Прастора мастацкага музея Самюэля П.Харна.
Нарвегія: сайт, рэкрутынг, навука
Пачынаем агляд з Музея гісторыі і археалогіі, які дзейнічае пры нарвежскім Універсітэце навукі і тэхналогіі ў Тронхейме. Сярод іншага, плануецца зрабіць рэгулярнымі разнастайныя выстаўкі і мерапрыемствы на сайце музея, якія маглі б матываваць супольнасць асэнсоўваць сваю гісторыю. Музей будзе праводзіць і даследаванні па эвалюцыйнай гісторыі відаў, а таксама прысвечаныя гістарычным і экалагічным працэсам, якія ляжаць у аснове відаўтварэння. Асаблівую ўвагу плануецца спыніць на асвятленні пытанняў узаемадзеяння паміж чалавекам і прыродай.
Вялікія спадзяванні музей звязвае і з палявымі археалагічнымі метадамі, якія акцэнтуюць увагу на знаёмстве, дакументаванні і тэхналогіі дыстанцыйнага зандзіравання слаёў глебы.
Да 2016 года музей плануе стварыць на памежжы Старога і Новага горада адукацыйную пляцоўку для прыцягнення шырокай грамадскасці да абмеркавання актуальных пытанняў па гісторыі і археалогіі.
Таксама як і нашы ўстановы адукацыі і культуры надаюць увагу навуковым даследаванням, у нарвежскім Музеі гісторыі і археалогіі запланавана павелічэнне колькасці навуковых публікацый. Акрамя таго, будзе працягвацца развіццё міждысцыплінарнага супрацоўніцтва, скіраванага на ахову навакольнага асяроддзя.
У стратэгіі развіцця музея вялікая ўвага надаецца пераводу навуковых калекцый у лічбавы фармат, зручны для далейшых даследаванняў. Знайшлося там месца і так званаму рэкрутынгу, або, прасцей кажучы, падрыхтоўцы і падбору кадраў. Плануецца, што вучэбны працэс студэнтаў — будучых спецыялістаў — стане больш арыентавацца на апошнія даследаванні, досвед і напрамкі дзейнасці музея. Чакаецца і прыцягненне да супрацоўніцтва з музеем спецыялістаў з навуковымі званнямі.
ЗША: стыпендыя, аўдыторыя, партнёры
Стратэгічная пазіцыя Нацыянальнага музея амерыканскай гісторыі, што працуе ў Вашынгтоне, гучыць наступным чынам: “Свет пастаянна змяняецца. Амерыка змяняецца. Наш музей павінен таксама пастаянна змяняцца. Якім чынам наш музей будзе лідарам у ХХІ стагоддзі?”. Даецца і адказ. Музей, у першую чаргу, павінен звярнуць павышаную ўвагу на ўсё больш дынамічнае інтэлектуальнае жыццё. Істотны акцэнт будзе зроблены на выстаўках, праграмах і даследаваннях.
Што ж запланавана ў стратэгіі Нацыянальнага музея амерыканскай гісторыі? Сярод іншага, заснававанне музейнай стыпендыі, распрацоўка комплекснай праграмы, якая падтрымлівае даследаванні праз музей. Плануецца і павелічэнне штату навуковых супрацоўнікаў. Праз супрацоўніцтва з разнастайнымі партнёрамі чакаецца пашырэнне ўплыву музея.
Мяркуецца арганізаваць строгі працэс ацэнкі для выставак і грамадскіх праграм, які ўключае навуковую і экспертную пазіцыі, ініцыяваць дыскусіі, прысвечаныя актуальным пытанням, якія адлюстроўваюць перыпетыі амерыканскай гісторыі.
Прадоўжацца і кампаніі па зборы сродкаў, накіраваных на развіццё прыярытэтаў ды мэт музея; пашырэнне і фінансаванне асветніцкіх праектаў у Сеціве. Гэтыя намаганні скіраваны на адлюстраванне сацыяльных, культурных, эканамічных, палітычных і навуковых тэм у гісторыка-храналагічным кантэксце, якія ахопліваюць эпохі ды значныя падзеі ў гісторыі краіны.
Турбуе пытанне павелічэння аўдыторыі і амерыканскі Мастацкі музей Самюэля П.Харна, што размешчаны ў Гейнсвілі. Для гэтага там плануецца актывізаваць прыцягненне прадстаўнікоў акадэмічных і мясцовых супольнасцей у працэс стварэння выставачных праектаў і звязаных з імі праграм, якія скіраваны на розную аўдыторыю. Супрацоўнікі Музея Харна шукаюць спосабы прадстаўлення калекцый музея за сценамі ўстановы.
Вялікая роля ў далейшым развіцці музея надаецца маркетынгу. У прыватнасці, запланаваны шырокія апытанні, скіраваныя на выяўленне партрэта наведвальніка, яго інтарэсаў, прычын, якія прымусілі чалавека завітаць у музей. Такое даследаванне, на думку аўтараў старатэгіі, можа дапамагчы музею прапанаваць госцю тое, што ён чакае. Пры гэтым — найбольш эфектыўным спосабам. Акрамя таго, ужо сёлета мяркуецца запусціць новую версію сайта музея, дзе можна будзе атрымаць значна больш інфармацыі пра праграмы і выстаўкі праз аўдыя, відэа, блогі, сацыяльныя медыя-каналы.
Не забыліся аўтары стратэгіі Музея мастацтваў і на сувенірны аспект. Адметна, што на рэгіянальным і на нацыянальным узроўнях запланавана стварэнне сумесных з іншымі музеямі прадуктаў, а таксама арганізацыя продажу сувеніраў музея ў іншых установах краіны. Магчыма, такі досвед возьмуць на ўзбраенне і айчынныя майстры, якія працуюць пры раённых музеях.
Агляд іншых музейных стратэгій чытайце ў наступных нумарах “К”