Варта адзначыць вялікую ролю работнікаў культуры ў захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны Лоеўшчыны: менавіта ад людзей, што былі ўдзельнікамі ці кіраўнікамі фальклорных калектываў, атрымана найбольш інфармацыі па абрадах і песнях. Свой фальклорны архіў — у Валянціны Берасневай, якая заснавала ў Лоеве вакальны гурт “Жывіца” і ў 1970-х — 1980-х гг. шукала па вёсках рэпертуар. Уразіў “Лутава”, названы ад вёскі, пры клубнай установе якой утварыўся. Клуб у Лутаве закрылі, таму бабулі цяпер спяваюць дома ў кіраўніка гурта Тамары Шапавал. Шмат песень узгадалі былыя ўдзельніцы фальклорнага гурта вёскі Дзяражычы.
Шмат артэфактаў традыцыйных рамёстваў збераглося ў музеях. Вялікая калекцыя традыцыйнага тэкстылю захоўваецца ў Лоеўскім музеі бітвы за Днепр. Змястоўны пакой-музей дзейнічае пры Лоеўскай гімназіі. Мяркуючы па зборах, у раёне былі развіты пляценне з розных матэрыялаў, ганчарства, выраб посуду з дрэва, шматнітовае ткацтва, вышыўка гладдзю і крыжыкам, вязанне карункаў. Як і па ўсёй Гомельшчыне, уражвае разнастайнасць драўлянага аздаблення хат. У жывым бытаванні выяўлена толькі рамяство вышыўкі.
Пад час экспедыцыі быў запісаны цікавы шматкаленны вальс. Гэты танец мае вялікі патэнцыял для пераймання маладзейшым пакаленнем мясцовай супольнасці: штогод у маі, перад выпускным вечарам, у Лоеве праводзіцца конкурс “Свята вальса”, у якім удзельнічаюць навучэнцы старэйшых класаў мясцовых школ. Акрамя таго, у раёне дзейнічае дзіцячы фальклорны гурт “Фэст” — шматразовы прызёр Фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Аднымі з пераймальнікаў традыцыйнай культуры Лоеўскага раёна стануць цяпер і сябры “Талакі”. Па выніках свайго этнаграфічнага архіва арганізацыя выпускае выданні, якія папулярызуюць традыцыйную культуру Гомельшчыны. На аснове леташняй, Брагінскай экспедыцыі апублікавалі буклет “Вяселле па-брагінску” з музычным дадаткам. Выданне дазваляе маладым парам, якія вырашылі зрабіць сваё вяселле традыцыйным, аднавіць абрад на аснове брагінскіх звычаяў. Па выніках Лоеўскай экспедыцыі таксама чакаюцца цікавосткі!..
Алена ЛЯШКЕВІЧ
Фота з архіва “Талакі”