў Інстаграме — гэта магчымасць рэалізаваць творчы патэнцыял для яе супрацоўнікаў, а таксама прыцягнуць патэнцыяльных чытачоў і карыстальнікаў, падтрымаць станоўчы імідж бібліятэкі ў насельніцтва ды й наогул папулярызаваць чытанне ў новым фармаце.
У сувязі з пандэміяй зносіны з чытачамі праз сацыяльныя сеткі сталі адным з важных напрамкаў у бібліятэчным жыцці. І, безумоўна, праца ў анлайн-рэжыме будзе працягвацца ўжо як неад’емная частка ўзаемадзеяння бібліятэкі з яе чытачамі.
ДАПАМАГАЮЦЬ АКАЎНТЫ
Бібліятэкары Азёрскай сельскай бібліятэкі (@bibliotekaozery) — Інэса Васілевіч, Скідзельскай гарадской бібліятэкі сямейнага чытання (@skdb_tut.by) — Маргарыта Кулінок, Свіслацкай сельскай бібліятэкі (@book_svisloch) — Улляна Сяўко, Раціцкай сельскай бібліятэкі (@ratichi_sb) — Юлія Яновіч, Путрышкаўскай сельскай бібліятэкі (@putrishki_biblioteka) — Алена Якусік стварылі акаўнты ў Інстаграме і актыўна вядуць працу са сваімі чытачамі. Гэтак жа не застаўся ўбаку інфармацыйна-бібліятэчны аддзел (@ibo.grodno), акаўнт якога вядзе аўтар гэтых радкоў. Рэкардсменам па колькасці фолавераў у Інстаграме (на дадзены момант іх налічваецца каля 1200) з’яўляецца Азёрская сельская бібліятэка. Сярод падпісчыкаў акаўнта бібліятэкі — Віктар Лісковіч, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Гродзенскай вобласці; Ірына Луканская, сябра Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве; Марына Ігнатовіч, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. Акаўнт быў створаны ў лістападзе 2019 года, а першую публікацыю Інэса Васілевіч зрабіла ў выглядзе фота сваёй бібліятэкі. У цяперашні час кожная яе публікацыя набірае ў сярэднім 100 падабаек, што з’яўляецца добрым паказчыкам для сельскай бібліятэкі.
ЗА ШТО СТАВЯЦЬ ПАДАБАЙКІ
Цікавыя факты, выставы, конкурсы Інэса Васілевіч для чытачоў захавала ў актуальных гісторыях, каб яны нічога не прапусцілі. Бібліятэкар таксама падрыхтавала для сваіх чытачоў бібліятэчны анлайн-праект “SEE BOOKS” (глядзіце кнігі), які дапаможа пазнаёміцца з экранізаванай літаратурай. Праект “SEE BOOKS” — гэта кадры з фільма “пераплеценыя” з цытатамі з кнігі.
Першы пост у Скідзельскай гарадской бібліятэцы сямейнага чытання з’явіўся ў пачатку ліпеня 2020 года, і на дадзены момант акаўнт налічвае 60 унікальных пастоў, якія сабралі звыш сямі тысяч пяціста падабаек. “Каб зацікавіць чытача, трэба зацікавіць сябе!” — кажа бібліятэкар Скідзельскай гарадской бібліятэкі сямейнага чытання Маргарыта Кулінок. На сённяшні дзень на акаўнт падпісалася больш за 900 фолавераў. У інстаграм-акаўнце Маргарыта звяртае асаблівую ўвагу на афармленне профілю і вядзе яго ў актуальным дызайне.
Ёсць цудоўная рубрыка “Кнігі для сямейнага чытання”. Акаўнт стаў папулярны не толькі сярод чытачоў бібліятэк, але і сярод аўтараў кніг. Так папулярная амерыканская пісьменніца Сара Джыо ставіць падабайкі на публікацыях, а Марына Сцяпнова напісала хвалебны каментарый пад фота з яе кнігай.
У КОЖНАГА — СВОЙ ПРОФІЛЬ
У ліпені 2019 года бібліятэкар Свіслацкай сельскай бібліятэкі Улляна Сяўко стварыла акаўнт у папулярнай сацыяльнай сетцы. Бібліятэкар вырашыла весці акаўнт бібліятэкі як спосаб віртуальных зносін з падпісчыкамі, якіх налічваецца больш за 180. Госці яе гісторый могуць паўдзельнічаць у анлайн-віктарынах, конкурсах і розных чэленджах.
Юлія Яновіч, бібліятэкар Раціцкай сельскай бібліятэкі, у чэрвені 2020 года дадала першую публікацыю ў фармаце відэа, якое прысвечана 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэтым профілі можна ўбачыць, як праходзяць мерапрыемствы ў бібліятэцы, анонсы акцый, выстаў. Бібліятэкар для сваіх падпісчыкаў (больш за 120) падзяліла актуальныя гісторыі па літаратурных жанрах, што дапамагае чытачам не толькі ўбачыць навінкі свайго любімага жанру, але і зацікавіцца іншым.
Самы “малады” акаўнт у Інстаграме ў бібліятэкара Путрышкаўскай сельскай бібліятэкі, створаны ў студзені гэтага года. У сваім профілі бібліятэкар надае асаблівую ўвагу мерапрыемствам і выставам. Дзякуючы яркім і маляўнічым публікацыям на акаўнт падпісалася ўжо больш за дзвесце падпісчыкаў.
У акаўнце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела можна ўбачыць усе мерапрыемствы, якія ладзяць бібліятэкі Гродзенскага раёна.
Адным словам работа, якая праводзіцца ў Інстаграме, заклікае людзей больш актыўна наведваць бібліятэкі, кантэнт на гэтай пляцоўцы ўспрымаецца мэтавай аўдыторыяй прасцей, ён зразумелы і блізкі карыстальнікам.
Карына ОШВА, галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай рабоце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра