— Тэатр ужо сам па сабе — містыка. У тым, як я прыйшоў у Магілёўскі тэатр, таксама свая таямніца: пэўна, наспеў час неяк упарадкаваць, дысцыплінаваць сваё жыццё. Доўгі час я быў вольным мастаком, але бачыў, як пастаноўкі, не маючы пастаяннага “дагляду”, пачынаюць “развальвацца”, трапляюць не на тыя фестывалі. А з Магілёвам мяне звязвалі больш дарагія для мяне спектаклі, чым нават пастаўленыя на вельмі прэстыжных сцэнах. І атрымаўшы запрашэнне, я падумаў, што тут можна стварыць цыкл спектакляў, якія зменяць аблічча тэатра. Тым больш, “ваяваць” з кіраўніцтвам не спатрэбіцца: дырэктар тэатра Андрэй Новікаў заўсёды адкрыты для дыялога, сам вельмі шмат працуе. Немалаважную ролю адыгралі і яго чалавечыя якасці. Увогуле, калі жыццё табе штосьці прапануе, трэба браць, калі гэта — энергетычны абмен.
— Энергія часта асацыюецца з “перабудовамі”, рэзкімі зменамі...
— Калісьці я “змагаўся”, як і ўсе. Але гэты этап даўно мінуў. Змагацца з навакольным светам — непрадуктыўна. Калі ж дапамагаеш яму, дык і ён пачынае табе дапамагаць. Нельга знішчаць тое, што створана не табой, трэба яго вывучаць — і прыстасоўваць да сваіх мэт. Зло зніштожыць сябе само, вярнуўшыся бумерангам. Я не хачу ламаць акцёраў — я запрашаю іх у свой свет. Калі ім гэта цікава — дапамагу. Спакойна ўспрымаю іншы тэатр, але задаю сваю планку, і кожны можа ставіцца да яе па-свойму. Няхай спачатку будзе ўсяго некалькі аднадумцаў, потым да іх далучацца іншыя. Галоўнае, што патрабуецца ад рэжысёра, — “завесці” артыстаў, а далей іх уласны “маторчык” не дасць ім спыніцца. Акцёры — людзі апантаныя. Яны здольныя на большае, чым нават могуць сабе ўявіць. І часам здзяйсняюць сапраўдныя подзвігі, літаральна за межамі чалавечых магчымасцей. Памятаю, як аднойчы артыст, нягледзячы на траўму, трымаў партнёршу на руцэ, а ў яго было, як аказалася, два пераломы... Дый фестывальны спектакль “Фрэкен Жулі” Алена Крыванос правяла, перасільваючы боль. А ці заўважыў гэта глядач? Не. Але ж, ведаеце, цяжка бывае для артыстаў знайсці натхненне, калі за год трэба адыграць не менш за 400 спектакляў. Гэтая колькасць забівае якасць. Кім і калі былі зроблены дадзеныя разлікі? Чаму менавіта такая лічба, на чым яна грунтуецца? На духоўных патрэбах гледача? Ці на фізіялогіі артыстаў? І як стасуецца гэтая лічба з акцёрскім заробкам? Ні для каго не сакрэт, што на тыя грошы не пражыць. Чалавек папросту вымушаны шукаць падпрацоўку па-за межамі тэатра. Так і сыходзяць...
— Але ж для вас, як я разумею, грошы — не галоўнае...
— Яны ніколі не стаялі на першым месцы. Памятаю, як атрымаў свой першы заробак — акцёрам у Панявежскім драмтэатры. Нёс дадому, каб аддаць маці, па дарозе выкінуў на сметнік непатрэбныя паперы, а разам з імі — грошы... Потым вярнуўся, адшукаў тую урну — яны там так і ляжалі...
— Дачакаліся-такі вас: ну як тут не паверыць у “знак лёсу”! А што чакае прыхільнікаў Магілёўскага тэатра? Вы цяпер адказныя за ягоны лёс...
— Пра планы распавядаць не люблю: і каб не выхваляцца (няхай лепш іншыя ўхваляюць), і каб не сурочыць. Магу расказваць хіба пра тое, што ўжо выглядае рэальным. Так, на канец сезона запланавана прэм’ера гогалеўскай “Жаніцьбы”. Мастак — Юратэ Рачынскайтэ, вядомая па “Фрэкен Жулі”. Больш нічога не скажу.
