Восень прынесла мноства адметных фатаграфічных падзей: персанальныя выставы займалі самыя нечаканыя плошчы (з выставачнай прасторай па-ранейшаму праблемы), грунтоўныя экспазіцыі адбываліся ў музеях і галерэях, асабліва зацікавілі міжнародныя кантакты і сур’ёзныя прадуманыя выставачныя праекты. У Мінску прайшлі V маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД, якія ўключалі ў сябе і конкурс у намінацыі «Фатаграфія».
Значнай падзеяй культурнага жыцця краіны стаўся ініцыяваны Пасольствам Італьянскай Рэспублікі прыезд у Беларусь знакамітага мастака Мікеланджэла Пісталета (у 1960-я гады ягоны цыкл «Мінусавыя аб’екты» аказаўся вызначальным для мастацкага кірунку аrte рovera) і вядомага крытыка Баніта Аліва. 10 красавіка ў Нацыянальнай школе прыгажосці ў Мінску адбылося адкрыццё праекта-інсталяцыі «Трэці рай», створанага Пісталета і рок-спявачкай Джані Наніні (яе суправаджальная -- музычная -- частка экспазіцыі называлася «Mama»).
Зімовыя святы сталі тэмай многіх сталічных выстаў, а гульня -- адпаведна – вельмі дзейсным метадам трансфармацыі экспазіцыйнай прасторы. На перадкаляднай выставе «Баль каралёў» (Нацыянальны мастацкі музей) было прадстаўлена відэа, фатаграфіі сталі часткай аб'ектаў, а артэфакты стварылі ілюзорную прастору, у якой увасабляцца магло ўсё. Галерэя «Універсітэт культуры» адзначала стары Новы год выставай жывапісцаў В.Пешкуна і Г.Сілівончык, творы якіх найбольш адпавядалі ўвасабленню гэтай святочнай тэмы ў сценах галерэі.
Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» ў пачатку лістапада прэзентавала чарговую, ужо чацвёртую, выставу праекта «Тэхна-арт». Сярод удзельнікаў -- У.Цеслер, В.Качан, А.Шчукін, А.Бірылка, А.Шчэпераў, С.Стальмашонак, С.Ждановіч, А.Таборка, Д.Барсукоў і інш. На выставе былі прадстаўлены работы, выкананыя з дапамогай сучасных тэхналогій, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў мастацтве: 3D-анімацыя, камп’ютэрная графіка, лічбавы мантаж і арт-аб’екты