«З вяршыні відаць далей» Кастуся Губарэвіча. Школьны тэатр «Рамантык» гімназіі № 5.
Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-14», якія сёлета чарговы раз прайшлі на малой сцэне Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, пацвердзілі, што адносіны паміж падлеткамі і тэатральным мастацтвам застаюцца вельмі складанымі...
Чатырнаццатыя сцэнічныя чытанні (такому доўгаму жыццю спрыяе энтузіязм коласаўцаў і, у прыватнасці, зацікаўленасць загадчыка літаратурна-драматычнай часткі Святланы Дашкевіч) у гэтым годзе сабралі ў конкурснай праграме дзесяць школьных тэатраў з Віцебска, якія традыцыйна прадставілі журы і гледачам урыўкі са спектакляў і спектаклі па п’есах беларускіх драматургаў.
Магчымасць пабачыць такую колькасць аматарскіх падлеткавых пастановак у адным месцы, а тым больш на прафесійна абсталяванай сцэне, надараецца нячаста. Бо звычайна яны раскіданы па школьных актавых залах, дзе іграюцца пры святле адной лямпачкі, на двух крэслах замест дэкарацый і ў лепшым выпадку — тры разы (дастаткова, каб паглядзелі настаўнікі, бацькі і аднакласнікі — выхаду на іншую аўдыторыю ў калектываў, як правіла, няма).
Панарама спектакляў акрэсліла амаль усе праблемы школьнага тэатра. Адна з асноўных, як мне падаецца, — выбар формы і метаду працы. Хто павінен рабіць тэатр для падлеткаў?
Напачатку адразу зазначу, хто рабіць не павінен: школьныя настаўнікі без адпаведнай адукацыі. Не маючы належнага тэатральнага досведу, яны арыентуюць працу толькі на канчатковы вынік. Каб урэшце гэта «не сорамна» было паказаць і каб у адпаведнай графе нейкіх там планаў можна было паставіць жаданую птушачку. І замест распрацаванага вобраза падлетак паказвае набор штампаў, да якіх яго скіравалі дарослыя. Ён часам не разумее, аб чым гаворыць. Яму проста прадэманстравалі, як трэба нешта вымаўляць, з якой інтанацыяй і жэстамі, і ён гэта паўтарае на свой капыл. Пастаноўка збіваецца на кіч. Творчы пачатак падлетка падаўляецца. Такі спектакль спрыяе выхаванню дрэннага мастацкага густу як ва ўдзельнікаў, так і ў гледачоў.
Такім чынам, спіс кандыдатур тых, хто павінен рабіць школьны тэатр, скарачаецца да дзвюх: рэжысёр-дарослы і рэжысёр-падлетак. У сучасным аматарскім тэатральным працэсе прадстаўлены абодва тыпы творцаў, праўда, не на роўных правах. На дзесяць конкурсных спектакляў прыходзіцца толькі адзін, у якім падлетак выступае і ў якасці драматурга, і ў якасці рэжысёра, — спектакль Вікторыі Сурковай «Лялечны тэатр» (драматычны калектыў Палаца творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна горада Віцебска).
Зразумела, што такі складаны працэс, як выпуск спектакля, можна даверыць падлеткам і моладзі толькі пры наяўнасці адпаведнай падрыхтоўкі. Напрыклад, у знакамітай мінскай «Рондстудыі» пад кіраўніцтвам Ірыны Маркавай, дзе шырока практыкаваўся гэты метад, дзеці пачыналі займацца з трох гадоў і ў чатырнаццаць мелі дастатковы досвед для таго, каб паспрабаваць сілы ў рэжысуры. Выхаваць адпаведна падлетка пры сённяшняй загружанасці школьнікаў, пры іх бясконцай міграцыі па розных студыях і гуртках (дзе часта яны затрымліваюцца ўсяго на некалькі месяцаў), пры арыентацыі сучаснага жыцця на хуткі вынік — справа складаная.
Таленавітыя тынэйджэры сярод студыйцаў, у рэшце рэшт, знаходзяцца. Падлеткавых тэатральных прац сёння няшмат таму, што ў сістэме адукацыі ад іх патрабуюць высокага мастацкага ўзроўню. А такія працы перш за ўсё арыентаваны на спробу выказвання, на спробу вырашэння нейкага ўнутранага канфлікту (тэатр — як арт-тэрапія, дапамога чалавеку ў крызіснай сітуацыі: пераходны ўзрост — гэта крызіс). Крытэрыі ж ацэнкі спектакля ў прафесійным тэатры, або ў аматарскім з прафесійным рэжысёрам, або ў тэатры, які робяць падлеткі, на жаль, нічым не адрозніваюцца, хоць гэтыя формы працы скіраваны на розныя мэты...
У краіне, дзе рэпертуарная палітыка не зарыентавана на падлеткавую праблематыку (а ў тынэйджэраў зацікаўленасць тэатрам увогуле вельмі нізкая), патрэбныя і тэатр, які робяць для школьнікаў дарослыя, і тэатр, які робяць для школьнікаў школьнікі. Проста хацелася б, каб апошняга было больш. І ўжо на пятнаццатых школьных чытаннях.
Анатоль Сабалеўскі