Удзельнікі пленэру ля мемарыяла ў гонар пачатку аперацыі "Баграціён".
Арганізаваны ў Светлагорску ў першай палове ліпеня, пленэр ініцыяваны Міністэрствам культуры і падтрыманы Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, аддзелам культуры Светлагорскага райвыканкама.
Погляд у мінулае
Светлагорскі край захапіў сваёй прыгажосцю і слаўным мінулым, вытокі якога — у глыбіні стагоддзяў: раскопкі выявілі, што паселішча на месцы сучаснага Светлагорска існавала з VI — VII стст. На тэрыторыі горада захаваны такія помнікі культуры і архітэктуры, як млын (сярэдзіна ХІХ ст., найстарэйшы ў рэспубліцы). І ў нашы дні ён яшчэ можа змалоць не адну тону збожжа! Да помнікаў архітэктуры адносіцца таксама і будынак чыгуначнай станцыі, і дом Альтэрхайма (1880 г.) на Майскай плошчы.
У Светлагорску на Набярэжнай плошчы знаходзіцца выразны помнік, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне: дзевяцітонны бронзавы трагічны звон. А 21 чэрвеня быў адкрыты мемарыяльны знак да 70-годдзя стратэгічнай аперацыі “Баграціён” каля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна. У цэнтры памятнага знака вышынёй сем метраў — барэльеф з постацямі палкаводцаў: Канстанціна Ракасоўскага, Георгія Жукава, Паўла Батава і Міхаіла Панова. Справа і злева — атакуючыя савецкія воіны. Фонам сталі стрэлы, якія паказваюць кірункі двух галоўных удараў. Помнік створаны гомельскім скульптарам Валерыем Кандраценкам, які выйграў конкурс на лепшы праект кампазіцыі. Удзельнікі пленэру наведалі мемарыял і ўсклалі да яго кветкі.
Галерэя
Прыемна даведацца, што ініцыятарам узвядзення мемарыяла стаў заснавальнік і першы дырэктар карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава Ізяслаў Катляроў. Ён распавёў удзельнікам пленэру аб развіцці комплексу, а затым у галерэі падзяліўся ўражаннямі ад выстаўкі.
Адкрытая ў Светлагорску яшчэ ў 1992 годзе, галерэя стала адным з важных выставачных цэнтраў. У чатырох залах экспануюцца творы вядомых мастакоў Беларусі, далёкага і блізкага замежжа: штогод — больш за пяцьдзясят стацыянарных, выязных ды абменных паказаў. Вось і сёння галерэя прапануе жыхарам ды гасцям Светлагорска такія праекты, як экспазіцыя вядомага гомельскага жывапісца Андрэя Крылова “Залаты лівень”. Творы гэтага мастака і яго ўнікальны почырк добра вядомыя далёка за межамі Беларусі: ён адным з першых у рэспубліцы скарыстаў у станковым жывапісе фарбы, створаныя на аснове нанатэхналогій.
Выклікае цікавасць і літаратурна-мастацкі праект “Дыялог пяра і пэндзля”, які ўяўляе з сябе перасоўную выстаўку работ мазыран: жывапісныя творы Мікалая Дубровы і вершы Аляксандра Каляды. Ужо чацвёрты год як яна стартавала, і за гэты тэрмін праект аб’ездзіў амаль усе раёны Гомельшчыны, пабываўшы і ў сталіцы.
Вялікая заслуга ў тым, што галерэя папулярызуе сучаснае беларускае мастацтва, кожны год ладзіць каля 600 экскурсій, лекцый, культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, належыць яе дырэктару Надзеі Шынкевіч.
Паводле пленэру
Адкрыццё выстаўкі твораў удзельнікаў пленэру стала для гледачоў відовішчам стварэння прыгожага. Пейзажы і нацюрморты яшчэ пахлі фарбамі, але ўжо захаплялі разнастайным, аўтарскім асэнсаваннем светлагорскі даляглядаў, калі прырода дорыць розныя станы — ад навальнічных да сонечных…
Стыль жывапісу ўдзельнікаў пленэру мае шэраг агульных рэалістычных рыс, але адрозніваецца па манеры і пластычных прыёмах. У больш маладых мастакоў, Платонава і Ігнаценкі, — яркія, “адкрытыя” колеры — творы “гарачыя”, полымя! У іх няма той “зашоранасці”, якая ўласціва залішняй праўдзівасці. Ім уласціва асаблівае бачанне прасторы: вострае і часам парадаксальнае.
Мастакі Мікалай Дуброва і Мікалай Кухарэнка ў сваім жывапісе сінтэзуюць і вопыт рускай школы, і аўтарскія жывапісныя прыёмы абагульнення прыроднай матэрыі. У іх работах прысутнічае адчуванне чакання. “Лірычная сузіральнасць” — так можна адзначыць пейзажныя кампазіцыі гэтых мастакоў.
Творам Мікалая Казакевіча і Роберта Ландарскага ўласціва эпічная атмасфера, калі глядач назірае нібы з вышыні птушынага палёту — быццам лунае над абшарамі. Мастакі імкнуцца праз прыгажосць імгнення ў наваколлі ўбачыць, абагульніць і перадаць прыгажосць як пульс жыцця...
У кожным творы адчувальна, што жывапісцы перш чым дакрануцца пэндзлем да чыстага палатна перажылі ўбачанае ў сабе…
Сярод водгукаў мастакоў Гомельшчыны аб арганізацыі пленэру ў Светлагорску прывяду такія.
Роберт Ландарскі: “Пленэр — гэта не проста жывапіс на ўлонні прыроды, гэта і знаёмства з людзьмі, з гісторыяй ды культурай краю. Асабліва кранула наведванне мемарыяла “Баграціён”... Хвалююча працаваць там, дзе ішлі баі. У маім пейзажы, малюючы навальніцу, я ўявіў вобразнае асэнсаванне падзей гісторыі нашай роднай краіны”.
Сяргей Ігнаценка: “Больш за тыдзень мы правялі ў санаторыі “Сярэбраныя ключы”, кожны дзень размаўляючы адно з адным і з прыродай “вочы ў вочы” — гэта лепшае, што можна прыдумаць у зносінах, асабліва — у творчых”.
Ларыса Зуева, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў: “Мяркуючы па водгуках калег, пленэр быў выдатна арганізаваны і даў сур’ёзныя падставы, каб зрабіць гэтую дзейсную форму асэнсавання прыроды і гісторыі краю рэгулярнай на светлагорскай зямлі”.
Надзея Шынкевіч падкрэсліла, што падораныя аўтарамі творы не проста ўзбагацілі фонд карціннай галерэі, але і будуць заахвочваць да ажыццяўлення падобных сустрэч з майстрамі мастацтваў.
...У Светлагорску неаднойчы ладзіліся пленэры па скульптары. Пленэр жа па жывапісе стаў яркай падзеяй у славу мірнага жыцця на беларускай зямлі. Упэўнены, што такое свята мастацтва ў Светлагорску станецца традыцыйным.
Алег АНАНЬЕЎ, адказны сакратар абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі
Фота аўтара