Рымантас Дыхавічус мае, напэўна, усе магчымыя для фотамастака тытулы, узнагароды, прэміі. Ён заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы, лаўрэат Урадавай прэміі, сябра АFIAP -- Міжнароднага саюза фотамастакоў. Графік па адукацыі, скончыў Акадэмію мастацтваў у Вільнюсе, некалькі дзесяцігоддзяў працаваў у выдавецтвах і рэдакцыях, аформіў і праілюстраваў больш за дзвесце выданняў. Аўтарскія выставы Рымантаса Дыхавічуса адбыліся ледзь не ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах. Сёлета ў красавіку вядомы літоўскі творца прадстаўляў свае работы ў мінскай галерэі «Мастацтва».
У апошнія гады Рымантас Дыхавічус актыўна ўдзельнічае ў выдавецкіх праектах. Яго календары «Талентам і сэрцам» візуальна прадстаўляюць шматгранны свет мастакоў Літвы, міжнародны часопіс Baltic art прэзентуе творчасць сучасных балтыйскіх і расійскіх мастакоў. За выданне альбома «Паўночная Асеція -- Аланія» Дыхавічусу было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў гэтай рэспублікі. Плёнам працы на выдавецкай ніве сталі таксама манаграфіі аб творчасці знакамітых літоўскіх мастакоў Антанаса Кмеляўскаса і Шарунаса Саўкі, альбом, прысвечаны мастацтву беларускага графіка Юрыя Якавенкі.
На выставе ў Мінску быў прадстаўлены цыкл новых фотакарцін, дзе галоўнай гераіняй зноў стала жанчына ў яе дзівосных пераўтварэннях. Ці можна лічыць гэта працягам вашых рамантычных вышукаў -- толькі ў больш абагульненай, метафарычнай, сімвалічнай форме?
-- Дваццаць гадоў таму, калі з’явіліся мае першыя работы, я не разважаў аб перспектывах -- проста рабіў паэтычныя, высакаякасныя фотаздымкі, якія здзіўлялі замежных экспертаў. А сёння многія творы прадумваю, хачу, каб глядач не проста здзівіўся, захапіўся, але і зразумеў, што хараство знікае. У сучаснай фатаграфіі жаночае цела груба і непрыхавана эксплуатуецца. Я ж перажываю і баюся за лёс цнатлівасці. Надышоў той час, калі прыгажосць не ратуе свет, а сама мае патрэбу ў паратунку.
Серыі вашых работ фармальна адносяцца да жанру «ню». Жанр гэты быў асвоены даўно, ледзь не з моманту нараджэння фатаграфіі. Зроблена безліч адпаведных здымкаў. Здавалася б -- ці варта займацца такой тэматыкай? Ці не лепш звярнуцца да чагосьці іншага?
-- І сапраўды -- нас у жыццёвай прасторы акружае такая колькасць жахлівых, натуралістычных выяўленняў чалавечага цела і яго фрагментаў, што хоць каравул крычы. Варта падысці да любога прылаўка з газетамі і часопісамі, як кінецца ў вочы гэткая «прыгажосць» -- вульгарная, без адзнак высакароднасці, яна проста зневажае эстэтычнае пачуццё. Гэта што датычыць формы, а па змесце такія здымкі -- проста ўздзеянне на фізіялогію і нічога больш. Так што, як бачым, надышоў час крызісу жанру.
І ўсё ж такі мне не верыцца, што тэма вычарпана, што выяўляць на фатаграфіі цела, асабліва жаночае, можна толькі з утылітарнымі мэтамі. Верны звычцы «эстэтызаваць прастору», я заўжды ставіў перад сабой задачу -- пакінуць у сваіх мроях-візіях інтрыгу пачуццёвасці дзесьці на перыферыі. Мае работы павінны распавядаць аб іншым і выклікаць складаныя эмоцыі -- адчуванне містычнасці і таямнічасці метамарфозаў жаночага цела і прыроднага асяроддзя.
Вы расказваеце пра тое, што выяўлялі як фотамастак. А вось як вы гэта рабілі чыста тэхнічна?
-- Мае першыя здымкі былі чорна-белыя, і ад гэтага яны не станавіліся менш выразнымі. Я здымаў іх на працягу некалькіх гадоў. Фатаграфаваў так, каб максімальнымі паўтонавымі расцяжкамі перадаць пластыку фігуры. Не мною адкрыта, што ландшафт чалавечага цела дзівосна нагадвае прыродны. Углядаючыся ў лініі і аб’ёмы, святло і цені, фрагментуючы імі жаночае цела, я імкнуўся ўключаць у кадр толькі тое, што працавала на ідэю: перадаць натуральнае адзінства форм усяго існага на Зямлі. Я і сам быў заварожаны прыгажосцю і дасканаласцю сваёй мадэлі. Яе сілуэт, заліты святлом, то зліваўся з марскімі хвалямі, то вырастаў нібы палявая кветка сярод лугу, то здаваўся вытачаным з дрэва -- і я занатоўваў гэтую прыгажосць, толькі злёгку рэжысіруючы і выкадроўваючы з прасторы самыя выразныя часткі. Здымка вялася «на адным дыханні», амаль неўсвядомлена, і я не задумваўся, чаму такім або іншым чынам выбудоўваю пэўны фрагмент. Потым адзнятае аддрукоўвалася без аніякіх маніпуляцый у лабараторыі. Калі сёння паказваю тыя здымкі дваццацігадовай даўніны, многія не вераць, што гэта было зроблена без умяшальніцтва ў негатыў і пазітыў.