— Тады скажу я: на сайце тэатра з’явілася абвестка пра набор школьнікаў, з якіх, як я зразумела, вы будзеце гадаваць артыстаў...
— Гэта праект “Май*КАНТАКТ-2016”. Неяк мне яшчэ ў Літве прапаноўвалі: маўляў, будзем дасылаць да вас англійскіх студэнтаў, а вы іх навучайце. Адмовіўся, бо ў нас яны, вядома, працаваць не будуць. Трэба сваіх гадаваць! Сёлета ў маі правядзём субяседаванні, пратэсціруем ахвотных — замест традыцыйных уступных іспытаў. Многія адсеюцца самі, як пачнуцца заняткі. Займацца студыйцы будуць пры тэатры, педагогаў плануем запрашаць з розных краін. Толькі праз два гады мы будзем мець аснову — студэнтаў, адабраных для далейшага навучання і падрыхтоўкі да працы ў тэатры. Спадзяюся, атрымаем у трупе новае пакаленне. Але і для цяперашніх артыстаў хачу замовіць цыкл трэнінгаў, заснаваных на ўсходніх практыкаваннях: не толькі гімнастычных, але і філасофскіх. Ведаю па ўласным вопыце: дапамагае...
— Мне ўвогуле падалося, што вы глыбока ведаеце тонкасці ўсходняга светаўспрыняцця, шмат чэрпаеце адтуль, перапрацоўваючы...
— Калісьці ў Гімалаях я жыў у манахаў і навучыўся ў іх галоўнаму — слухаць (і чуць!) цішыню. Потым у Непале ў мяне была магчымасць жыць у манастыры, але я вырашыў — хопіць. Мая рэлігія — тэатр. Тут трэба ствараць свае законы, што не будуць супярэчыць законам прыроды ды Боскаму пачатку. Рэжысёр можа выступаць у якасці як кампазітара, так і дырыжора. Ён не проста ўвасабляе п’есу, а часта папярэдне шмат працуе з яе тэкстам, расстаўляе свае кропкі і акцэнты, аднак ніколі не можа быць упэўнены ў тым, што яго чакае поспех. Літаратура — толькі падстава для новага сачынення рэжысёра. Нават знакаміты Анатоль Эфрас, кажуць, аднойчы пытаўся на прэм’еры: “Гэта поўны правал? Ці не зусім?” Рэжысёр не можа ўсё ведаць, ён многае спасцігае інтуітыўна. Дый спектакль часта выстройваецца неяк сам па сабе, бо, як жывая істота, пачынае дыхаць самастойна. І не толькі ўжо пасля таго, як ты яго паставіў, але і ў працэсе пастаноўкі: ты раптам разумееш, што ён дыктуе табе іншы малюнак, нават іншыя правілы гульні, чым ты раней прыдумаў. Спектакль — гэта злепак усяго твайго жыццёвага досведу, нават таго, якога ты пакуль не набыў. Хаця, здараецца, бяруць вельмі смелы тэкст, а сказаць праз яго нічога не могуць. Бо рэжысура — бы блуканне ўночы ў цёмным лесе. Але куды б ты ні ішоў, павінен адчуваць Боскі прамень, які і падкажа шлях. Ці хаця б давядзе, што шлях — ёсць...
— Дык, можа, вернемся да шляху Магілёўскага тэатра? Праводзячы такі буйны Міжнародны маладзёжны тэатральны форум, як “М.@rt.кантакт”, немагчыма не задумвацца і пра выезды тэатра на нейкія замежныя фестывалі (тым больш, што ў журы форуму заўсёды ёсць не толькі іх прадстаўнікі, але і непасрэдныя арганізатары). Магчыма, плануюцца і нейкія сумесныя праекты? Апошнім часам на іх ледзь не мода пайшла...
