“Лістапад. Андэрсен” (Пашкевіч), “Сымон-музыка” (Дзед Курыла), двойчы “Вяселле” (Равуноў-Каравулаў), “Не мой” (Кучэра), “Людзі на балоце” (Глушак), “Пан Тадэвуш” (Суддзя), “Вечар” (Васіль). Бо Генадзь Аўсяннікаў здольны зрабіць не толькі запамінальным, але і кульмінацыйным нават эпізадычнага персанажа. І адным няўлоўным штрыхом — прыжмурваннем вачэй, усмешкай, інтанацыяй маўлення — зрабіць са свайго героя цэлы космас неспасціжнага чалавечага характару, дзе няма ні белага-чорнага, ні камічнага-трагічнага — толькі іх неверагодная сумесь, што дае безліч адценняў…
— Генадзь Сцяпанавіч, як адважыліся на марафон? Ці не цяжка вось так, штодня, выходзіць ва ўсё новых ролях? А тое ж “Вяселле” ўвогуле ішло два вечары запар — што называецца, “на біс”…
— Пакуль ёсць сілы, трэба іграць, не шкадуючы сябе. Дарэчы, гэта была мая ініцыятыва: сабраць разам спектаклі з маім удзелам, і кіраўніцтва пайшло насустрач.
— Атрымаўся гэткі “парад роляў”. Але ў якасці кульмінацыйнага клічніка вы зноў абралі “Вечар” Аляксея Дударава ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага. Пэўна, невыпадкова? Бо і пяць гадоў таму “віншавальная частка” таксама пачыналася менавіта пасля гэтага спектакля…
— “Вечар” мне бліжэй. І справа не толькі ў ролі Васіля, але і ў тэме, узнятай у п’есе ды спектаклі. Пра што пастаноўка — пра вёску? Асабіста для сябе я азначыў яе так: пра спазнанне жыцця, спасціжэнне яго сутнасці. П’еса, здавалася б, не новая: стваралася на пачатку 80-х — па цяперашніх мерках, “у мінулым” стагоддзі. Але сёння яна не толькі не састарэла, а наадварот — стала, мабыць, нават яшчэ больш актуальнай, чым калісьці. І “абрастае” дадатковымі сэнсамі, гістарычнымі спасылкамі, псіхалагічнымі адценнямі. Бо вёска без людзей — гэта ўжо не драма, а цэлая трагедыя. Таму спектакль, з аднаго боку, — своеасаблівы рэквіем па вёсцы, з іншага ж — гэта яшчэ і пошук, як быць вяскоўцам у такой сітуацыі.
— Нарэшце, гэта вельмі цёплы, душэўны аповед (калі хочаце, нават гімн, толькі без урачыстай медзі, без уласцівага жанру эпічнага разгортвання) у гонар чалавечнасці і чалавека, дзе вёска выступае сімвалам спрадвечнага ды вечнага, нягледзячы на ўсе разбурэнні — як у навакольным свеце, так і ў чалавечай свядомасці. А што значыць вёска для вас? Нарадзіліся вы, наколькі вядома, у Магілёве, але амаль усё дзяцінства правялі ў сялянскай атмасферы…
— Я жыў з цёткай, а яе ўвесь час накіроўвалі з адной вёскі ў другую. Яна была настаўніцай ды яшчэ і завучам, узнімала пасляваенную школу. Вось я з ёй і папаездзіў па вёсках. Не было анічога! Ні сшыткаў, ні алоўкаў, не кажучы пра падручнікі. Усё рабілі самі, нават чарнілы. Крыху сажы з печы, да яе вады — вось і будуць чарнілы. А ўлетку яшчэ лепш: можна сокам крушыны пісаць. Не на паперы, вядома, а на старых газетах. Дый пёры самі прымайстроўвалі — на палачку якую, на капсуль ці стары запал. Што знойдзецца, тое і добра. Ніколі не забуду, як адзін хлапец пераблытаў запал з такой самаробнай ручкай. А запал аказаўся не пустым, а дзеючым. Як выбухне!.. І дагэтуль страшна ўзгадваць… А ўжо ў каго сапраўдная ручка была — у-у-у, гэта ж заможны чалавек! Чаго толькі вяскоўцы ні перажылі… Я ж і акупацыю памятаю: у школу яшчэ пры немцах пайшоў. Але ж ніякія выпрабаванні, ніякія жыццёвыя нягоды не зламілі сапраўднага народнага характару. Я такіх вясковых дзядкоў пабачыў — што ні чалавек, то свая асаблівая гаворка, рухі, звычкі…
— Нешта пераймалі?
— Наўпрост пераймаць — нецікава. У акцёрскай справе важны жыццёвы досвед. І ўменне яго выкарыстоўваць, трансфармаваць у залежнасці ад ролі.
— Навучыць гэтаму можна? Вы, дарэчы, ніколі не выкладалі — хіба парады, можа, моладзі давалі, калі пра тое прасілі…
— Не маё гэта! Прафесія настаўніка, а тым больш у творчых спецыяльнасцях, — надта спецыфічная. Калі вучыш, галоўнае — заўважыць у кожным выхаванцы тое, што ён яшчэ і сам пра сябе не ведае. Для гэтага патрэбны не толькі веды, не толькі ўменне іх перадаваць (ды яшчэ так перадаваць, каб “узялі”, а не кінулі), а яшчэ і нейкае ўнутранае пачуццё — інтуіцыя ці штосьці іншае. Заўважыць сапраўдную адоранасць, гэткую іскрынку — таксама не кожнаму дадзена. Проста навучыць, натрэніраваць, “выдрэсіраваць” можна і мядзведзяў! Паглядзіце, яны ж і на веласіпедах катаюцца, і ў футбол гуляюць. Але гэта — іншае. Раней было такое амплуа — рэзанёр. Акцёр гаворыць вельмі правільныя рэчы: маўляў, трэба рабіць так, гэта будзе добра, а калі гэтак — дрэнна. Дый сам ён робіць усё правільна — усё, як трэба. І пафасу хапае, і ўзнёсласці, і запал быццам ёсць! А нутро ў акцёра пры гэтым — спакойнае. І нічым не ўскалыхнуць. Ён працуе. Сапраўдны ж артыст заўсёды пачынае з сябе: знаходзіць нешта, што дапаможа яму зрабіць ролю “сваёй”, унесці ў яе разыначку, “ажывіць” героя. Не ведаю, ці можна гэтаму навучыць, бо кожны павінен шукаць сам. Навучыць можна хіба прыёмам. Але выкладчык павінен ад пачатку бачыць, ці здольны чалавек да далейшай самастойнасці.
Мне пашанцавала: я вучыўся ў народнага артыста Беларусі Канстанціна Саннікава. Вось дзе быў майстар! І ў яго было беспамылковае чуццё на адшукванне тэатральна адораных юнакоў. Цяпер усе захапляюцца КВЗ — Клубам вясёлых і знаходлівых, а ў тыя часы рэгулярна праводзіліся разнастайныя агляды самадзейнасці: мясцовыя, рэгіянальныя, раённыя, абласныя, нарэшце, рэспубліканскія. Саннікава звычайна запрашалі ў журы, шмат гадоў ён быў старшынёй рэспубліканскай камісіі. Вядома, самадзейныя артысты выступалі як умелі. Але ён беспамылкова бачыў магчымыя перспектывы. Так ён “адкрыў” двух будучых народных артыстаў Беларусі: Лілію Давідовіч (між іншым, яна да гэтага спрабавала паступіць у Тэатральна-мастацкі інстытут, але не прайшла), Міхаіла Пятрова — абаіх ужо няма з намі... З Ліліяй мы вучыліся на адным курсе, потым яна таксама працавала ў нашым тэатры. А Міхаіл быў зоркай ТЮГа, без яго амаль ніводны спектакль не абыходзіўся.
— Што вы параілі б моладзі?
— Хадзіць у тэатр.
— А тым, хто ходзіць туды на працу — тым жа артыстам?
— Шукаць у сабе “сваё”. Але “хадзіць на працу”, “адпрацоўваць” — гэта не пра сапраўдных артыстаў…
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
Больш фота з юбілею Маэстра тут.