Адзін летні дзень. Фотаграфіка. 2005.
Пазней тэхніка маіх работ ускладнілася. На змену фотаздымку прыйшла фотаграфіка, якая дазваляе камбінаваць, супастаўляць, уключаць у выяву ілюзіі і метафары. Памятаю, аднойчы мне ў рукі выпадкова трапіў вялізны ліст. На прасвет я ўбачыў яго пражылкі, ажурную сетку ліній -- сілуэт ліста нечым нагадваў жаночае цела. Чаму б не параўнаць адну выяву з другой, падумалася мне. Так нарадзілася знакамітая работа, дзе празрысты ліст, нібы святлопранікальны веер, злёгку прыкрывае крохкую дзявочую спіну і заварожвае вытанчаным паўтарэннем яе абрысаў. Адзін з маіх апошніх цыклаў называецца «Скульптурныя візіі». Здаецца, у іх я, як скульптар, з прасторы, фігур і рэчываў матэрыялізую новую форму, якой можна надаць рознае гучанне...
Вы звычайна выстаўляеце серыі фотаработ. Чаму? Лічыце, што адзін моцны фотаздымак не можа даць поўнага ўяўлення пра ідэю, якую хацелі б выказаць?
-- Дасканаласці рэдка ўдаецца дасягнуць у адным лісце. Заўжды застаюцца пэўныя павароты, нюансы, якія могуць дапоўніць тэму, расставіць акцэнты. З іншага боку -- хочацца проста доўжыць імгненне, зноў і зноў любавацца натурай. Тут, праўда, аўтара падсцерагае небяспека самапаўтораў. Часам вялікіх намаганняў каштуе спыніцца: завяршыць серыю і паставіць кропку.
Ваш першы альбом «Кветкі сярод кветак» з’явіўся ў 1987 годзе на Міжнародным кніжным кірмашы ў Маскве -- на стэндзе літоўскай літаратуры. Сенсацыйнасць гэтай падзеі была проста неверагоднай! Гэткай жа, зрэшты, як і ваша папулярнасць, што цалкам зразумела: да таго альбома тэма «ню» была забаронена для адкрытага дэманстравання. Якім шляхам вы ішлі да сваёй вядомасці?
-- Жыццё не песціла радаснымі момантамі, асабліва ў дзяцінстве. Маленькім хлопчыкам разам з бацькамі быў высланы ў Сібір. Там памерла мама. Пазней вярнуўся ў Літву, стаў студэнтам, але жыў у падвалах, на гарышчах, у чыгуначных вагонах. Аднак гэта не знішчыла ўва мне імкнення да прыгажосці, якую хацелася знайсці і занатаваць.
Шчыра кажучы, фатографам я станавіцца не збіраўся. Трыццаць гадоў таму фатаграфію лічылі не мастацтвам, а проста тэхнічным сродкам занатавання выявы для пашпарта, для газетнага рэпартажу... Нават калі я захапіўся фотаздымкамі, некалькі гадоў не рашаўся расказаць пра гэта сябрам. Бо ў адказ мог бы пачуць: «Лянуешся або забыўся як маляваць?»
Я скончыў у Каўнасе мастацкую школу як жывапісец. На абароне дыплома выкладчыкі, паглядзеўшы малюнкі і накіды, якія я выставіў разам з дыпломнай карцінай, параілі паступаць у Акадэмію мастацтваў на графіку. Прапанова зацікавіла, хоць я і не ведаў, ці спадабаецца мне майстэрства чорна-белай лініі. Сёння не шкадую, што засвоіў гравюру, акварэль і малюнак. Падчас вучобы даведаўся пра такія незвычайныя тэхнічныя магчымасці і тонкія эстэтычныя правакацыі, якія былі недаступныя жывапісцам.
Калі ж у вашым жыцці ўзнікла фатаграфія?
