Падчас канцэрта ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Ідэя твора належала вядомаму прафесару, харавому і фальклорнаму дзеячу Станіславу Дробышу і выспявала некалькі гадоў, ажыццявіўшыся ўжо пасля яго смерці. У сімфоніі былі сабраны і апрацаваны вясновыя песні розных рэгіёнаў Беларусі. Кампазітар зрабіў дзве рэдакцыі твора: з эстрадна-сімфанічны аркестрам і, пры яго адсутнасці, з камп’ютарнай аранжыроўкай. У ідэале, вядома, павінна быць цалкам жывое спеўна-інструментальна-танцавальнае дзеянне. На прэм’еры ж твор выконваўся без аркестра. Тым не менш, у такім спалучэнні “жывога” і “нежывога”, камп’ютарна-“віртуальнага”, таксама быў свой шарм, а галоўнае — філасофская думка, наўпрост звязаная з вясновым “ажываннем” усяго жывога, што ўзімку магло ўяўляцца памерлым.
Сімфонія рэкламавалася як унікальны зварот да стылю фольк-ф’южн. Пэўна, для прыцягнення публікі такі ракурс падачы твора быў цалкам апраўданым і ледзь не адзіна магчымым. Ды ўсё ж, на маю думку, больш важным у партытуры з’яўляецца ахоп розных вясновых святаў і абрадаў, падкрэслены самім аўтарам: закліканне, Юр’еў дзень, Вялікдзень, вясновыя карагоды, Троіца.
Адчуваецца, што кампазітар добра ведае спецыфіку хору, цудоўна валодае ўсімі яго магчымасцямі, выкарыстоўвае стэрэаэфекты (у тым ліку, праходы выканаўцаў па глядзельнай зале), а таксама ансамблі, сола (не толькі вакальныя, але і, да прыкладу, акарыны). Да фальклорнага матэрыялу далучаецца аўтарскі на народныя словы, у адным нумары спалучаецца па некалькі народных тэм, дзесьці фальклор яднаецца з гарадской танцавальнай культурай эпохі барока, дзесьці — з эстраднымі павевамі. Ды ўсё ж часцей фальклорныя інтанацыі становяцца натуральнай асновай для мінімалісцкіх кампазіцый, пакідаючы месца тэатралізацыі: тут і карагоды, і танец з галінкай вярбы, і валачобнікі з мехам прысмакаў, і пастаянныя прытанцоўванні, прытопванні-прыхлопванні, іншыя рухі спевакоў, наўпрост звязаныя з абрадавай дзейнасцю, выкананнем вясновага цыклу народных песень ва ўлонні прыроды.
Ды ўсё ж жанравае акрэсленне твора як сімфоніі здалося яшчэ адной рэкламнай “прыманкай”. Вядома, кампазітар не мог не клапаціцца пра драматургію, але непарыўная лінія развіцця адчувалася хіба ў пачатку. Праўда, у фінале кампазітар зноў “намякае” на лінію бетховенскага сімфанізму — амаль бетховенскім працяглым кадансаваннем. Можа, справа яшчэ ў працягласці цыклу — больш за гадзіну? Бо калі на такім часавым адрэзку кожная наступная тэма не менш важная за папярэднюю, дык іх чаргаванне, што называецца, мільгаціць у вачах. І ў выніку зліваецца ў адну “карцінку”. Нягледзячы на разнастайныя спосабы арганізацыі матэрыялу, уключаючы лейтматывы, музычная форма ў пэўны момант пачынае ўспрымацца як кантрасна-састаўная, а не заснаваная на сімфанічным развіцці.
Ды ўсё ж прычына гэтага — у жаданні ахапіць неабсяжнае, выкарыстаць “адразу і разам” усё фальклорнае багацце. З гэтай задачай кампазітар, балетмайстар, хормайстры, іншыя педагогі БДУКіМ і ўласна выканаўцы справіліся не толькі “на ўсе сто”, але і на трыста адсоткаў. Дык давайце шырэй даносіць гэта да публікі! На наступны канцэртны сезон, наколькі вядома, прапрацоўваюцца магчымыя варыянты далейшых выкананняў “Вясны”. І гэта правільна! Бо калі ўжо хор спявае: “Вясна-красна на ўвесь свет”, дык давайце і паказваць гэта ўсяму свету!