Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адзначаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за працу па факсімільным аднаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.
Сярод лаўрэатаў таксама Беларускі саюз жанчын, уганараваны за плённую працу па ўмацаванні інстытута сям’і, ахове мацярынства і дзяцінства, актыўную дабрачынную дзейнасць.
Калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Мікалая Аляксандрава атрымаў узнагароду за значны ўнёсак ва ўмацаванне ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.
Протаіерэй Віктар Перагудаў, настаяцель прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці ўганараваны за заслугі па арганізацыі сацыяльнай дапамогі дзецям-інвалідам і іншым катэгорыям грамадзян.
Муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч узнагароджаны за значны асабісты ўнёсак у захаванне духоўных каштоўнасцей і традыцый мусульман Беларусі.
Па выніках 2017 года таксама прысуджаны дзесяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Сярод іх — аўтарскі калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у складзе Паліны Амельяновіч, Канстанціна Касцючэнкі і Глеба Отчыка, адзначаны за рэалізацыю праекта комплекснага мастацкага афармлення храма ў гонар святых Космы і Даміяна ў аграгарадку Вішнева Мінскай вобласці.
За значны ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва, паспяховае правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, спецпрэміяй уганараваны Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.
Узнагароды за значны ўклад у захаванне гістарычнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і выданне кнігі-альбома “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў” удастоены намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Ягарэйчанка.
Калектыў Кастрычніцкага раённага дома рамёстваў атрымаў прэмію за значны ўнёсак у захаванне і папулярызацыю традыцыйных ткацкіх рамёстваў, актыўную выставачную дзейнасць.
Спецыяльная прэмія прысуджана калектыву “Мінскканцэрта” за рэалізацыю культурнага праекта ў рамках правядзення летняга музычна-турыстычнага сезона ў Верхнім горадзе.
Узнагароды ўдастоены калектыў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці за рэалізацыю праекта “Ад мінулага ды сучаснага”, прысвечанага адраджэнню ўнікальных тэхнік шматніткавага ткацтва Панямоння, і стварэнне калекцый традыцыйнага і сучаснага нацыянальнага адзення.
Калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адзначаны за рэалізацыю маштабных творчых праектаў “Талент краіны”, “Дакрананне”, “Велікодны фестываль”, накіраваных на развіццё здольнасцяў таленавітых дзяцей і моладзі.
Узнагароды таксама ўдастоены член Беларускага саюза мастакоў Валерый Славук — за значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай школы станковай і кніжнай графікі, правядзенне выставы “Планета Славук”, персанальных выстаў у Мінску і рэгіёнах Беларусі.
Сярод лаўрэатаў і аўтарскі калектыў галоўнай дырэкцыі “Агенцтва тэлевізійных навін” Белтэлерадыёкампаніі ў складзе Аляксандра Атрашэўскага, Антаніны Станкевіч і Руслана Туркова, адзначаны за стварэнне хранікальна-дакументальнага серыяла “Справа жыцця”.
Калектыў выдавецкага цэнтра “Марка” РУП “Белпошта” ўзнагароджаны за значны ўклад у захаванне духоўнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, стварэнне высокамастацкіх паштовых марак да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, іншых знамянальных падзей у гісторыі і культуры Беларусі.