мПрэс-служба беларускага Лідара зазначае, што ў спачуванні, у прыватнасці, адзначана: “Творчасць Ніла Гілевіча блізкая чытачам розных пакаленняў і па праву займае асаблівае месца ў айчыннай літаратуры. У яго паэзіі знайшлі адлюстраванне высокія маральныя ідэалы, любоў да Радзімы, павага да народа”. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што памяць пра Ніла Гілевіча як аб адным з яркіх майстроў слова захаваецца ў сэрцах прыхільнікаў беларускай літаратуры.
Калектыў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуе ў сувязі з вялікай стратай, якую панесла беларуская культура, — смерцю народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча ГІЛЕВІЧА, і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.
Калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” смуткуе з прычыны смерці народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча ГІЛЕВІЧА і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.
Калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” выказвае свае шчырыя спачуванні былому першаму намесніку дырэктара ўстановы, колішняму галоўнаму рэдактару часопіса “Мастацтва” Міколу Сымонавічу Гілю (Гілевічу) з прычыны смерці брата — народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча ГІЛЕВІЧА.
Гэта публікацыя вершаў Ніла Сымонавіча — унёсак ў вянок памяці сапраўды народнага Паэта нашай зямлі.
Жыта, сосны і валуны
Дзе па роднай зямлі ні крочыў —
Скрозь — ад Прыпяці да Дзвіны —
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.
Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сніў аб Радзіме сны —
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.
I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.
О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны —
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты — мой, я — твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы — як чароўны лек.
За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім —
Паклон, паклон табе, мой родны краю!
Ты — мой, я — твой: усюды і ва ўсім!
Iсцiна, адвечная, як свет:
Шчасце ходзiць толькi ў пары з горам.
За надзеяй — боль зняверу ўслед.
За пашанай — прынiжэння сорам.
За святлом знаходкi — горыч страты,
За агнём любвi — разлукi снег.
За абдымкамi — падножка здрады...
Iсцiна, адвечная, як свет.
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы — сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?
Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?
Што ў стагоддзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой, братка мой, братачка родны,
Адкажы — сам сабе адкажы!
Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.
Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як след:
Што пакінеш ты з поля ў налецце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў свет?
Ці паверыў, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы. Сам сабе адкажы!
Ты кажаш, я не ведаю вайны,
Што мне было тады гадоў замала.
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?
Чаму ж амаль не кожнае начы
Я прачынаюся, скаваны жахам?
Хачу ад смерці лютай уцячы —
I стрымгалоў бягу аўсом няжатым,
Паўзу бульбянішчам па баразне,
Да хмызняку куляюся па пожні,
Але ратунку мне няма і ў сне —
У вочы стрэл грыміць у міг апошні...
Спявайце, юныя паэты!
Спяліце ў бурах пачуцця
Неўтаймаваны боль планеты,
Непераможны крык жыцця!
Магчыма, вам якраз і здзейсніць
Дзядоў вялікіх запавет:
Узняцца так на крыллях песні,
Каб чуў і бачыў цэлы свет!
Назло прарокам самазваным,
Што глуха каркаць пачалі,
Спявайце спевам нечуваным
На мове любай вам зямлі!
Спявайце, помнячы нязменна:
Пакуль паэты будуць пець —
Не быць Радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў — не анямець!
Вы шуміце-шуміце нада мною, бярозы,
Калышыце-люляйце свой напеў векавы,
А я лягу-прылягу край гасцінца старога
На духмяным пракосе недаспелай травы.
А я лягу-прылягу край гасцінца старога
Галавой на пагорак, на высокі курган.
А стамлёныя рукі вольна ўшыркі раскіну,
А нагамі ў даліну, хай накрые туман.
Вы шуміце-шуміце нада мною, бярозы,
Асыпайце-мілуйце ціхай ласкай зямлю.
А я лягу-прылягу край гасцінца старога,
Я здарожыўся трохі, я хвілінку пасплю.
Вы шуміце-шуміце нада мною, бярозы,
Асыпайце-мілуйце ціхай ласкай зямлю.
А я лягу-прылягу край гасцінца старога
На духмяным пракосе недаспелай травы.
Я хаджу, закаханы у твае краявіды,
І шапчу, як прызнанне: о, мой край дарагі!
Зноў нясу табе ў споведзь і трывогі, і крыўды,
І надзеі, і ўцехі, і любоў, і грахі...
Пасля доўгіх расстанняў і далёкіх вандровак
Я вярнуся навекі ў засень клёнаў тваіх.
Толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве —
Як не дрэвам, хоць кветкай
прарасту для жывых.