30 партрэтаў мінскай інтэлігентнай Дамы, якая носіць дэмакратычныя джынсы, круціць кольцы на тонкіх пальцах і хутаецца ў паланцін за столікам кафэ, размясціліся ў галерэі «Універсітэт культуры» напярэдадні галоўнага сакавіцкага свята.
Мастачка Ганна Балаш, рэжысёр Кацярына Аверкава, балерына Вольга Гайко,
Рэжысёр Кацярына Аверкава. Актрыса Зінаіда Зубкова. Балерына Вольга Гайко. Мастак Ганна Балаш.
актрыса Зінаіда Зубкова, оперная спявачка Алена Сало, кінааператар Таццяна Логінава, актрыса Купалаўскага тэатра і салістка гурта «Дзецідзяцей» Ганна Хітрык, харэограф Вольга Скварцова... Галерэя вобразаў на любы густ. У праекце «Горад жанчын» журналіст радыё «Культура» Кацярына Сушкевіч і фатограф Ягор Войнаў разглядалі тры іпастасі кожнай з іх — Маці, Творцы, Каханкі. Каб пачуць невялічкія інтэрв’ю з насельніцамі «Горада...», можна было патэлефанаваць на адмысловы нумар, указаны ў подпісе да фота, або дачакацца, пакуль аўдыёзапіс будзе выкладзены на інфармацыйным партале tut.by.
Фармат выставы прадугледжваў спалучэнне вялікіх чорна-белых фотапартрэтаў і крыху меншых па памеры прынтаў: на квадраце паперы — чатыры маленькія фота самога працэсу: як пілі гарбату на кухні, як жэстыкулявалі падчас ажыўленай размовы, як палілі... На гэтых «чацвярцінках» гераіні выглядаюць сапраўднымі: не вымучваюць усмешкі, не глядзяць спадылба ў камеру... Яны разняволеныя — такія як ёсць. Гэта вялікая заслуга Кацярыны Сушкевіч, якая стала 31-ай «гараджанкай» (журналістка прагна слухае кожную гераіню, быццам убіраючы яе словы не толькі дыктафонам, але і ўсім целам). На жаль, такі лёгкі настрой захаваўся не на ўсіх фота.
Выразнасць чорна-белага бясспрэчная, але «парадныя» партрэты гераінь не заўсёды выглядаюць удала. Калі-нікалі аўтары проста скочваюцца ў банальшчыну, дадаючы да вобраза Жанчыны мяккія цацкі — быццам бы яна па-ранейшаму кладзецца спаць выключна ў плюшавых абдымках. Шмат здымкаў зроблена менавіта ў хатніх інтэр’ерах, аздобленых у лепшых савецкіх традыцыях. Для «цікавых, асаблівых» можна было б адшукаць і больш выразны фон, чым стары дыван ды канапа.
...Злая вясна прыйшла. У кожнай гераіні — свой густ, які яна, пэўна, намагалася прадэманстраваць найлепшым чынам, ды, калі ў «Горадзе жанчын» водзяцца стылісты, навошта яны дазволілі некаторым апрануцца ў сукенку, якая «завецца vulgar», ды забрацца з нагамі ў ботах на высокіх абцасах на скураную канапу? Навошта актрысу паважанага ўзросту апранаць у лёгкую квяцістую сукенку і садзіць у позу, якая больш да твару была б маладзіцы-танцоўшчыцы?..
Крыху раздражняла сваёй вар’яцкасцю ў вачах спявачка фрык-кабарэ-бэнд: на галаве шахер-махер, у руках — гармонік...
Пры гэтым надзіва міла і наіўна выглядалі востраязыкая крытыкеса ў маленькай чорнай сукеначцы (побач з ёй на сценцы пасміхалася выява Барбары Радзівіл), і галоўны «дзіцёнак дзяцей», абуты ў смешныя кроксы, і танкарукі, з вачыма Бэмбі, харэограф у белай маечцы, і бранзалеты — цыгарэты мастачкі-лялечніцы, і высокія ілбы фей танцаў, памятаючых адвечны напамін настаўнікаў: «Прыбяры валасы з твару!»
«Жанчыны створаны для таго, каб іх кахалі, а не для таго, каб іх разумелі», — казаў Оскар Уайльд. А мы паспрабуем разам з аўтарамі праекта і палюбіць, і зразумець. Чаму стаіць яна, упіраючы рукі ў бакі, напружаная, гатовая скокнуць? Чаму пасміхаецца? Чаму з пагардай падціскае вусны? Чаму прыжмурваецца, гледзячы ўдалячынь?
Зіма, пакідай сэрцы. Твой снег растопяць усмешкі-позіркі, усмешкі-абяцанкі, усмешкі-пацалункі жанчын. Яны ўжо ў горадзе.
Алена Каваленка