Выратаваць палац, які мусіць жыць

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Былы палац Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку — адзін з самых раскручаных у сваёй намінацыі. Гэтаму спрыяе і выгоднае геаграфічнае становішча — зусім побач гродзенская траса, а ў ваколіцах ёсць цэлая гронка іншых адметнасцяў — і ўвага фатографаў, кінематаграфістаў ды журналістаў. А найперш — па-дэкадэнцку эфектны выгляд самога колішняга “гнязда раскошы”. Аднак маючы на руках усе гэтыя козыры, палац па-ранейшаму працягвае спакваля разбурацца. Болей за тое: на сёння яго лёс даволі няпэўны. Прададзены сем гадоў таму ў прыватную ўласнасць, летась ён ізноў адышоў да дзяржавы. І цяпер гэты цыкл трэба пачынаць наноў.

/i/content/pi/cult/845/17968/21.jpgПра намеры і магчымасці

Нагадаем кароткі змест падзей, датычных палаца ў Жалудку, якія ўжо можна лічыць папярэднімі. У 2014 годзе сядзібу выкупіла сям’я з Расіі. На старонках СМІ гаспадары дзяліліся амбітнымі планамі і выяўлялі добрыя намеры. І сапраўды, іх стараннямі былі праведзеныя навуковыя даследаванні ды зробленыя сякія-такія працы па кансервацыі палаца. Аднак пракуратура Шчучынскага раёна ў выніку сваіх праверак прыйшла да высновы, што стан помніка “перадаварыйны” — адпаведна, уласнік са сваімі абавязкамі не спраўляецца. Справа адправілася ў раённы суд, і ён пастанавіў вярнуць сядзібу на баланс Шчучынскага райвыканкама.

Па словах начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Хвір, такі варыянт цалкам магчымы — калі ўласнік нядбайна выконвае ўзятыя на сябе абавязкі. Зрэшты, рашэнне суда можна было апратэставаць. Аднак зрабіць гэта ўласнік не паспяшаўся (як кажуць у выканкаме, з тых часоў на кантакт ён наогул не выходзіў), і 30 лістапада мінулага года рашэнне ўступіла ў сілу.

Старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзь Цывінскі нават не ведае, як да гэтай навіны ставіцца. Ён не хавае таго, што з імпэтнай ды зацікаўленай гаспадыняй у мястэчку звязвалі немалыя надзеі. Пагатоў, у Жалудку яе бачылі рэгулярна. Былі гады, калі разам з сям’ёй яна праводзіла тут кожнае лета. Аднак потым некуды знікла. Мясцовыя жыхары тлумачылі гэта прычынамі асабістымі: папаўненнем у сям’і.

/i/content/pi/cult/845/17968/22.jpgПры новым уласніку была адноўленая “прахадная”, і ў сядзібе з’явілася месца для стацыянарнага паста варты. Прыборка тэрыторыі рабілася рэгулярна. Былі планы і паступовай рэвіталізацыі: спярша адрамантаваць дамок савецкага часу пад патрэбы турыстаў, а потым паступова рухацца далей. Аднак сродкаў на больш істотныя захады гаспадыня не мела: зразумела, што каб вярнуць увесь комплекс да жыцця, патрэбны не адзін дзясятак мільёнаў рублёў.

Такія выпадкі, калі добрыя намеры не надта адпавядаюць рэальным магчымасцям, здараюцца рэгулярна. Сведчаннем таму — гісторыя абсалютнай большасці маёнткаў, набытых у прыватную ўласнасць за апошні час. Але адна справа — вярнуць былую раскошу, а зусім іншая — проста падбаць пра захаванне помніка да лепшых часоў. Бо практыка сведчыць — пры адсутнасці пільнага гаспадарскага нагляду працэсы руйнавання значна паскараюцца.

У памяць пра трылер

Браму на тэрыторыю сядзібы нам адчыняе мясцовы жыхар Віктар Жылінскі. Ён жа сочыць тут за парадкам, прычым пакуль што на валанцёрскіх пачатках.

За апошняе дзесяцігоддзе стан палаца мала змяніўся. Па-ранейшаму можна пабачыць і “ліпавыя” (дакладней, пенапластавыя) каміны — дэкарацыі фільма “Масакра” (2010) — і, на шчасце, аўтэнтычныя дэталі інтэр’ера, сярод якіх асабліва вылучаецца шыкоўная парадная лесвіца. Ды і стары паркет выглядае даволі трывалым.

Вадасцёкавая сістэма працуе больш-менш спраўна, трубы пераважна свежыя, і за гэта варта падзякаваць акурат ужо былых гаспадароў. Яны ж парупіліся і пра тое, каб падперці адну з бакавых прыбудоў, мур якой рассечаны вялізнай шчылінай. Дах дасюль не цячэ, але ці доўга ён здатны вытрываць?

