Зараз сядзіба набыла шматвектарную дзейнасць. Дом змяшчае экспазіцыю прадметаў даўніны, што распавядаюць пра падзеі 1812 года, якія закранулі барысаўскія землі, пра побыт гаспадара-памешчыка XIX стагоддзя. Акрамя таго, тут прадстаўлены і сведчанні гісторыі мінулага, напрыклад, лёсу яўрэяў на Барысаўшчыне. Прычым усе рэчы працягваюць жыць “немузейным” жыццём, калі кожны з наведвальнікаў можа ўзяць іх у рукі.
Дарэчы, тое, што сядзіба Каладзеева не мае статуса музея, дае магчымасць жыхарам горада выкарыстоўваць яе і як “незакансерваваную” культурную пляцоўку, і як частку надзённага жыцця. Некалькі пакояў прадстаўляюць галерэю твораў мастакоў, чые імёны звязаны з Барысаўшчынай: Марыі Ісаёнак, Валерыя Шкарубы, Вікенція Стасевіча ды іншых. Акрамя экспазіцыі, у доме ладзяць і часовыя выстаўкі. Не так даўно барысаўчане маглі ўбачыць скульптуры Аляксандра Шомава, жывапіс Сяргея Лагачова і Віктара Бялова. І ведаеце, творы, якія мы ўяўляем у амаль стэрыльных умовах сучасных галерэй, набываюць іншае гучанне ў залах сядзібы, ствараючы дыялог з прадметамі, што выпраменьваюць двухсотгадовую энергію. У сваю чаргу, інтэр’еры ажываюць, набываюць сучасны выгляд, цудоўна спалучыўшыся з сучасным мастацтвам. Утульны дом стаў і арганічным асяроддзем для семінараў, канферэнцый, лекцый, прысвечаных беларускай культуры. Некаторыя школы праводзяць тут педсаветы.
Сцены каладзееўскага дома прыцягваюць творчых барысаўчан. Напрыклад, сябры івэнт-суполкі “Барысаўская мыза” лічаць сядзібу сваім улюбёным месцам і сустракаюцца для рэканструкцыі баляў XIX стагоддзя менавіта тут, дзе яна выглядае сапраўды арганічна. Інтэр’еры дома — цудоўны фон і для паэтычных сустрэч. Сядзіба прымала і юных мастакоў — удзельнікаў міжнароднага праекта “Адраджэнне яўрэйскіх мястэчак”, калі яны наведвалі Барысаў. Увогуле, уражвае цікавасць ды адкрытасць супрацоўнікаў маёнтка да новых культурных сувязей і сяброўства з кожным, хто адчуў аўру такога месца.
Цікава, але і звычкі сярэднестатыстычнага жыхара Барысава таксама змяніліся пад уплывам сядзібы Каладзеева. Цяпер стала папулярным святкаваць сямейныя ўрачыстасці менавіта тут: у доме працуе ўтульнае кафэ, вытрыманае ў адпаведным стылі, і крама, у якой можна набыць работы мясцовых майстроў. Не абышлося і без навагодніх прадстаўленняў, дзе кожны з дзяцей і дарослых адчуў сябе ўдзельнікам свята ў традыцыях XIX стагоддзя — з гульнямі, танцамі, тэатрам ды прыгодамі ў таямнічых сценах старой сядзібы…
Наталля ЦАРЫК, кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык гісторыі мастацтваў Барысаўскай ДМШ