Летась пастаноўку французская публіка ўжо бачыла на адным з самых вядомых у свеце фестываляў тэатральнага мастацтва ў Авіньёне ў пазаконкурснай праграме. Вынік — прыз тэатральнай асацыяцыі Tournesol. Акрамя прэстыжнай узнагароды, беларусы атрымалі захопленыя водгукі прэсы. Прынамсі, газета Vaucluse і інтэрнэт-партал ledauphine.com назвалі спектакль “Гэта ўсё яна” самародкам сярод пастановак і акцёрскіх работ фестывалю і дадалі: “Ад талента Людмілы Сідаркевіч і Дзмітрыя Давідовіча захоплівае дух. Глыбока ўзрушваюць энергія і натуральныя эмоцыі акцёраў, якія яны перадаюць у залу. Рыхтуйцеся атрымаць удар у самае сэрца ад гэтай незабыўнай п’есы”.
Выступленне калектыву ў Парыжы арганізавала франка-беларуская тэатральная асацыяцыя Demain Le Printemps пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі. У глядзельнай зале можна было сустрэць прадстаўнікоў Парламента і Міністэрства замежных спраў Францыі, сакратарыята UNESCO, дыпламатычнага корпуса.
Нагадаем, што апошнім часам франка-беларускія сувязі заўважна актывізаваліся — на гастролях у Францыі пабывалі калектывы Вялікага тэатра Беларусі, Купалаўскага тэатра, тэатра-студыі кінаакцёра, а таксама Балетная школа Марыны Вежнавец і іншыя.