Флігель, або стары палац, таксама пакуль не працякае — за выключэннем хіба вежы. Разынка камяніцы, якая робіць яе падобнай да замка, прывабна выглядае адно на старых фота: яе наверша даўно прагніла ды абрынулася. Ды і па ўсім будынку прыгожая бутавая кладка месцамі пазелянела ад вільгаці. Паколькі ваконныя і дзвярныя праёмы даўно не маюць шыбаў, унутр трапляюць ападкі. А з вонкавага боку падмуркі паціху разбураюць дрэвы, што павырасталі амаль ушчыльную да муроў.

Агледзеўшы ўсё гэта, можна лёгка прыйсці да абагульняльнай высновы: стан сядзібы на сёння — крытычны. У сэнсе, не “зусім дрэнны”, а памежны або вызначальны. Адпаведна, ён мае два магчымыя вектары развіцця: або ўсё тое хараство адновіцца і помнік захаваецца для нашчадкаў, або трылеры там можна будзе здымаць ужо без дэкарацый.

Неаготыка з прабітым дахам

На іншым баку жывапіснага возера размешчаная “тыльная” частка шыкоўнай сядзібы — досыць вялікі гаспадарчы двор, які пастаўляў на панскі стол свежыя прадукты. Бадай увесь комплекс пабудоў нейкім цудам дайшоў да нашых дзён. Але радавацца няма чаму: працэсы энтрапіі там ідуць яшчэ больш імкліва, чым у палацы. Неагатычны бровар пераўтварыўся ў зарослыя руіны без даху. Хутка ў такім стане апынецца і дыхтоўны будынак з бутавага каменя: яго дах ужо зеўрае вялізнымі дзірамі. А яшчэ раней разваляцца драўняныя стайні ды свіраны. Гэта сёння яны выглядаюць нядрэнна: дзіркі ў стрэхах хутка запусцяць працэсы гніення.

Паржавелая дарожная шыльда “Зара Камунізму” — менавіта так называецца мясцовае паселішча — выглядае на гэтым фоне надта ж гратэскна. Хаця камуністы тут не прычым. У Сеціве можна лёгка знайсці адносна нядаўнія (і, вядома, ужо постсавецкія) фота, дзе ўсе гэтыя пабудовы — цалюткія. Але ж безгаспадарлівасць — страшная сіла.

Парадокс у тым, што фармальна пабудовы гаспадароў маюць. Бровар выкупіў гродзенскі прадпрымальнік, усё астатняе дасюль вісіць на балансе мясцовага агракомплексу. Але нешта не відаць, каб хто прыкладаў хоць якія намаганні па іх зберажэнні.

З аднаго боку, такі вялікі комплекс будынкаў — гэта адчувальны мінус, паколькі вяртанне іх да жыцця запатрабуе немалых інвестыцый. З другога — таксама і плюс. У перспектыве тут можна стварыць папраўдзе вялізны турыстычны комплекс, і каб пашырыць свае плошчы, уласніку не давядзецца ўзводзіць навадзелы — як гэта сёння адбываецца, напрыклад, у Суле.

Пытанне толькі ў тым, каб урэшце знайсці такога амбітнага гаспадара, які меў бы не толькі добрыя намеры, але і сродкі для іх ажыццяўлення. І не трэба “хадзіць да бабкі”, каб спрагназаваць, што працэс пошуку хоць якога новага ўласніка можа расцягнуцца надоўга.

Пакуль ён толькі пачынаецца. Як распавяла нам намесніца начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна, сёння яшчэ толькі вызначаюць юрыдычную асобу, якая выканае новую ацэнку помніка. Далей  — аўкцыён.

Вельмі сумнеўна, што сядзібу ўдасца прадаць адразу: у першы цыкл спробаў было некалькі, і пакупнік знайшоўся толькі тады, калі цана істотна знізілася. Можна “вангаваць”, і гэтым разам аўкцыён будзе не адзін. Адпаведна, нават пры максімальнай дбайнасці мясцовых уладаў справа можа расцягнуцца на некалькі гадоў.

І, безумоўна, самае важнае — каб палац да гэтых лепшых часоў дажыў. Што цалкам рэальна пры ненапружлівым, але пастаянным даглядзе.

На сёння парадак у сядзібе падтрымлівае Віктар Жылінскі, часам запрашаючы на дапамогу родзічаў. Аднак працы тут настолькі шмат, што асобнай сям’і яна не пад сілу. Таму мы звярнуліся да кіраўніцтва Шчучынскага раёна з прапановай аб правядзенні на тэрыторыі палацавага комплексу валанцёрскага летніка, які мы гатовыя падтрымаць не толькі інфармацыйна, але і ўласным удзелам. Да нашай задумы паставіліся з цікавасцю.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар