Беларусь была прадстаўлена творамі пераможцаў і прызёраў IV нацыянальнага Трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; работамі мінскага клуба “Валошка”, сяброў якога аб’ядноўвае цікавасць да тэкстыльнай мазаікі (іншая назва “пэчворк”), узорамі віцебскай школы тэкстылю і аб’ёмнымі кампазіцыямі, так званай тканай скульптурай, мастакоў мінскіх. Тут жа і ўжо вядомая па іншых выставах калекцыя гістарычных касцюмаў беларускай (ліцвінскай) шляхты “Барбара” і кампазіцыі на аснове слуцкіх паясоў, зробленыя Ларысай Шылак і Вольгай Матусевіч.
Расійская традыцыя прэзентаваная творамі мастачкі Наталлі Касьяноўскай. Вядомыя казахскія майстры Малік Муканаў і Баўыржан Дасжанаў у экспазіцыі выставы глядзеліся як праваднікі па лабірынтах нацыянальнай міфалогіі.
Выстава ўвогуле пакінула добрае ўражанне. Няма сумневу, што аўтары работ да справы сваёй ставяцца сур’ёзна і гледача, які знайшоў час для сустрэчы з іхняй творчасцю, шануюць. Але пасколькі дасканаласць не мае мяжы, выкажу некаторыя думкі на перспектыву.
Букет — гэта не проста кветкі, перавязаныя прыгожай стужкай. Палявыя кветкі і элітныя ружы прыгожыя паасобку. Але ці варта спалучаць у адной кампазіцыі чыннікі розных эстэтычных сістэм? Лічыцца, што тэкстыльная мазаіка — амерыканскае вынаходніцтва. Так упрыгожвалі свой побыт хатнія гаспадыні на раннім, у матэрыяльным сэнсе адносна небагатым, этапе гісторыі Злучаных Штатаў. Лічы, народная творчасць, якая ў сваіх варыяцыях была і ёсць не толькі за акіянам.
Ад прафесіяналаў я чуў, што ў тэкстыльнай мазаіцы вельмі хісткая мяжа паміж прафесіяналізмам і дылетантызмам. Каб атрымаўся твор мастацтва, а не проста велізарных памераў прыгожая сурвэтка, недастаткова засвоіць пэўныя тэхналогіі і мець элементарны густ. Яно, дарэчы, і паўсюль так. Але чым больш даступная тая ці іншая тэхніка, тым большая небяспека размывання крытэрыяў ацэнкі выніковай працы.
На маю думку, шляхетныя касцюмы калекцыі “Барбара” і пэчворк (хай нават і досыць эфектны) у адной экспазіцыі — гэта валошкі і ружы ў адным букеце. Ёсць, праўда, мастацтва ікебаны, дзе разнапланавыя чыннікі існуюць у эстэтычнай згодзе. Але ікебана — гэта не механічнае спалучэнне розных аб’ектаў, а канцэптуальная пабудова на аснове філасофскай мадэлі Сусвету. Не варта, канешне ж, ад кожнай зменнай экспазіцыі патрабаваць філасофскай глыбіні, але да гармоніі трэба імкнуцца заўжды. Альбо свядома ствараць эффектны дысананс. Але ў любым выпадку працы над канцэпцыяй не абмінеш…