Можна наведаць творчыя майстэрні і паспрабаваць сябе ў майстар-класах пісанкі, ткацтва, лепкі з гліны і салёнага цеста, працы са скурай, бісерапляцення... Сярод паслуг — лекцыя аб гісторыі мясцовых традыцый, абрадаў і звычаяў. Ахвотныя могуць набыць сувенірную прадукцыю: саматканыя ходнікі, палатно на спадніцы, вышытыя ручнікі ды фартухі, адмысловыя пано з гліны па матывах беларускіх прыказак і прымавак, дэкаратыўныя скарбонкі, “абярэгі” і мноства рознай прыгажосці.
Але асабліва хочацца звярнуць увагу на творчую майстэрню па хатнім ткацтве. У сённяшні час яно практычна не існуе. Прадстаўленыя ў музеях этнаграфічныя тканіны сведчаць, што ўнікальная культурная спадчына не запатрабавана ў неабходнай меры. Але гэта не пра наш раён.
У вёсцы Студзянец жыве Любоў Балёнь — стараста вёскі. Яна трымае сваю гаспадарку, але сапраўднае задавальненне атрымлівае за кроснамі ды калаўротам. Любоў Сцяпанаўна — часты госць у Цэнтры рамёстваў, дзе яна перадае сваё рамяство дарослым і дзецям.
Адна з ейных вучаніц — Яніна Іюльская. Пад яе кіраўніцтвам у Цэнтры рамёстваў працуе творчая майстэрня па ткацтве. Аляксандра ж Семянюк — адна з наймалодшых пераемніц простага двухнітовага ткацтва Ваўкавышчыны. За свае дасягненні яна ўзнагароджана дыпломам I ступені на рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”. Пазалетась Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняла рашэнне аб наданні статуса гісторыка-культурнай спадчыны традыцыі простага двухнітовага ткацтва Ваўкавыскага раёна з прысваеннем катэгорыі “А”.
Традыцыйныя рамёствы патрабуюць не толькі вывучэння, але і зберажэння ды перадачы досведу. Менавіта ў Цэнтры рамёстваў метадысты, кіраўнікі гурткоў даюць і практычныя навыкі, і веды аб каранях ды гісторыі рамёстваў.
Напрамкі дзейнасці Цэнтра рамёстваў запатрабаваныя і актуальныя. Ужо ў чацвёрты раз ён атрымлівае дыплом I ступені ў абласным конкурсе “Установа культуры года”. Значыць, працуем не дарэмна.
Аксана ТАЛЬКОЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік Ваўкавыскага раённага цэнтра рамёстваў