Галоўнымі падзеямі першага дня сталі святочная цырымонія адкрыцця фестывалю “Залаты баль”, конкурсныя выступленні ўдзельнікаў па намінацыях: харэаграфічнае мастацтва (народна-сцэнічны, эстрадны танец), вакальнае мастацтва (народныя, эстрадныя спевы), выяўленчае мастацтва (жывапіс, графіка) у трох узроставых группах: малодшая (9 — 12 гадоў), сярэдняя (13 — 15 гадоў) і старэйшая (16 — 18 гадоў). Для ўдзельнікаў жанру “Выяўленчае мастацтва” адбыўся выязны пленэр-конкурс, у якім удзельнічала каля 40 юных мастакоў. Тэма пленэру — “Які цудоўны гэты свет”.
Журы ўзначаліў Алег Елісеенкаў — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кампазітар і выканаўца, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
На творчай пляцоўцы “Беларуская казка”, арганізаванай установамі культуры Магілёўскай вобласці, ладзілася выстава-продаж сувеніраў, майстар-класы, гульнявыя праграмы па беларускіх народных казках з удзелам Бабруйскага, Быхаўскага, Горацкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Мсціслаўскага, Хоцімскага раёнаў. Дзейнічала і пляцоўка “Бяспечнае дзяцінства” Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь.
У другі дзень фестывалю на пляцоўцы “Кантакт-праект” прайшла прэзентацыя выставачных экспазіцый 12 устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацый. Падоўжыла работу тэматычная пляцоўка “Беларуская казка”, дзе сваімі творчымі знаходкамі падзяліліся артысты з Кіраўскага, Клімавіцкага, Крычаўскага, Круглянскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Чавускага, Шклоўскага раёнаў.
Па выніках конкурсных праслухоўванняў Дыпломамі Гран-пры былі ўдастоены:
у намінацыі “Вакальнае мастацтва” — Арына Пехцерава, салістка прадзюсарскага цэнтра “Анёлы дабра” г. Магілёва; квартэт узорнай эстраднай студыі “Планета KIDS” Палаца культуры вобласці, г. Магілёў;
у намінацыі “Харэаграфічнае мастацтва” — харэаграфічны гурт “Непаседы” ўзорнага ансамбля эстрадна-спартыўнага танца “Серпантын” Муніцыпальнай установы “Палац культуры гарадской акругі Навашынскі” г.Навашына, Ніжагародская вобласць, Расійская Федэрацыя;
у намінацыі “Выяўленчае мастацтва” — Максім Саханчук, навучэнец дзяржаўнай установы адукацыі “Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў”.
Трэці дзень фестывалю быў не менш насычаны. У амфітэатры прайшла канцэртная праграма Магілёўскай гарадской капэлы “Краскі дзяцінства”, адбыўся маладзёжны марафон “Будучыня за намі”. Сярод удзельніц з г. Клімавічы ў гэты дзень выбралі “Міс “Залатая пчолка”. Працавала прэзентацыйна выставачна-гандлёвая пляцоўка “Клімавічы запрашаюць” з дэманстрацыяй дасягненняў раёна ў розных сферах, прэзентацыяй прадпрыемстваў, турыстычнай сферы
Крысціна БАШАРЫМАВА,
вядучы рэдактар Магілёўскага
абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы