На святкаванні Цэнтр, музей, смілавіцкую грамаду віталі старшыня праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка, прадстаўнікі дыпламатычных місій Еўрасаюза, Германіі, Францыі, Літвы, мясцовай і абласной улады, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускага камітэту ICOMOS, грамадскіх арганізацый і прыватных структур. У іх выступленнях адзначалася, што Беларусь як краіна, што знаходзіцца на важным геапалітычным скрыжаванні, адвеку была прасторай культурнага супрацоўніцтва розных этнічных груп і канфесій. Творчыя канцэпцыі, народжаныя тут, потым заваёўвалі Еўропу і свет. Творчасць Хаіма Суціна — яскравы прыклад плённага ўплыву беларускай ментальнасці на еўрапейскі культурны працэс.
Госці Смілавіч азнаёміліся са справаздачнай выставай мастацкіх работ навучэнцаў арт-цэнтра “Вулей” “Хаім Суцін. Спадчына…” Найлепшыя творы выставы кампетэнтнае журы адзначыла граматамі і прызамі. Адбыўся прагляд відэафільма пра гісторыю музея. Адчуць атмасферу беларускіх мястэчак на памежжы ХІХ і ХХ стагоддзяў дазволіла тэатралізаваная дзея “Героі суцінскіх партрэтаў”.
Дзякуючы музею, праз Смілавічы праходзяць турыстычныя маршруты. За год прыблізна дзве тысячы гасцей наведваюць гарадскі пасёлак як радзіму выбітнага мастака, які здолеў сцвердзіцца ў Парыжы. Развіваецца і сам музей. У ім з’явілася трэцяя зала, прысвечаная жыццю і творчасці Шрагі Царфіна — ураджэнца Смілавіч, які прыдбаў славу мастака ў Францыі.
За дзесяць гадоў існавання музей наведвалі людзі культуры і мастацтва, дыпламаты, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. Але галоўнай аўдыторыяй “Прасторы Хаіма Суціна” застаюцца дзеці і моладзь. Праз усведамленне выяўленчых кодаў Суціна моладзь даведваецца, што рэалізм бывае розным, што мастак — гэта чалавек з аголенымі нервамі, што варта добра падумаць, перш чым абраць творчасць прафесійнай сферай. У гэтым сэнсе “Прастора Хаіма Суціна” — не толькі мемарыяльны музей, але і клас школы жыцця.