Творы расійскага кампазітара добра вядомыя прыхільнікам Музычнага тэатра. У бягучым рэпертуары ідуць яе балет “Клеапатра” і дзіцячы мюзікл “Прыгоды Кая і Герды (Снежная каралева)”. Цікава, што рэжысіраваць новы спектакль будзе дачка спадарыні Шайдулавай Настасся Сілаева. Для выпускніцы ГИТИСа мінская Папялушка з’яўляецца дыпломным праектам.
— У нас з мамай гэта не першы творчы тандэм. Я яшчэ спрабую сябе ў якасці кінарэжысёра. Да маёй апошняй карціны музыку напісала таксама яна. Што тычыцца “Чароўнага сна Папялушкі”, то ў Мінску адбудзецца першае сцэнічнае ўвасабленне гэтай музыкі. На падрыхтоўку спектакля нам было адведзена не так шмат часу: першыя рэпетыцыі пачаліся ў снежні. Шчыра кажучы, я хвалявалася, што буду працаваць з такімі прафесіяналамі, як артысты беларускага Музычнага, аднак рэпетыцыі праходзілі ў надзвычай прыязнай атмасферы, — распавяла пра творчую “кухню” спадарыня Сілаева.
Дыплом на “Чароўным сне” абараняе яшчэ адна выпускніца — на гэты раз айчыннай Акадэміі музыкі. Другой рухальнай сілай мюзікла выступіла харэограф-пастаноўшчык Ганна Пажарыцкая, якая заканчвае клас Наталлі Фурман. Мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч прыкмеціў спадарыню Ганну на творчым праекце Музычнага “Залаты россып аперэты” і запрасіў паспрабаваць сябе ў паўнавартаснай пастаноўцы.
— Харэаграфія пабудавана на аснове класічнага танца. Праца была вельмі нялёгкай, але надзвычай цікавай. Некаторыя мае ідэі падхоплівала рэжысёр. Так у феі з’явілася танцуючая світа, якая суправаджае яе на працягу ўсяго дзеяння і падтрымлівае чарадзейства, — дадала спадарыня Пажарыцкая.
Па словах вакальнага кіраўніка Святланы Пятровай, мюзікл у першую чаргу прывабіць сваёй музычнай драматургіяй. Галоўныя партыі будуць выконваць маладыя акцёры Марыя Швядко, Наталля Чабёлка, Яўген Далідовіч, Дзмітрый Маціеўскі. Адам Мурзіч спадзяецца, што новы спектакль стане для тэатра брэндавым.