Юрый Жыгамонт. Здымкі тэлецыкла «Прыгоды дылетанта». |
Пра асаблівасці стварэння тэлецыкла я размаўляю з яго вядучым Юрыем Жыгамонтам.
Вобраз вядучага-дылетанта стаў не толькі стрыжнем, але і сапраўднай візітоўкаю тэлевізійнага цыкла «Прыгоды дылетанта». Круглыя шкельцы на тонкіх дужках зачапіліся ледзь не на кончыку носа, з-пад вялікіх палёў капелюша свавольна выбіваюцца светлыя кучаравыя валасы, у руках — стары сакваяж і чорны парасон. У залежнасці ад сезона — доўгае паліто ці льняны мужчынскі строй. Такі несучасны вонкавы выгляд, зварот «паважанае паньства» да гледачоў ды наўпроставы позірк паверх акуляраў адразу настройваюць на небанальную размову. І сапраўды, без экспрэсіўнай жэстыкуляцыі вядучы-«дылетант» пачынае ашчадна разбіраць павуцінне Часу, быццам кранаючы нашу здранцвелую памяць... Ці самі вы прыдумалі свой экранны вобраз?
— Нічога адмысловага я не рабіў. На пробы з’явіўся літаральна так, як хадзіў па Мінску: у чорным паліто і капелюшы. І распачалася мая тэлевізійная вандроўка. А паліто з капелюшом ператварыліся ў зімовы строй «дылетанта».
Што вас падштурхнула да гэтага кроку — паспытаць сябе ў якасці вядучага краязнаўчай тэлепраграмы? Здаецца, не трывіяльныя абставіны акцёрскага існавання...
— Гляджу на гэта, як на падарунак лёсу. Ведаеце, мае вандроўкі — патрэба душы. Падарожнічаць любіў з юнацтва: на вакацыях браў квіток ды выпраўляўся ў любы горад. Па дарозе здаралася шмат розных прыгодаў. І жаніць мяне спрабавалі, і запрашалі блінцы пячы... Чаго толькі не было! Тады ж адчуў імпульс да спасціжэння складанага гістарычна-жыццёвага арнаменту, у які ўплецена таксама і мая асабовасць. Я нарадзіўся на Палессі. Аднойчы, калі падлеткам дапамагаў бацьку на сенажаці, ён раптам прызнаўся, што ўся тая зямля належала майму дзеду. Тады я ўпершыню сур’ёзна задумаўся — хто быў мой дзед, прадзед... І наогул — чый я нашчадак. Сёння свой радавод ведаю да 8-га калена.
Дарэчы, ваша прозвішча толькі на адну літару адрозніваецца ад знакамітага велікакняжацкага Жыгімонт.
— Мой прадзед пісаўся менавіта «Жыгімонт». Потым перапісчыкі недарэчна змянілі «і» на «а». Але Жыгімонт — гэта ж толькі імя. Колькі разоў на здымках людзі мясцовыя падыходзілі і пыталіся: «Гэта ваш псеўданім?» Тады пачынаў тлумачыць пра паходжанне... Але аднойчы мне надакучыла, і я пагадзіўся: «Так, псеўданім». «Я так і ведаў. Давайце знаёміцца», — пачуў у адказ...
«Прыгоды дылетанта» — своеасаблівы рэпартаж з мінуўшчыны, схаванай пад покрывам сучаснасці. Між іншым, падобны прынцып (герой-вядучы з мінуўшчыны) чвэрць стагоддзя таму апрабаваў на Беларускім тэлебачанні прафесар Гурый Барышаў у тэлефільме «Музы палацаў і замкаў старадаўніх». Апрануты ў камзол і парык XVIII стагоддзя, ён — доктар мастацтвазнаўства — вёў гледача па сучасных Нясвіжу, Слоніму, Ружанах, распавядаючы пра колішнюю тэатральную культуру тых мясцінаў. На жаль, патэнцыял серыйнасці аўтары згаданай перадачы не скарысталі. Яна так і засталася адзінкавай. У адрозненне ад «Дылетанта». На Беларускім тэлебачанні сёння, здаецца, няма іншай аўтарскай праграмы, якая б сваю невычарпальнасць адмярала дзесяцігоддзем. Як бы вы самі патлумачылі гэты феномен?
— Ніколі не задумваўся... Калі б я вёў праграму пра тое, што мне не цікава, калі б не ўкладаў сваю душу, то абмежаваўся б двума-трыма выпускамі... Над «Дылетантам» побач са мной працавала шмат людзей. Адны — сыходзілі даволі хутка. Заставаліся тыя, каму гэта балела.
Відавочна, такога кшталту праграму не зробіш, як той казаў, «з кандачка»...