— Творчыя сумесныя праекты — справа сапраўды перспектыўная. Думаю, няблага было б наладзіць сувязі са скандынаўскімі краінамі: яны добра фінансуюць пастаноўкі. Калі адкрываць некаторыя сакрэты, дык зараз намацваецца гэткі англійска-італьянска-беларускі праект. Усе будуць іграць на сваіх мовах. Акрамя некалькіх нашых артыстаў, там будуць нашы дэкарацыі і касцюмы. Удзел іншаземцаў адразу скіраваны на далейшыя гастролі пастаноўкі — найперш, па краінах-удзельніцах. А гэта ўжо прынцыпова іншая якасць жыцця нашага тэатра. Што ж да самога “М.@rt.кантакта”, дык на наступным форуме хацелася б паказаць максімальна розныя тэатральныя кірункі. Дый у Магілёўскім тэатры імкнуся да таго, каб былі прадстаўлены розныя стылі. Уладзімір Пятровіч пачаў плённа распрацоўваць кірунак дакументальнага тэатра, у яго гэта павінна добра атрымацца. У Юрыя Дзівакова, які працуе акцёрам лялечнага тэатра, — сваё светаадчуванне. Як пачынаючы рэжысёр ён схільны да гэткіх тэатральных інсталяцый, перформансаў, нечаканых сумесяў элементаў розных відаў мастацтва. Я буду яго падтрымліваць і надалей, бо на такой таленавітай, апантанай моладзі і трымаецца будучыня нашага мастацтва. Што ж да мяне асабіста, дык вельмі важным лічу сам працэс пошукаў, імкнуся знайсці сваімі спектаклямі новыя выразныя сродкі. Мне цікава ставіць не тыя спектаклі, на якіх публіцы жадаюць “прыемнага прагляду”, а нешта правакацыйнае, не тое, што добра “ўпакавана”, а тое, што перасягае нашы ранейшыя ўяўленні, адчыняе дзверы ў невядомае...
— Але публіка, на жаль, схільная да традыцыяналізму...
— Калі ў горадзе адзін драматычны тэатр, то проста неабходна, каб у ім адначасова было быццам чатыры тэатры, і ўсе — розныя.
— Дый здаровая творчая канкурэнцыя — мабыць, рэч неблагая...
— Думаю, у свой час спаборніцтва паміж літоўскімі рэжысёрамі, якія амаль адначасова з’явіліся на тэатральнай прасторы, таксама садзейнічала стварэнню таго, што сёння называюць “літоўскім феноменам”. Бо кожны, абапіраючыся на агульныя традыцыі, шукаў сваю нішу, свой кірунак. І сёння ўсе мы — розныя, кожны працуе ў сваім ключы, але ёсць і агульная нацыянальная рыса, якая вызначаецца асаблівай любоўю да рытуальнасці, метафарычнасці думак — таго, што прыйшло да нас з язычніцкага мінулага. Я ж казаў ужо, тэатр — гэта містыка. Ён адкрывае неспазнанае ў чалавеку, развівае яго інтуіцыю. Існуючы ў жывой прыродзе, чалавек, каб выжыць, многія рэчы рабіў спантанна, інтуіцыя была неад’емнай яго часткай. Важак племені мог быць не самым дужым фізічна, але абавязкова — мудрым, гэта значыць — не толькі з багатым вопытам, але і з моцнай інтуіцыяй. Цывілізацыя шмат у чым тую інтуіцыю знішчыла, зрабіла незапатрабаванай, прывяла да фарміравання спажывецкага грамадства. Але ў жыцці трэба назапашваць найперш тое, што існуе вечна, — духоўнае. Мы жывём у пастаянных страхах-жахах-комплексах, змагаемся са светам, бо жыццё, маўляў, — барацьба. А жыццё, насамрэч, — гармонія, дзе галоўная каштоўнасць — духоўная. І тэатр дапамагае настроіцца на гэта, вызваліцца ад страхаў. Царква выводзіць чалавека на ўзровень маральнага пачатку, а тэатр дапамагае яму стаць творцам. Тэатр вучыць будаваць храм у самім сабе. І ў канцы жыццёвага шляху — знайсці найвышэйшую любоў, прыняць усё, што дадзена прыродай. А шлях да гэтага — цішыня ў кожным з нас. І менавіта тэатр дапамагае чалавеку сысці ў гэтую цішыню…
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным драматычным тэатрам