-- Пасля заканчэння Акадэміі пайшоў працаваць у выдавецтва, і там мне трэба было не толькі ілюстраваць кніжкі, але і выконваць чыста журналісцкія функцыі, а менавіта -- рабіць фотаздымкі для аздаблення выданняў. Да таго ж, яшчэ падчас студэнцтва я трапіў у этнаграфічную экспедыцыю, адкуль прывёз шмат здымкаў, якія захоўваюцца цяпер у маім архіве: старыя вёскі, могілкі, людзі, якіх ужо няма... Калі накапіліся тысячы плёнак, вырашыў іх сістэматызаваць. І раптоўна ўбачыў, што ў гэтай бясконцай масе выяўляюцца пэўныя тэмы, прачытваюцца пейзажы. Сярод іншага -- чыстая форма (я яе называю «прыгожае нішто»), гэткія дзівосныя крышталі, якія даюць падставы для нечаканых асацыяцый. Так з’явіліся мае фатаграфічныя фантазіі. «Візіі» -- назва апошняга альбома, які я прэзентаваў нядаўна на Франкфурцкім кніжным кірмашы. Думаю, гэта мая апошняя работа ў фотаграфіцы. Хачу выйсці з гэтай сферы. Дапамагаю сябрам у выдавецкай справе. Мае календары прапагандуюць літоўскае нацыянальнае мастацтва. Шмат малюю, засумаваў па пэндзлях і фарбах.
З серыі "Мроі-візіі". Лічбавы друк. 2007.
Да графікі вяртацца не збіраецеся?
-- Графіка -- як скрыпка: трэба іграць кожны дзень з ранку да вечара. Толькі тады будзе сапраўдны вынік. Калі гэтага няма, рука страчвае цвёрдасць і адчуванне лініі. Аднак я раблю шмат замалёвак, у мяне маса эскізаў. А вось да станковых работ я, мабыць, ніколі не вярнуся. Дарэчы, у Літве графікай займаюцца адзінкі. Гэты від мастацтва лічыцца трошкі архаічным. Але мне такое стаўленне здаецца надуманым, калі майстар прафесіянал, яго работы заўжды будуць актуальнымі.
Ці не таму адзін з альбомаў вы прысвяцілі творчасці беларускага графіка Юрыя Якавенкі?
-- Юрый мне сімпатычны як чалавек і як творца, нястомны ў сваёй працы. Ён пачынае ранкам і шчыруе да ночы. На яго руках, там, дзе трымаюць аловак, першы раз у жыцці ўбачыў мазалі... Гэта варта павагі. Якавенка -- выдатны майстар лініі. Віртуознасць і мікраскапічнасць -- рэдкае спалучэнне. Дадайце да гэтага нацыянальны каларыт і сярэдневяковую містычнасць... Дарэчы, я ў захапленні ад работ беларускіх мастакоў, з якімі давялося пазнаёміцца. Гэта і скульптурная пластыка Уладзіміра Панцялеева, і жывапіс Валянціны Сідаравай...
Ці можаце вы сказаць, што ў літоўскім грамадстве ўкаранілася ўяўленне аб фатаграфіі як самастойнай з’яве мастацтва?
-- Праблема ў тым, што мастацтва ў нас многія гады ўспрымалася як з’ява музейная. У гэтым сэнсе мастацкай фатаграфіі «не пашчасціла», яе не збіралі музеі і калекцыянеры. Фатаграфія прысутнічала як дакументальны матэрыял у гістарычных экспазіцыях. Была «не зусім» мастацтвам. Сітуацыя пачала змяняцца толькі ў 1990-х. Цяпер у Вільнюсе адкрываецца ўсё больш фотавыстаў, маладыя мастакі хутка становяцца знакамітымі ў сваёй краіне і ў Еўропе... Я выкладаў на першым курсе фотамастакоў, арганізаваным пры Акадэміі мастацтваў у Каўнасе. Многія выпускнікі цяпер ужо самі вядомыя творцы, маюць сваіх вучняў.
Лічыцца, што мастацкая фатаграфія павінна быць чорна-белай...
-- Манахромнасць -- гэта відавочная перадумова для пераходу да ўмоўнасці. Аднак ствараць іншую рэальнасць можна і з дапамогай колеру, фотаграфікі. Зрэшты, такое меркаванне нарадзілася таму, што лічбавае фота стала сёння агульнадаступным, зручным, арыентаваным на стандарт.
Да таго ж многія забываюцца, што няма таго «цуда-фотаапарата», які дапаможа зрабіць геніяльныя здымкі. Можна ўсё жыццё правесці ў пошуку такой тэхнікі, набываючы ўсё новыя камеры, а вартых увагі здымкаў так і не адбудзецца. Калі гаворка ідзе аб прыкладной фатаграфіі, то, каб выжыць у канкурэнтнай барацьбе, трэба быць на належным тэхнічным узроўні. Аднак мастаку практычна ўсё роўна, якая камера ў яго руках. Яго задача -- знайсці творчае рашэнне. Ракурс, ідэю, тэму, яе пластычнае ўвасабленне. Галоўнае, каб у рабоце не ўзнікла стэрыльнасці, якую нараджае тэхнічная бездакорнасць, але была недаказанасць, сэнсавая гульня, містычнасць. А яшчэ прыгажосць, якая нагадвае аб крохкасці, тленнасці і безабароннасці нашага свету.
Наталля ШАРАНГОВІЧ