І гэтае ўражанне прадстаўнікоў сталічнай культуры, мяркую, як мінімум падвоіцца ў іх калег рэгіянальных. Бо ў шэрагу выпадкаў стабільная і доўгатэрміновая праца як маладога, так і дасведчанага спецыяліста вызначаецца жыллём. І чым менш стан апошняга нагадвае пра скрыпучы ложак ды пакошаную тумбачку ў інтэрнаце, тым больш шанцаў у начальнікаў аддзелаў на месцах сэканоміць камандзіровачныя на паездкі пад час працы камісій па размеркаванні. А пасля — не скардзіцца, што сітуацыя з года ў год паўтараецца. А тут нейкі міфічны “гарадок культуры”…
Урэшце, а дзе возьмеш? Для механізатараў — калі ласка, для дактароў і настаўнікаў — адшукаецца, а вось для культуры… Так, астаткавы прынцып. Урэшце, праблема актуальная не толькі ў раёнах, але і ў сталіцы. Ды ўсё ж існуюць механізмы. Вось і ў Купалаўскім тэатры, мяркуючы па ўсім, хоць часткова здымецца пытанне за кошт прадастаўлення артыстам арэнднага жылля. Пра гэта днямі сказаў у тэлеінтэрв’ю міністр культуры, назваўшы лічбу ў два дзясяткі праблем, якія маюць такім чынам вырашыцца. Гэткім жа шляхам, мяркуючы па выказваннях у іншай гутарцы, мяркуе рушыць і новы дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Так, “прабіць” арэнднае жыллё для сваіх супрацоўнікаў у выпадку нястачы іншых прыстойных варыянтаў, мяркую, — адна з найважнейшых задач для кіраўніка ўстановы культуры, начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Паўтаруся, ізноў кажу пра прыстойныя варыянты, а не праславутыя ложкі з тумбачкай. Пабачыўшы іх, малады, дый любы, спецыяліст (любы, я ўпэўнены) у думках пачне пралічваць механізм браніравання зваротнага білета з “гасцінных” мясцін, дзе яго “так чакалі, так чакалі”, — акурат на дату заканчэння кантракта.
І яшчэ момант. Новае пакаленне — іншае, і яно чытае, як кажуць, дробны шрыфт. Не здзіўлюся, калі ў хуткім часе пачасцяцца выпадкі таго, што малады спецыяліст, не знайшоўшы тыя ж жыллёвыя ўмовы дастатковымі для пачатку працы — неадпаведнымі заяўленым пры размеркаванні (а такіх гісторый, дзе выпускнік прымае прапанаваныя “правілы гульні”, а пасля шкадуе два гады, у Сеціве нямала), — зробіць ручкай і будзе мець права нічога не выплачваць дзяржаве: умоў і сапраўды няма. Не спрацуе тут і фактар творчай асобы, якой, нібыта, няма асаблівай розніцы да побытавых варункаў, і асабісты прыклад: “Ды я сам з гэтага пачынаў…” “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…” Так, але тварыць удасца, калі ёсць, дзе жыць. Прыстойна.
Пакуль жа, падаецца, наш прынцып: энтузіязм на два гады. Граблі відавочна распасцёрліся ў тым жа стане і на тым жа месцы. Бачыце іх?