— Упершыню такі конкурс плаката мы зладзілі ў 2013 годзе, — распавяла дырэктар гуманітарнага праекта “Адэскі брыз”, куратар конкурсу Аляксандра Лабанава. — Ён прайшоў тады ў Адэсе. Наступныя спаборніцтвы праводзіліся ў Іркуцку, Кішынёве, бо штораз мы далучаемся да якога-небудзь тэатральнага форуму, і гэта, спадзяюся, ідзе ўсім на карысць: наш конкурс папулярызуецца ў новай краіне, сярод калектываў — удзельнікаў буйнога форуму, а самі тэатры, да ўсяго, пачынаюць больш клапаціцца пра сваю рэкламную прадукцыю. Першы тур конкурсу ладзіцца анлайн, дасланыя плакаты мы змяшчаем на сваім сайце. Сёлета, да прыкладу, было атрымана ажно 650 творчых прац з 53-х краін свету. На другі тур, які пройдзе ў Брэсце, былі адабраны 72 плакаты.
Мы шукалі найбольш прыдатную форму правядзення спаборніцтва і вызначэння пераможцаў і з цягам часу прыйшлі да неабходнасці мець некалькі розных складаў журы. У адно з іх, зразумела, уваходзяць знаныя мастакі і дызайнеры. А ў другое, што ўпершыню ўзнікла на трэцім такім конкурсе, — тэатральныя крытыкі, тэатразнаўцы, члены экспертнага савета таго фестывалю, да якога мы далучаемся. Абодва журы працуюць цалкам адасоблена, не падглядаюць вынікі адзін аднаго. І, што самае цікавае, вызначаюць розных пераможцаў! Бо, акрамя дасягненняў у жывапісе і графіцы, якім надаюць увагу мастакі і дызайнеры, тэатральныя дзеячы больш глыбока ўнікаюць у тое, наколькі той ці іншы плакат адлюстроўвае сэнс і самога спектакля. Так, напрыклад, на другім конкурсе мастакі практычна пракінулі плакат з Японіі — “Старшы сын” паводле Аляксандра Вампілава: ацанілі шматслойнасць выявы, і не больш. А вось тэатразнаўцы адразу вылучылі яго за багатую інтэртэкстуальнасць, намёкі на вобразны змест і шматлікія ранейшыя ўвасабленні — ажно да савецкай тэлестужкі з Яўгенам Лявонавым. І прысудзілі Спецыяльны прыз тэатральных крытыкаў. Тады і ўзнікла думка скласці асобнае тэатральнае журы.
Глядацкіх журы на конкурсе таксама два. Адно працуе анлайн цягам усіх фестывальных дзён: усе жадаючыя, пачынаючы з дня адкрыцця “Белай Вежы”, змогуць прагаласаваць за найбольш цікавыя, на іх погляд, плакаты. Яшчэ аднаго пераможцу вызначаць непасрэдныя гледачы фестывальных спектакляў: выстаўка плакатаў, што прайшлі ў фінальны тур, змесціцца ў фае Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, і наведвальнікі змогуць аддаць свой голас, убачыўшы гэтыя творчыя працы жыўцом.
На жаль, гаспадары фестывалю з Брэста ў конкурсе не ўдзельнічаюць: прыём заявак скончыўся яшчэ ў леташнім студзені, але з-за пандэміі фінальны тур тады не адбыўся і быў перанесены на цяперашні тэатральны форум. Затое, спадзяюся, беларускіх удзельнікаў паболее на наступным конкурсе тэатральнага плаката, бо ў цяперашнім творчым спаборніцтве бярэ ўдзел мастак Юрый Тарэеў з Мінска — і адразу дзве яго працы прайшлі ў другі тур: плакаты да “Фядоры” Сафокла і “Караля Ліра” Шэкспіра.