Творчае спаборніцтва, арганізаванае сёлета каналам “Культура”, было скіравана на пошук новых драматургаў і тэм для айчыннага радыётэатра. Ягор Конеў супрацоўнічае з Беларускім радыё не першы раз. Летась па п’есе гэтага аўтара была запісана аўдыёпастаноўка “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы”. У новай рабоце драматург уздымае адвечныя тэмы шчырасці, адданасці, кахання, саперніцтва і ўплыву творчасці.
Галоўныя ролі агучылі народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч і маладая актрыса Ірына Цвяткова, для якой гэта дэбют у радыётэатры. Упершыню прагучаць у эфіры і галасы Паўла Паўлюця, Вікторыі Кадравай і Аляксандра Тарасава. У спектаклі таксама задзейнічаны акцёры Святлана Цімохіна, Андрэй Кавальчук, Уладзімір Трапянок.
Рэжысёр пастаноўкі — Ліка Пташук. Яна працавала ў камандзе з гукарэжысёрамі Валерыем Бяляевым і Сяргеем Бутоўскім. Музыку да спектакля напісала кампазітар Вольга Падгайская. У запісе музычнага матэрыялу для прэм’еры браў удзел сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі на чале з дырыжорам Уладзімірам Авадком.