Сцэна са спектакля. |
Што склала аснову паэтычнага і мастацкага светапогляду Янкі Купалы? На гэтае пытанне рэжысёр спектакля адказвае разам з харэографам Л.Сімаковіч, што даўно займаецца збіраннем і творча-сцэнічным асэнсаваннем беларускай танцавальнай аўтэнтыкі. Менавіта з купальскіх абрадаў з іх паганскімі каранямі і еднасцю з прыроднымі стыхіямі прарастае шчымлівая Купалава лірыка. Яшчэ маленькім хлапчуком (паэт у дзяцінстве -- Ваня Шапо) на каленях у маці назірае ён за купальскімі гульбішчамі, скокамі цераз вогнішча і прывабным, раскаваным узаемапрыцягненнем мужчынскага і жаночага пачаткаў, пошукамі папараць-кветкі, якая абяцае вечнае шчасце. І нягледзячы на тое, што ранкам увесь гэты казачна-чароўны свет знікае і паганская багіня Купала, ахоўніца ўсяго жывога на зямлі, згарае ў полымі купальскага вогнішча, роўна праз год, бы міфалагічная птушка Фенікс, яна зноў адродзіцца ва ўсёй красе. Верай у неўміручасць лепшых спрадвечных якасцей беларусаў, у іх прыродную рэінкарнацыю будзе прасякнута ўся творчасць Янкі Купалы.
М.Зуй (Янка Купала ў маладосці). |
У цэнтры сюжэтнай лініі спектакля -- тэма смерці паэта, яго загадкавага падзення ў лесвічны пралёт гасцініцы «Масква» ў 1942 годзе. Мы і сёння не ведаем, вынікам чаго сталася тая смерць: трагічнай выпадковасці, кроку адчаю -- ці, мажліва, чыёйсьці «дапамогі» пісьменніку? Гэтая смерць, дакладней, яе рацыянальна-праўдападобнае вытлумачэнне, сталася для ўладаў праблемай. Як, зрэшты, праблемай было і ягонае жыццё. Менавіта на смяротнай мяжы Янка Купала (Аляксандр Падабед) азірае пройдзены шлях і імкнецца зразумець (і задаць гэтае ж пытанне нам, гледачам), чаму ўсё склалася так, а не іначай... Відавочна, што рэжысёр У.Савіцкі не мае намеру ўдавацца ў падрабязнасці біяграфіі Песняра і ўзнаўляць на сцэне грамадскія і сацыяльна-палітычныя рэаліі таго часу. Гэты «побыт» -- гасцінічныя пакаёўкі, прадстаўнікі КДБ, іх паводзіны і ўзаемаадносіны -- выглядае празмерна кінематаграфічна і занадта рэальна, як быццам хтосьці наўмысна намагаецца нас пераканаць у тым, чаму мы так і не можам даць веры. Ды і як паверыць у моц рэальнасці, калі і непарушныя, на першы выгляд, масіўныя металічныя калоны, і гасцінічная лесвіца, здаецца, вось-вось абрынуцца і ператворацца ў пыл і друз (сцэнаграфія В.Цімафеева).
Сцэна са спектакля. |
Свет сталага, прызнанага паэта Янкі Купалы -- тыя мроі, якія ахутваюць творцу і прарастаюць у яго вершах, паэмах. Своеасаблівай кульмінацыяй і катэгарычным адмаўленнем ад навакольнай рэальнасці становіцца сцэна з русалкамі, што так прывабна танцуюць побач з творцам. Танец перапыняе пранізлівы тэлефонны званок з рэчаіснасці -- русалкі заміраюць, гатовыя знікнуць з поля зроку паэта, і той, каб не страціць іх, не развітацца з любымі сэрцу вобразамі... абрывае тэлефонны шнур, даючы працяг іх прывіднаму, але такому прыцягальнаму жыццю.Так склалася ў айчынным літаратуразнаўстве, што Янку Купалу традыцыйна ўяўляюць песняром беларускай зямлі, своеасаблівым літаратарам-народнікам. Між тым творца не прыхоўваў, што знаходзіцца пад моцным уплывам такога папулярнага напачатку ХХ стагоддзя накірунку ў літаратуры, як сімвалізм. Творчыя пошукі часта скіроўвалі паэта ў бок метафізічнага асэнсавання рэчаіснасці. Нават хрэстаматыйнае «Раскіданае гняздо», якое прынята лічыць «гісторыяй высялення з дому сялянскай сям’і», тоіць глыбокія філасофскія падтэксты, прычым не толькі адносна лёсу беларускага народа. Янка Купала разважае пра месца чалавека ў прыроднай сістэме каардынат і пра тое, наколькі кожны можа быць кавалём уласнага шчасця альбо гора.
Пра гэта паспрабаваў расказаць нам рэжысёр У.Савіцкі.Адметнасць пастаноўкі яшчэ і ў тым, што яна перагукаецца са спектаклем «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа, пастаўленым у Купалаўскім тэатры сезонам раней. Як і работа Мікалая Пінігіна, «Сны аб Беларусі» працягваюць разважанні пра лёс творцы, пра складанасць суаднясення мастацкага свету і свету рэальнага. Але калі ў «Сымоне-музыку» герой не знаходзіць для сябе і свайго таленту месца ў жыцці, «Сны аб Беларусі» сцвярджаюць, што ў класічным філасофскім саперніцтве паміж быццём і свядомасцю апошняя, калі яна спараджаецца сапраўдным творцам, можа не проста паспаборнічаць з рэальнасцю, але і паўплываць на яе. Хоць бы і праз сны -- такія жаданыя і пранізлівыя па сваёй унутранай праўдзівасці...
Таццяна КОМАНАВА