П.Шабуня. Арэлі. Алей. 1979. Кіраўнік А.Малішэўскі. |
Цікава было паслухаць, як ацэньвалі ў прыватных размовах сваю вучобу выпускнікі «са стажам» і як яны паставіліся да сваёй сённяшняй «маладой змены»: «Мы былі больш дарослымі. А яны... маленькія капрызніцы ды хуліганы з наіўнымі вачыма. І зорная хвароба ў іх узнікае абавязкова»; «Сённяшнія навучэнцы апатычныя, няма бляску ў вачах, яны вельмі інфантыльныя...» Старэйшае пакаленне крытыкавала ахвотна, але маладыя таксама па слова ў кішэнь не лезлі: «Традыцыі традыцыямі, але прынцыпы сацрэалізму, якія вы так добра эксплуатавалі, зараз безнадзейна састарэлі, і цікавяцца імі толькі гісторыкі мастацтва...»
На баку старэйшага пакалення -- час. Выпускнікі 1950 -- 1960 гадоў ужо паспелі стаць класікамі беларускага мастацтва. На баку маладых -- таксама час, які пакажа, чаго вартыя іх амбіцыі.
Вучэльню імя А.Глебава называлі «выспай свабоды» сярод сацыялістычнага дагматызму -- гэткая маленькая мастацкая Куба ў атачэнні «варожага» сацрэалістычнага свету. Але ад сацрэалізму нікуды не дзецца. Як слушна зазначыў дырэктар вучэльні Васіль Ясюк: «Асноўнымі творчымі тэмамі таго часу былі паэзія працоўных будняў і жорсткая праўда Вялікай Айчыннай. Нашы мастакі здолелі надаць суроваму стылю чалавечае аблічча».
На выставе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва вельмі моцна адчуваўся подых мінулага. Валадарылі класічныя сюжэты і кампазіцыі: маці з малым на руках, змрочны блакадны Ленінград, вясковыя вяселлі, нацюрморты… А яшчэ -- паркалёвыя сукенкі, рабочыя мазалі, коні… Назвы простыя, без выкрутасаў -- «Сход», «Трактарысты», «У
Д.Валынец. Вясна. Алей. 1997. Кіраўнік Л.Раманоўскі. |
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі тым часам адкрылася яшчэ адна мастацкая выстава, дзе былі прадстаўлены 47 работ жывапісу, графікі, скульптуры, батыка і габелена «птушанят», сённяшніх навучэнцаў і нядаўніх выпускнікоў вучылішча-юбіляра. Многія дыпломныя праекты сведчаць, што іх аўтары імкнуцца да абагульненняў, філасофскіх разваг, да дыялогу з гледачом. Ёсць пранікнёныя, багатыя на адценні работы. Відавочна, што многія авалодалі традыцыямі класічнай школы, дэманструюць выдатныя выканальніцкія якасці, прадстаўляюць цікавыя пластычныя вышукі. У іх творах арганічна суіснуюць фантастычны і празаічна-звыклы свет, акадэмічныя напрацоўкі спалучаюцца з умоўна-дэкаратыўнымі падыходамі да вырашэння кампазіцыі. Маладыя з вялікай ахвотай звяртаюцца да гісторыі, да тэм нацыянальнага адраджэння, з цікавасцю малююць абстракцыі ды працягваюць пошукі ў рэчышчы рэалістычнага жывапісу.
С.Стражэўскі. Вечар. Алей. 1978. Кіраўнік А.Салькоў. |
Абмежаваная колькасць тэм і сродкаў для іх выяўлення толькі на першы погляд падаецца нечым нечаканым. Сённяшняму маладому мастаку даводзіцца значна цяжэй, чым яго равесніку саракагадовай даўніны. Пісаць можна ўсё -- у любым жанры, любой манеры. Але ці дастаткова дарослыя нашы юныя мастакі для гэтай свабоды? Так, яны маюць вялікую прастору для творчасці. Але гэтая прастора, што паўстае за шырока адчыненымі дзвярыма, палохае іх. Там -- рух без правілаў. Сённяшні мастак-навучэнец -- як малое дзіця, што стаіць у кандытарскай краме і ніяк не можа выбраць паміж вялікай цукеркай і прыгожым пернікам. А потым ужо крытыку даводзіцца выбіраць паміж пернікам і бізуном, бо аналізаваць тое, чаго няма (творчы пошук, напрыклад) -- гэта справа філосафа, а не мастацтвазнаўцы.
Безумоўна, моладзь, якая выйшла на вольны свет са сцен навучальных устаноў, будзе яшчэ досыць доўга шукаць сябе і сваё месца ў грамадскіх структурах і творчым асяродку. І далёка не ўсе застануцца на вышыні прафесійнай дзейнасці. У маладзёжных творах шмат цытат, рэмінісцэнцый, рэфлексіўнасці, выпадковасці. Гэта натуральны працэс
Мік.Ісаёнак. Мацярынства. Алей. 1979. Кіраўнік В.Лапчынскі. |
Але моладзь ва ўсе часы «прарывалася» за кошт здаровых амбіцый, працаздольнасці, імкнення да навацый, смеласці ў іх выкарыстанні. Важна пачуць і дапамагчы чыстаму голасу айчыннай мастацкай перспектывы. А такая перспектыва ў выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча, безумоўна, ёсць.
Пройдзе час, і мы зможам вызначыць знакавыя імёны новых мастакоў, якія пачыналі тут свой творчы шлях. І нават сёння ў спісе выпускнікоў мы бачым прозвішчы актыўных і ўжо вядомых творцаў. Нішто не перашкаджае ім стаць у будучым у шэраг іх больш знакамітых калег. Тут наша школа выпрацавала механізм захавання ўласнай самабытнасці, звязанай з прафесіяналізмам, сваім уласным бачаннем свету, жыццёвых рытмаў, праблем нацыянальнага. Гэты механізм -- зарука таго, што школа будзе развівацца.
Сапраўды, мастацкая школа не з’яўляецца догмай, яна змяняецца пад уплывам сучасных павеваў, запатрабаванасці ў некаторых спецыялізацыях, актуальнасці пэўных накірункаў мастацтва. Але база, аснова -- акадэмічны малюнак, рэалістычныя традыцыі, набыццё ў першую чаргу майстэрства, выхаванне свабоды ў выкарыстанні тэхнічных сродкаў на карысць асноўнай высокай мастацкай ідэі, урэшце, выхаванне індывідуальнасці мастака -- засталіся нязменнымі.
Алена Сасноўская