— Беларускай гісторыяй захапляюся з дзяцінства. Вельмі любіў слухаць дзедавы расповеды пра жыццё-быццё — успрымаў іх як казкі. Потым пачаў набываць кнігі, праглядаць артыкулы ў спецыялізаваных часопісах. Многае абмяркоўваю з супрацоўнікамі музеяў. А колькі новага адкрываецца на месцы, калі гутарыш з жыхарамі! Я на ўсё звяртаю ўвагу — на побыт, на абрады, на мясцовыя байкі...
Але на здымкі аднаго выпуску адводзіцца толькі дзень...
— Менавіта адзін светлавы дзень. А ўзімку, уявіце сабе, — лічаныя гадзіны. Заўсёды ўздыхаю з палёгкай на пачатку студзеня: вось, нарэшце, некалькі хвілінак дадалося. Мару, каб хоць пару дзён на здымкі выпадала.
Як вызначаецца маршрут чарговага падарожжа?
— Маршрут выбіраю сам. Часам адштурхоўваюся ад гістарычнай персоны, мне невядомай. Пачынаю шукаць: дзе нарадзіўся? Бач, дык і палац там застаўся... Так крок за крокам ланцужок і пляцецца. Іншым разам на вочы трапляе артыкул ці кніга. Вось нядаўна з’явілася цудоўная кніжка пра Дзявяткавічы: столькі аўтары сабралі цікавага! І мы вырашылі нават дзве праграмы зрабіць — пра Старыя Дзявяткавічы і Новыя Дзявяткавічы.
А сваю родную вёску Дзямідава здымалі?
— Аднойчы зрабілі матэрыял на 13 хвілін. Дарэчы, людзі часта дасылаюць лісты на праграму з прапановай прыехаць і зрабіць перадачу пра іх сяло. Аднак у кожнага сваё бачанне. Часам патрабуюць, каб паказаў, напрыклад, лазню зламаную. Але «Прыгоды дылетанта» — не «гарачая лінія»...
Як паводзяць сябе мясцовыя жыхары, калі вы звяртаецеся да іх у вобразе «дылетанта» (чалавека несучаснага выгляду)? Здаецца, беларусы не вельмі адкрытыя для камунікацыі.
— Беларусы — нармальныя людзі. Гутараць, распавядаюць, самі пытаюцца. А наогул, гэта фальшывае ўражанне, быццам беларусы жывуць, так бы мовіць, уцягнуўшы галаву ў плечы. Яны думаюць, мараць, працуюць. Колькі сустрэў рупліўцаў, якія вывучаюць гісторыю сваіх мясцін і дзецям перадаюць любоў да роднага кута! Вось нядаўна быў у Міёрах. Тамтэйшы настаўнік Вітаўт Ермалёнак стварыў музей у школе — столькі экспанатаў знайшоў! Нават люстэрка, якім карысталася Эмілія Плятэр — беларуская Жанна д’Арк. Дзеці глядзяць у яго, і я зазірнуў — цуд натуральны!
Кожная праграма з цыкла «Прыгоды дылетанта» пачынаецца відэапартрэтам гарадка-героя: праз панараму цэнтральнай вуліцы дадаюцца выразныя акцэнты — шыльды, жывёлы, вокны дамоў, твары людзей. Тут «кветкі правінцыі» пераплятаюцца з адбіткамі глабалізацыі, колазварот паўсядзённасці — з метафізікай жыцця. Ніякай гламурызацыі рэчаіснасці. «Дылетант» узнаўляе каардынаты гісторыка-культурнай прасторы, дзе знявечаныя нашай нядбайнасцю храмы ды зарослыя пустазеллем курганы дыхаюць вітальнай цеплынёй. Літаральна ўсё, што трапляе ў кадр, не выпадковае, не фармальнае, але зробленае з любоўю. Так проста...
— Дзякуй. Нават перадачы, якія выходзяць па-за тэлевізійным сезонам (ліпень, жнівень, верасень), не з’яўляюцца чыстым паўторам. Мы рыхтуем іх адмыслова. Апошнім часам сам пачаў пісаць сцэнарыі. Мае школьныя настаўнікі не маглі б уявіць такога нават у жахлівым сне. Вымучваў калісьці сачыненні з трох-чатырох радкоў... Не хапала натхнення, ведаў, жадання.
Але на экране ваш «дылетант» не проста агучвае распавядальнымі інтанацыямі падрыхтаваны тэкст...
— Так, я часта імправізую, дадаю мясцовыя паданні, якія чую ў размовах з тамтэйшымі жыхарамі.
З цягам часу карэктавалася назва праграмы («Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта»), удасканальвалася структура, аўдыявізуальная пластыка. Адточвалася майстэрства экраннага аповеду пра святло роднага краю, якое не знікла. А хто быў аўтарам ідэі перадачы?
