Фрагмент экспазіцыі |
Калі ўзіраешся ў сутнасць некаторых з’яў, не заўсёды звяртаеш увагу на іх падвоеную прыроду. Пры разглядзе нейкага аб’екта мы канцэнтруем думку выключна ў адной плоскасці і ігнаруем тое, што знаходзіцца па-за яе рамкамі. Калі ж у пэўны момант усё ж адбываецца ўзаемадзеянне падвоеных элементаў, яны імкнуцца ўтварыць адзінае цэлае і сцерці мяжу супярэчнасцей. Сцерці ці абвастрыць. Кожны асобны элемент у праекце прапануе гледачу дыстанцыявацца ад павярхоўнай асновы аб’ектаў і падумаць над тым, дзе і як у нейкай цэласнасці — у сям’і ці грамадстве — праходзіць тонкая грань паміж любоўю і нянавісцю, стварэннем і знішчэннем.
Ідэяй для выставы Жанны Гладко з’явіўся пераломны момант ва ўзаемаадносінах з бацькам, гэта матывавала яе да аналізу іх стасункаў з дапамогай распрацаваных мастацкіх стратэгій. Аднак не варта канцэнтравацца на «асабістым», бо Бацька тут выступае як абстрактны ўладарны вобраз. Канфлікт, які мы можам назіраць паміж умоўнымі ці канкрэтнымі бацькам і дачкой, засведчвае працэс вызвалення асобы ад улады і фарміравання індывідуальнасці, здольнай дэманстраваць сілу. Адсюль — супрацьстаянне, якое змяняе полюсы паміж агрэсарам і ахвярай.
Жанна «прысвойвае» асабістыя рэчы бацькі, што становяцца яе фармальнай зброяй. Спусташае патроны і змяшчае порах за шкло: яго можна інтэрпрэтаваць як лінію жыцця, дарогу ці экзістэнцыйны пыл. Перапісвае на тканіну бацькаву інструкцыю і зашывае дзеясловы, што фіксуюць праявы мужчынскага пачатку. Такім чынам яна змяняе логіку тэксту і пазбаўляе яго функцыі закліку да дзеяння, адмаўляючыся быць кіруемай.
Усе аб’екты інсталяцыі: фатаграфіі, пераасэнсаваныя прадметы з сямейнага архіва, абстрактныя работы, аўдыя- і відэатворы — размясціліся ў галерэйнай прасторы з дапамогай трох спецыяльна створаных драўляных шырмаў.
Ні адзін чалавек, прадмет або з’ява не можа быць класіфікаваны адназначна, і Жанна Гладко прапануе гледачу самому адшукаць інтэрпрэтацыю для кожнага асобнага элемента — ці гэта патранташ, ці фармальны каляндар, на якім адзначаны сустрэчы з бацькам. Мастачка, абапіраючыся на практыкі канцэптуалістаў, а дзесьці і авангардыстаў, распрацавала ўласную стратэгію, што ўнікае адназначнай аўтарскай і глядацкай характарыстыкі.
Інсталяцыя ўтрымлівае шмат інтымных момантаў, што тычацца выключна самой мастачкі. Яны «завуаляваны» ў сямейных відэа і фатаграфіях, рэдзі-мэйд аб’ектах. Жанна свядома адмаўляецца ад ключоў, якія б дапамаглі больш канкрэтна патлумачыць асобныя дэталі, таму ўсе элементы інсталяцыі носяць фармальны характар. Аўтар ператварае прыватнае жыццё ва ўніверсальную абстракцыю, якая ўтрымлівае мноства сэнсаў і інтэрпрэтацый.
У гэтым праекце прыхаваны яшчэ адзін ідэйны складнік — і не столькі ў адкрытай галерэйнай прасторы, колькі ўнутры нас саміх. Размова пра духоўную сілу, здольную развіваць уласны патэнцыял. Аднак, правакуючы ўнутраную сілу, ці не мяняем мы сацыяльныя ролі ў грамадстве? Або гэта толькі магчымасць выправіцца ў захапляльнае падарожжа ўласнага быцця?
Вікторыя ГУЛЕВІЧ