Як распавяла на прэзентацыі выдання дырэктар фонду Іна Прылежаева, атлас крэпасці Брэст-Літоўск “Том 3. Фартовы перыяд” з’яўляецца плёнам амаль трохгадовай працы міжнароднага калектыву даследчыкаў. Асноўнае пытанне, якое паўстала перад групай апантаных знакавым месцам у айчыннай гісторыі і дапамагло ім усім згуртавацца — захаванне і папулярызацыя брэсцкай спадчыны.
— Якія праекты нам дапамогуць захаваць спадчыну крэпасці? Як вакол іх аб’яднаць грамадскія рэсурсы? Такія пытанні паўсталі перад заснавальнікамі фонду яшчэ ў 2015 годзе, — патлумачыла дырэктар.
Шырокаму колу Брэсцкая крэпасць больш знаёмая па сумных падзеях часоў Другой сусветнай вайны, але мае яна слаўныя старонкі ў сваёй гісторыі і ў ранейшыя перыяды. І не толькі слаўныя — для яе стварэння, як вядома, расійскімі ўладамі быў знішчаны старажытны горад, на месцы якога і ўзведзены абарончы комплекс. Праявіў ён сябе і за часамі І Сусветнай вайны, важнае значэнне яму надавалася і ў міжваеннай Польшчы. Такім чынам, як заяўляюць арганізатары праекта, атлас зможа адказаць на цэлы шэраг пытанняў.
— Напрыклад, з якой мэтай фартэцыя пабудаваная? Больш за тое, — працягвае Іна Прылежаева, — у даследаванні таксама раскрытыя этапы яе гістарычнага існавання і прадэманстраваныя як зніклыя, так і захаваныя фрагменты крэпасці, распаведзена пра іх сённяшняе жыццё.
У выніку працы ў 2017 годзе быў падрыхтаваны і выдадзены даволі змястоўны фаліянт. Прычым вырашылі пачаць з канца і першым надрукавалі трэці том трохтомніка. Зрэшты, як мяркуецца, ён не стане апошнім, бо ў часе работы даследчыкі прыйшлі да разумення, што трыма кнігамі не абысціся і ўжо запланаваная чацвёртая.
Як патлумачыў навуковы кіраўнік даследчага праекта і адначасова — аўтар-укладальнік атласу Уладзімір Арлоў, эксперт фонду па гісторыка-культурных даследаваннях і кіраўнік фонду вайсковай спадчыны Літвы з горада Каўнаса, падчас правядзення навуковых вышукаў было прааналізавана блізу тысячы архіўных спраў па тэме ў архівах розных краін, у тым ліку значная частка іх — у не так даўно адкрытых для навукоўцаў ваенных архівах Расійскай Федэрацыі. Геаграфія даследавання сягнула ад суседняй Польшчы да далёкага Уладзівастоку.
Навуковы кансультант праекта загадчык філіяла “Музей V форт” Брэсцкай крэпасці Аляксандр Каркатадзэ адзначыў, што шмат якія з гэтых дакументаў да апошняга часу мелі грыф сакрэтнасці і былі недаступныя нават для даследчыкаў з самога музея Брэсцкай крэпасці. Дзякуючы выданню, тыя крыніцы былі не толькі ўведзеныя ў навуковы абарот, але і могуць цяпер паспрыяць далейшай музеефікацыі і самой крэпасці, і легчы ў аснову адукацыйнай работы, а таксама стаць чарговым штуршком у развіцці турыстычнага патэнцыялу рэгіёну.
Такім чынам, як быццам бы ўсім знаёмы помнік у выніку даследавання адкрыў свае новыя — раней невядомыя бакі. Зроблена гэта было ў прывабнай папулярнай форме прыгожа аформленага выдання, але пры гэтым — цалкам на грунце акадэмічных даследаванняў.