— Ідэя належыць Уладзіміру Максімкаву. Але сапраўды, калі пачыналі, ніхто не ўяўляў, што вытрымаем сотні выпускаў і ўвойдзем у другое дзесяцігоддзе свайго тэлевізійнага жыцця.
«Прыгоды дылетанта» — перадусім увасабленне вашай асобы як пратаганіста-мадэратара, які не проста перакідвае «камунікатыўны масток», але выпраменьвае шчырую любоў да Бацькаўшчыны. Аднак няма тэлеперадач без аператара...
— Так, мы шмат працавалі з Валерыем Булдыкам. Ён быў чалавек захоплены. Не зважаючы на хворыя ногі, падарожнічаў ды здымаў край і людзей. Менавіта ў яго я шмат чаму навучыўся. Разумею, як уплываюць святло, ракурс, глыбіня прасторы на ўнутрыкадравую атмасферу, на выяўленчы дух перадачы. Цяпер робім праграму з маладым аператарам Вадзімам Кудзіным.
То-бок ашчадна збіраеце аскепкі мінуўшчыны, захоўваючы экранныя рэпрадукцыі старажытных гарадзішчаў, палацаў, касцёлаў, цэркваў. Шмат архітэктурных аб’ектаў страчана ці ў руінах, рэдкія — адноўлены. Гэта вельмі абцяжарвае вашу працу з пункту гледжання візуальнай палітры. Мо, ёсць сэнс звярнуцца да камп’ютарнай анімацыі, каб «дабудоўваць» фасады, інтэр’еры?..
— Камп’ютарная графіка занадта дарагая. А з іншага боку, столькі знішчана будынкаў на нашай зямлі, ад якіх нават і выяў не засталося! Як іх узнавіць? Дзякуй Напалеону Орду, які колісь маляваў беларускія сядзібы, храмы, маёнткі. Вось іх магчыма было б камп’ютарам «ажывіць» на экране. Але сціплы бюджэт нашай праграмы не вытрымае такіх выдаткаў.
Апошнім часам заўважна пашырыўся поліфанізм перадач — песні беларускіх музыкаў, адмысловыя рэмаркі (гістарычныя даведкі), кароткія расповеды ці звароты мясцовых людзей аб выратаванні спадчыны.
— Такое шматгалоссе не толькі дадае эмацыянальны імпульс, але расхінае семантычную заслону. Дзякуючы падарожжам я пачаў глядзець на Беларусь, на чалавека ў маштабе вечнасці. Шчыра кажу — без усялякай патэтыкі. Упэўнены, кожны агідны ўчынак адбіваецца на нашчадках. Падобным чынам і продкі сваёй формулай жыцця ў пэўнай ступені закадзіравалі нашу лінію быцця.
Здаецца, што за час існавання праграмы вы адмералі ўласнымі нагамі кожны метр беларускай зямлі: Парычы, Канічы, Іказнь, Лынтупы, Асвея, Забычанне... Стварылі ўнікальную экранную анталогію, куды, на маю думку, патрапіла ці не кожнае беларускае мястэчка або вёска.
— У некаторых раёнах мы наогул пакуль не пабывалі. Столькі нязведаных месцаў у нашай краіне, столькі скарбу духоўнага! Мы з’явіліся менавіта тут, на Беларусі, а не ў іншым краі. Тут нашыя карані. Намагаюся ў кожным выпуску праграмы данесці да гледача думку, што мы, як нацыя, не ўчора нарадзіліся. Што наш радавод складаюць не толькі сяляне, але таксама шляхта, рыцары. Што ў нас вялікі культурны абшар і яго трэба далікатна штодзённа ўзнаўляць — як у рэчаіснасці, так і ў мастацтве: у кіно, тэатры, на тэлебачанні.
Мне падаецца, што звышзадача любой краязнаўчай перадачы вызначаецца набліжэннем да філасофскай максімы: куды хаваецца Час і дзе зліваюцца межы Прасторы?.. Метафізічны адказ, кшталту — у спадчыне Культуры, на жаль, не падаецца відавочным нам — атручаным забыццём. Кожную суботу, калі вы з тэлеэкрана развітваецеся з гледачом, мне ўзгадваецца эпізод з «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча: «Ён павярнуўся да мяне на хвіліну, махнуў капелюшом, крыкнуў: “Гады наперадзе! Далячынь! Сонца!”» Калі ведаць лёс героя (Андрэя Свеціловіча), то атрымліваецца мінорны аптымізм...
— Бессэнсоўна грукаць у сцяну, трэба стукацца ў дзверы. Якія-небудзь і адчыняцца.