Вакальны гурт "Падсвілле".
Ёсць толькі два спосабы пражыць жыццё, лічыў Альберт Эйнштэйн. Першы — так, нібыта ніякіх цудаў не бывае. Другі — так, як быццам усё на свеце з’яўляецца цудам. Нашы работнікі культуры імкнуцца будаваць сваё і наша жыццё паводле другога спосаба. І ў іх атрымліваецца!
Кіруе ДК Тамара Спяцанава, пра якую "К" пісала неаднойчы. І кіруе — прафесійна, бо тут створана 16 фарміраванняў, што аб’ядналі больш за 200 чалавек ад пяці да васьмідзесяці (!) гадоў. Адно з клубных фарміраванняў — "Падсвільчанка". Калектыў адзначыў свой дзень народзінаў святочным сольным канцэртам "Дзесяць гадоў разам". Было гэта ў жніўні, пад час традыцыйнай пасялковай акцыі "Падсвільскі світанак".
У гурце спяваюць Аляксандра Місевіч — былы медработнік, Ала Фурс і Алена Раманчук — бухгалтары, Таццяна Бурэнь — прадпрымальнік, Вольга Лубчанок — настаўнік, кіраўнік калектыву, Любоў Рудак — выхавальнік дзіцячага садка, Святлана Папакуль — прадавец, Ганна Ляшкевіч — хатняя гаспадыня і Валянціна Пліско — настаўнік.
Пасля канцэрта быў святочны торт ад спонсараў. Пявунні атрымалі таксама сертыфікаты на наведванне салона прыгажосці ў Глыбокім.
Любоў НІКІЦІНА, ветэран педагагічнай працы
Падсвілле