На Беларусі працэс зацягнуўся амаль да апошняга часу, а Заходняя Еўропа перажыла названы пераход яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя. І наступленне прагрэсу там аказалася настолькі хуткім, што яны і адумацца не паспелі, як у іх прамысловасць выцесніла амаль усю мастацкую вытворчасць.
Добра памятаю пачатак сваёй навуковай дзейнасці ў 1970 — 1980-я, калі я спяшаўся ўхапіць апошнія, як тады думалася, рэшткі традыцыйных народных рамёстваў. Я разважаў так: пройдзе некалькі дзясяткаў гадоў, і гэта знікне, як страцілася ў заходніх краінах. Але, на шчасце, як і іншыя навукоўцы, я памыляўся. Наступілі новыя часы, Беларусь набыла незалежнасць і літаральна на вачах актуалізаваліся іншыя працэсы. У нас адкрыліся вочы на скарбы, якія мы ледзь не страцілі. Гэта проста дзіва, што за некалькі гадоў у свядомасці прынамсі часткі народа адбыліся неверагодныя працэсы! А ў 1980-я гады нам убівалі ў галаву, што ўсё гэта нам не патрэбна, маўляў, навукова-тэхнічны прагрэс забяспечыць усім неабходным. Нашто ж нам тое ганчарства ці ткацтва?
Заходзіў я калісьці да апошняй ткачыхі на ўсю вёску (хаця раней ткалі ў кожнай хаце), а яна кажа, што робіць гэта таму, што ў яе душа просіць. Яна гэтыя посцілкі тчэ ды кладзе ў шафу, бо людзі з яе смяюцца: нашто табе гэта трэба, калі ў краме можна набыць сабе тую покрыўку? А ткалля тая яшчэ распавядала: падарыла сваякам у горад, а яны падарунак выкінулі, бо саромеюцца такого “вясковага” вырабу. А вось у магазіне — як у людзей! Падобнае светаўспрыманне пачало настолькі моцна ўваходзіць у свядомасць, што аўтэнтычныя вырабы сталі ўспрымацца ці як музейны атрыбут, ці як сведчанне адсталага мінулага. Такім чынам знікалі рэшткі традыцыйных рамёстваў.
Але новыя часы вырашылі інакш. Беларусы задалі сабе пытанне: чым мы вылучаемся сярод суседзяў і ўвогуле сярод народаў? Відаць, не лядоўнямі альбо тэлевізарамі: яны не горшыя, але і не лепшыя за астатнія. А вось традыцыйнай культурай — так, таму што яна ў кожнага народа свая, як і характар ці менталітэт — непаўторная.
І вось літаральна за некалькі гадоў мы бачым, што сёй-той з моладзі ўжо можа апрануць касцюм у нацыянальным стылі, няхай сабе толькі ў час свята. Могуць некаторыя засесці і за ганчарны круг ці выцягнуць з бабулінага куфра забытую посцілку ды заслаць у сваёй гарадской кватэры ёй мэблю. Чаму? Таму што такой посцілкі больш няма ні ў каго!
Калі да нас прыязджаюць еўрапейцы, яны кажуць: “Ну, дзе мы можам паглядзець вашу традыцыйную культуру”. І вельмі добра, калі яны трапляюць на нейкую акцыю, якія зараз сталі вельмі папулярнымі, на фестываль, выстаўку, свята ці конкурс. Там мы ва ўсёй красе можам паказаць свае культурныя магчымасці…