На семінар-практыкум былі запрошаны не толькі кіраўнікі фальклорных калектываў, спецыялісты аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў, біблятэкары, але і маладыя перспектыўныя людзі, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў, а таксама — актывісты аматарскіх аб’яднанняў для старэйшага пакалення.
Цэнтр па даследаванні традыцыі
У першую чаргу гаворка ішла пра неабходнасць арганізацыі работы Школы фалькларыстаў, адкрыццё якой якраз і прымеркавалі на дзень семінара. Новае ўтварэнне павінна стаць своеасаблівым цэнтрам фальклору ў раёне, а яго супрацоўнікі (не толькі работнікі культуры ў галіне народнай творчасці, але і проста актывісты, якія цікавяцца народнай творчасцю) будуць планамерна і мэтанакіравана весці працу па даследаванні традыцыйнай культуры краю, распаўсюджванні рэгіянальнага мастацтва ў розных яго формах.
Прэзентацыя “Развіццё работы этнаграфічных музеяў, музейных пакояў, экспазіцый і выстаў як сродак захавання лакальных культурных традыцый” была скіравана на тое, што сёлета музеі і музейныя экспазіцыі ў аграгарадках Індура, Адэльск, Абухава, гарадскім пасёлку Сапоцкін і ў вёсцы Зарачанка прыступяць да рэалізацыі новага праекта “Музей і дзеці”. Задача яго — адраджэнне нацыянальнай аўтэнтычнай культуры і традыцый. І першым мерапрыемствам стане арганізацыя “Школы батлейкі” ў Індурскім цэнтры культуры, дзе размешчаны Музеі лялькі.
Калі лялька — у пашане
Зраблю невялічкі адступ, каб нагадаць чытачу, што ў раёне калісьці ўзнікла тэндэнцыя да стварэння пры клубных установах арыгінальных музеяў. На сёння ў вёсцы Зарачанка, да прыкладу, існуюць экспазіцыі беларускага ручніка і ваеннай формы, у Сапоцкіне — музей пісанкі. А ў 2019 годзе ўзнікла музейная экспазіцыя ў Індуры.
Чаму менавіта лялькі? Усё тлумачыцца проста. Майстар Ірына Рынкевіч разам са сваімі гурткоўцамі вырабляла традыцыйныя лялькі-абярэгі. Выкарыстоўвалася пры гэтым салома, а кожная фігурка была апранута ў нацыянальны касцюм. І калі дыскатэкі перасталі быць запатрабаванымі, у раёне вырашылі стварыць у танцавальнай зале музей лялькі. Іх збіралі ўсёй раённай грамадой. Цяпер у экспазіцыі — каля 300 музейных прадметаў.
Семінар прыйшоў ды высновы: інтэрактыўнасці музею надасць Школа батлейкі.
Батлеечная адукацыя
Натуральна, што дзяцей і моладзь трэба далучаць да захавання і вывучэння аўтэнтычнага фальклору і народных традыцый, паколькі духоўна-культурная пераемнасць вельмі важная для фармавання гарманічна развітай і адказнай асобы.
Народныя каляндарныя абрады, якія адлюстроўваюць тысячагадовыя ўяўленні нашых продкаў пра навакольны свет — гэта свайго роду духоўны падмурак, сховішча каштоўнасных арыенціраў, і работнікі культуры павінны выкарыстоўваць адукацыйны і выхаваўчы патэнцыял мясцовай культурнай спадчыны ў працы з падрастаючым пакаленнем.
Вывучэнне гісторыі батлейкі, яе рэпертуару — таксама дзейсны сродак усведамлення беларускай традыцыі.
Гара надзей і не толькі
Якія ж ёсць у раёне сакральныя язычніцкія і хрысціянскія месцы, а ў сувязі з гэтым — традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы? Для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, мы наведалі аграгарадок Капцёўку.
Загадчык мясцовага цэнтра культуры Эльвіра Чыжанкова разам з ксёндзам Міхалам Ластоўскім запрасілі ўдзельнікаў семінара ў касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі з цудадзейнай іконай Божай Маці Яснагурскай, расказалі пра “гару надзей” — другое па велічыні ўзвышша ў Гродзенскім раёне, і алею памяці з магільных камянёў.
Прадоўжыла экскурс па гісторыі Капцёўкі супрацоўніца мясцовай бібліятэкі Алла Варанко, якая адзначыла, што пошук краязнаўчай інфармацыі — няпростая справа, таму што асноўнай яе крыніцай з’яўляюцца ўспаміны старажылаў, запісы ў архівах мясцовых школ і бібліятэк. Большасць жа матэрыялаў і сур’ёзных навуковых даследаванняў знаходзяцца ў фондах Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі і архівах Польшчы, да якіх не заўсёды ёсць доступ.
Зрабі шпакоўню
Заглыбіцца ў атмасферу народнай песеннай і танцавальнай культуры ўдзельнікі семінара змаглі падчас этнавандроўкі ў глыбінку, у вёску Жытомля, дзе змаглі паўдзельнічаць у “Гуканні вясны”. У рамках творчай майстэрні “Жывая традыцыя” ад народнага фальклорнага гурта “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці ды народнага тэатра народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору ўдзельнікі семінара, жыхары і госці невялікай вёскі навучыліся выконваць гукальныя абрадавыя песні і карагоды, прынялі ўдзел у інтэрактыўных майстар-класах па традыцыйных беларускіх веснавых гульнях, побытавых танцах.
Лепшыя гаспадыні-кухаркі раёна Ірына Стральчэня з Абухава, Лілія Розмысла і Галіна Міклашэвіч з Жытомля напяклі такую колькасць “жавароначкаў” і бліноў, што хапіла ўсім прысутным.
Новенькія рознакаляровыя шпакоўні, якія зрабілі бібліятэкары раёна і чытачы ў рамках эколага-літаратурнай акцыі, развесілі ў парку Жытомлі.
Прысутныя не толькі спявалі “вяснянкі”, вадзілі карагоды, забаўляліся гульнямі, але і займелі папяровыя і саламяныя птушкі-вяснянкі, вясновыя паштоўкі, лялькі-абярэгі, якія зрабілі ў творчай майстэрні адзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў.
Расклад на заўтра
А вынікам вандроўкі-рэпартажу стане выпуск невялікага відэароліка.
Па народным звычаі, ад таго, як сустрэнеш вясну, залежыць дабрабыт хатняй гаспадаркі. Падчас семінару было ўрачыста, весела і шумна, значыць багацце, дабрабыт і шчасце Школе фальклору забяспечаны.
Як вы зразумелі, фальклорная школа прывязана да нашага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра фармальна. Я супраць доўгіх пасяджэнняў. Я — за выезды, экспедыцыі, за практычнае абагульненне досведу. У бліжэйшай перспектыве — наведванне Сапоцкіна падчас Вялікдня, потым — візіт у Азёры. І ў віры нашых агульных спраў будуць знаходзіцца не толькі клубнікі, але і бібліятэкары і, самае галоўнае, — людзі сталага веку, якія любяць спяваць, танцаваць, ведаюць рамёствы і памятаюць сівыя легенды нашага краю. І эфектыўнасць папулярызацыі фальклору — у аб’яднанні нашых намаганняў.
Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст па рабоце ў галіне традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра