Адзначу, што прафесійнае мастацтва — гэта, у першую чаргу, навукаёмістае мастацтва. Бо ні для каго цяпер не сакрэт, што для выканання высокамастацкай арыгінальнай ці рэстаўрацыйнай работы сёння патрэбны не толькі прафесійныя навыкі ці ўменні, але і абавязковае вывучэнне сумежных сфер ды дысцыплін. Гэтая выснова яскрава пацвярджаецца на практыцы. Напрыклад, загадчык кафедры скульптуры Уладзімір Слабодчыкаў, прадстаўляючы на Савеце Акадэміі сваю аўтарскую работу — манументальны помнік Патрыярху Алексію ІІ, — згадваў, што ім было вывучана больш за тры тысячы фотаздымкаў Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы. Яшчэ згадаю і такі прыклад: сёння адзін наш выпускнік — Антон Бельскі — працуе над мастацкім афармленнем адбудаванай царквы ў вёсцы Баркалабава, што на Магілёўшчыне. Ім цяпер выкананы роспіс і мазаіка на плошчы каля тысячы квадратных метраў! Натуральна, такая ўнікальная мастацкая праца патрабуе, акрамя прафесіяналізму, і вялікага аб’ёму ведаў…
Сёння ў Акадэміі паспяхова працуюць сем навукова-педагагічных і творчых школ: тэатразнаўства і мастацтвазнаўства, манументальнага майстэрства, графікі, жывапісу, скульптуры, графічнага дызайну, акцёрскага майстэрства і рэжысуры. Таксама з мэтай далейшага развіцця навукова-даследчай работы ў Акадэміі яшчэ ў 2010 годзе быў створаны навуковы савет, а таксама навукова-даследчы аддзел.
Не магу не адзначыць, што многія педагогі Акадэміі прымалі ўдзел у галіновай навукова-тэхнічнай праграме і ў асобных заданнях Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Акрамя таго, праводзіліся даследаванні, скіраваныя на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры краіны.
З 2000-га ў БДАМ дзейнічае Савет па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук па спецыяльнасці “Тэхнічная эстэтыка і дызайн”. І за перыяд з 2009 па 2014 гады кандыдацкія дысертацыі абаранілі 12 выпускнікоў кафедры. Гэта не так ужо і мала, але нам хацелася б, каб колькасць кандыдатаў павялічывалася. Таму мы сёння актыўна над гэтым працуем, заахвочваючы і падтрымліваючы нашых перспектыўных студэнтаў ды аспірантаў.
Натуральна, вынікі навуковых даследаванняў выкладчыкаў, супрацоўнікаў, аспірантаў і студэнтаў Акадэміі публікуюцца ў дапаможніках, часопісах, матэрыялах канферэнцый, выкарыстоўваюцца пад час выкладання дысцыплін мастацтвазнаўчага і спецыяльнага цыклаў у вышэйшых навучальных установах культуры і мастацтва. Так, за апошнія пяць гадоў намі было атрымана больш за дваццаць актаў укаранення вынікаў навуковай дзейнасці ў навучальны працэс.
Дарэчы, у мэтах папулярызацыі беларускай мастацтвазнаўчай навукі ў БДАМ з 2013-га выдаецца навуковы часопіс “Артэфакт”. І ў тым жа 2013 годзе мы былі акрэдытаваны ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях краіны і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на статус навуковай арганізацыі.
І апошняе. Не магу не згадаць, што ў БДАМ дзейнічае Студэнцкае навукова-творчае таварыства. І штогадова ў сценах Акадэміі ладзіцца студэнцкае навукова-творчая канферэнцыя, па выніках якой самыя лепшыя творчыя работы накіроўваюцца на адпаведны рэспубліканскі конкурс.
Фота Юрыя ІВАНОВА