Пра традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў у аграгарадку Пагародна распавяла метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Янкелайць. У гэтым паселішчы жыве народны майстар Рэспублікі Беларусь Станіслава Міхно, якая перадае сваё ўмельства наступным пакаленням майстроў.
Адна з гэтых пераемніц, хормайстар Пагародненскага цэнтра культуры і народнай творчасці Анжэла Ладыш, прачытала міні-лекцыю, прысвечаную асноўным узораўтваральным тэхнікам ткацтва. Як выявілася, гэта цэлая навука, і хіба спецыяліст можа адрозніць, скажам, двухслойнае ткацтва з паліхромнымі ўтковымі палосамі ад двухбаковага перабору на дзвюх нітах з адной прыціскной ніткай і двума кантраснымі па колеры ўткамі.
Тым не менш, ахвотныя гэтую навуку спасцігнуць, на шчасце, знаходзяцца. Сёння ў Пагародне — трое носьбітаў мясцовай тэхнікі, а таксама дзевяць пераемнікаў, працуе школа ткацтва. Як адзначылі падчас дыскусіі члены рады, вельмі важна, што ў той вёсцы не проста жывуць асобныя майстры, якія валодаюць тэхнікай ткацтва, але існуе супольнасць, якая захоўвае гэтую традыцыю — а на сёння тое для Беларусі з’ява вельмі рэдкая. Хаця яшчэ паўстагоддзя таму такіх вёсак у Панямонні было багата.
Гэта не першая ў Беларусі мясцовая традыцыя ткацтва, якая атрымае статус элемента нематэрыяльнай спадчыны. У Дзяржспіс ужо ўключаны белаўзорыстае ткацтва Панямоння, ткацтва падвойных дываноў у вёсках Гудзевічы Мастоўскага раёна і Падбела Камянецкага раёна і гэтак далей. Але посцілкі і дываны з Пагародна — усё ж адметныя. І перадусім яны вабяць вока разнастайнасцю колераў і кампазіцый узораў.
Гэта адзначыла і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірына Мазюк, якая выступіла на пасяджэнні ў якасці эксперта. На яе думку, асаблівасці ўзораў на посцілках і дыванах з Воранаўшчыны падкрэсліваюць іх сувязь з балцкай мастацкай традыцыяй.
Варта адзначыць, што незадоўга да гэтага пасяджэння Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады яе склад быў істотна зменены і пашыраны. Новы старшыня рады, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Шарамецьеў падкрэсліў: чым больш упэўненай і адкрытай будзе пазіцыя рады, тым большай будзе яе грамадская вага. Таксама было адзначана, што неабходна развіваць працу на міжнародным узроўні і рабіць прапановы для ўнясення аб’ектаў нашай краіны ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO.
Звяртаючыся да работнікаў культуры Воранаўшчыны, старшыня рады заклікаў іх актыўна ўдзельнічаць у захаванні, распаўсюджванні і папулярызацыі элементаў нематэрыяльнай спадчыны. І ахвотна верыцца, што гэты заклік пачуты. Як адзначыла Анжэла Ладыш, трэба імкнуцца да таго, каб тэхнікі ткацтва каляровых узорных посцілак з Пагародна зрабіліся брэндам Воранаўшчыны, ды і ўсёй Беларусі.