У мяне не было асаблівай мэты з’ехаць у іншую краіну. Мне проста карцела знайсці сваю тэму. Праз навучанне ў Польшчы я суцвердзілася ў тым, што ў Беларусі — мая душа і людзі, менавіта пра гэты край я магу і хачу здымаць. І тэму яе знайшла. Праз кантакты з майстрамі, з калегамі і праз тое, што за мяжой, застаўшыся сам-насам з сабой, мне стала зразумела, хто я, куды можна рухацца.
Хто сёння мае героі? Напрыклад, у стужцы “Месца кахання”, якую я цяпер завяршаю, — гэта наведвальнікі сацыяльнага цэнтра для людзей з інваліднасцю. Я год здымала ўзаемастасункі паміж імі ў цэнтры, і гэта было тое асяроддзе, дзе яны шчыра праяўлялі сябе. Рэўнасць, любоў, сапраўдныя бойкі з-за кахання... У гэтых дзяўчатах і хлопцах я ўбачыла персанажаў сусветнай класікі! І адначасова — такую мудрасць, якой можна толькі павучыцца, якая проста абяззбройвае! Праз гэтых герояў я зразумела, што хачу даследаваць любоў — ва ўсіх яе праявах.
Калі знайшла сваю тэму, зразумела, што мне патрэбна каманда, якая будзе падзяляць мае погляды. Сёння я працую разам з Машай Ягоравай, якая дапамагае мне пры здымках і выступае маім гукарэжысёрам і прадзюсарам. Я і рэжысёр, і аператар, і мантажор. Канешне, хацелася б, каб у нашу каманду ўліліся новыя людзі, але для вытворчасці кіно гэтага і не трэба. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, многія працэсы сталі больш даступнымі — і гэта, безумоўна, перавага.
Цяпер мы актыўна працуем над стужкай “Выхаванне Арцёма” — пра сірату, у якога ёсць аднарукі апякун. Ён хоча выхаваць з хлопчыка сапраўднага чалавека — і адначасова сам сталее. Менавіта на распрацоўку праекта пра Арцёма нам удалося выйграць грант ад Міжнароднага кінафестывалю дакументальнага кіно ў Амстэрдаме, які лічыцца ў сваёй сферы не менш прэстыжным за Канскі. Гэта было вельмі нечакана і прыемна, бо дазволіла мне адчуць, што я з’яўляюся часткай сусветнай індустрыі — на першы погляд ад нас далёкай.
Трэба разумець: калі ты рэжысёр — у цябе ўнутры ўвесь час мусіць працаваць рухавік. Ты павінен распавядаць пра герояў, зараджаць прадзюсараў і агентаў сваёй ідэяй, дамаўляцца з афіцыйнымі структурамі… Інакш анічога не атрымаецца.
У часы юнацтва, калі я прыходзіла знаёміцца з дарослымі героямі, якіх планавала задзейнічаць у маім кіно, яны глядзелі на мяне як на дзяўчынку. Сёння я разумею, што тады такому стаўленню спрыяла і мая асабістая няўпэўненасць: сама не разумела, чаго мне трэба. Цяпер усведамляю, хто я ёсць і што мне цікава. А тое, што я не рэжысёр, а менавіта рэжысёрка, лічу ўласнай перавагай. Бо часам эмпатыя і шчырасць могуць спрацаваць лепш за стальную руку.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
Каментарыі: