Фрагмент экспазіцыі.
Пасляваеннае аднаўленне, першы тралейбус, запуск цэхаў на Заводзе сінтэтычнага валакна, прадметы ўжытку і лялькі — усё гэта на стэндах выстаўкі ў Гісторыка-археалагічным музеі. А проста на ўваходзе наведвальнікаў сустракаюць плакаты і прадметы эпохі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.
— Мы паспрабавалі аднавіць тую эпоху, — распавядае адзін са стваральнікаў экспазіцыі Яўген Махнач. — Мяркую, у музейную залу было б цікава прыйсці і сталым гледачам, каб прыгадаць тыя часы, паказаць унукам, як жылі іх бацькі, дзядулі і бабулі. І ўсё тое прадэманстравана досыць рэчыўна. Вось, да прыкладу, першая кропля капраплактаму, з якой распачаў вытворчы працэс Завод сінтэтычнага валакна…
Прадстаўлены таксама і вырабы шклозавода “Нёман”, карціны мастакоў Панямоння ў кірунку сацрэалізму (партрэты, сцэны з жыцця піянераў, фабрык, фермаў). На некаторых фотаздымках выстаўкі можна ўбачыць вядомых гродзенцаў ды жыхароў іншых гарадоў вобласці: Васіля Быкыва, Рыгора Шырму, Леаніда Захлеўнага…
Гродзенскі гісторык Таццяна Касатая адзначае, што хоць перад намі артэфакты нядаўняга часу, але экспазіцыйная прастора вельмі насычаная: тут нямала рэчаў, якія прыцягваюць увагу. “Гэта, у першую чаргу, прадметы асабістага карыстання, адзенне, побытавыя дробязі, што суправаджаюць наша жыццё. За кошт шматлікіх здымкаў выстаўка атрымалася і інфармацыйна, і экспазіцыйна-прадметна вельмі змястоўнай”, — зазначыла суразмоўца.
Кожны з наведвальнікаў знайшоў для сябе нешта цікавае ў зале Гісторыка-археалагічнага музея: хтосьці — каву ці гарбату ў запамінальных бляшаных банках, іншы — кілішкі, акурат такія, што стаялі і ў шафе бацькоў, сёй-той — лялькі, якія выраблялі на мясцовай фабрыцы…
Андрэй МЯЛЕШКА
Фота аўтара