Аўтарскі дыскурс і дзядзька з перфаратарам

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Адна з тэм гэтага нумара "К" — працяг дыскусіі пра сучасную айчынную скульптурную пластыку. Нагадаем, нагодай для размовы стала ўстаноўка адразу двух нязвыклых для мінскай гарадской прасторы твораў манументалістыкі — кампазіцый Паўла Вайніцкага ў парку Перамогі і Максіма Петруля на месцы, дзе знаходзіўся дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч. На старонках "К" сваю пазіцыю ўжо выказвалі рэдактар аддзела газеты "Культура" Ілья Свірын (гл. № 8 за гэты год) і архітэктар Ігар Байцоў (№ 10). А яшчэ крыху раней дыскусійнай стала публікацыя Пятра Васілеўскага "Прагляд пластыкі: сітуацыя на заўтра" (№ 3), дзе ўзнімалася пытанне навучання скульптараў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёння ў працяг тэмы прагучыць маналог загадчыка кафедры скульптуры БДАМ Уладзіміра Слабодчыкава і інтэрв'ю з адным з "віноўнікаў" шырокага абмеркавання наяўнасці сучасных твораў у сучаснай гарадской прасторы, скульптарам Максімам Петрулём.

"Шаную аўтарскі эксперымент, але..."

/i/content/pi/cult/471/9992/6-2.jpg

Уладзімір Слабодчыкаў у сваёй майстэрні. / Фота Юрыя ІВАНОВА

У “К” № 3 за 2014 год быў надрукаваны матэрыял “Прагляд пластыкі: сітуацыя на заўтра”, прысвечаны семестраваму прагляду на кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Публікацыя мела розгалас, і была ўспрынята кіраўніцтвам Акадэміі мастацтваў ды згаданай кафедры як падстава для больш шырокага абмеркавання сённяшняга стану беларускай скульптуры і асаблівасцей падрыхтоўкі творчых кадраў для нацыянальнай культуры.

Нагодай жа для працягу гутаркі стала прыемная навіна. Не так даўно Кіраўнік дзяржавы ўручыў дыпломы дактароў навук і атэстаты прафесараў навуковым і навукова-педагагічным работнікам. Сярод тых, хто быў уганараваны ў той дзень, — загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір СЛАБОДЧЫКАЎ. За плённую працу па выхаванні кадраў для нацыянальнай культуры і асабістыя творчыя дасягненні яму прысвоена званне прафесара.

Летась споўнілася 60 гадоў з часу заснавання кафедры, на якой прафесар Слабодчыкаў калісь вучыўся і якую цягам ужо амаль 25 гадоў узначальвае. З просьбай падсумаваць дасягненні ды асэнсаваць перспектывы беларускай скульптуры з гледзішча прафесійнай адукацыі мы і звярнуліся да Уладзіміра Іванавіча. Ягоныя развагі прапаноўваем увазе чытачоў.

— Галоўная выснова 60-гадовай гісторыі кафедры — тое, што беларуская школа скульптуры засведчыла сваю жыццяздольнасць, — сказаў ён. — Кафедра жыве і сілкуе нацыянальную традыцыю. Прафесійная школа скульптуры, нароўні з жывапісам і графікай, здольная адаптаваць сусветны досвед, задаволіць эстэтычныя патрэбы грамадства, спрыяць духоўнасці і сацыяльнаму пазітыву.

Уласна кажучы, нашы карані — у Віленскім універсітэце, дзе ў 1803 годзе было арганізавана аддзяленне скульптуры, а таксама у пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, у расійскай акадэмічнай школе, якая потым трансфармавалася ў савецкую. Нездарма і нашы класікі атрымлівалі адукацыю ў Расіі: хто — яшчэ у імперыі, а хто — у савецкі час. Сёння ж кадры для нацыянальнага мастацтва мы рыхтуем дома. І людзі дасведчаныя не зблытаюць беларускую скульптуру з пластыкай як іншых краін постсавецкай прасторы, так і ўсяго свету. Я маю падставы для такіх меркаванняў, бо мне даводзілася працаваць на міжнародных скульптурных пленэрах, удзельнічаць у інтэрнацыянальных выстаўках, дзе збіраюцца творцы, якія прадстаўляюць, бадай, усе напрамкі сучаснай пластыкі. А тое, што выхаванцы нашай кафедры запатрабаваны за межамі Беларусі, яскрава сведчыць: навучальны працэс у нас наладжаны на трывалым грунце і скіраваны ў правільным напрамку. Нас не блытаюць з іншымі, але мы і не выпадаем з сусветных мастацкіх трэндаў.

Я шаную аўтарскі эксперымент, але лічу, што паўнавартасным прафесіяналам у мастацтве можа быць толькі той, хто прайшоў акадэмічную школу. У навучальным працэсе магчымы — і нават неабходны! — навацыі, але база мусіць быць акадэмічнай. Усе гады працы на кафедры я трымаўся адной лініі: не парушыць лепшае, што пабудавалі Андрэй Бембель ды Анатоль Анікейчык, і дадаць сваё, што адпавядала б сённяшнім рэаліям. На нас — вялікая адказнасць, бо мы — Акадэмія, адзіная ў краіне вышэйшая мастацкая школа.

Сацыяльная рэчаіснасць унесла карэктывы ў навучальны працэс. За савецкім часам студэнта арыентавалі на раскрыццё такіх тэм, як “Праца”, “Рэвалюцыя”, “Ленініяна”, ды іншае з гэтага ж шэрагу, наўпрост ці ўскосна звязанае з дзяржаўнай ідэалогіяй. Зараз гэтага няма. Тэматычны напрамак базуецца на нацыянальнай гісторыі, фальклоры, беларускай і сусветнай літаратурнай класіцы. Дарэчы, тэму дыплома студэнт выбірае сабе сам. Кафедра можа хіба нешта яму падказаць, параіць.

Нашай задачай застаецца даць разуменне рэалістычнай формы. Студэнт мусіць навучыцца рабіць круглую скульптуру і рэльеф, ведаць асаблівасці станковай і манументальнай пластыкі. Сёння больш увагі надаецца форматворчасці. Ёсць заданні па фармальнай кампазіцыі на выяўленне пластыкай стану раўнавагі, статыкі або дынамікі. З манументальнай формай у архітэктурным асяроддзі студэнты пачынаюць працаваць з другога курса.

Гледзячы на сённяшнюю матэрыяльную базу кафедры, я ў чымсьці студэнтам нават зайздрошчу. Бо для нас, калі вучыліся мы, работа ў матэрыяле азначала гліну і пластылін, ды яшчэ адліўкі ў гіпсе. Нашы ж вучні працуюць з каменем, бронзай, зварным металам. У трывалых матэрыялах і дыпломы робяць. Гіпса на дыпломе цяпер амаль няма: ён — толькі мадэль, пераходны матэрыял.

Летнюю практыку праводзім традыцыйна (фармоўка ў гіпсе, праца ў камені і дрэве, ліццё ў бронзе). Але ёсць і карэнныя змены. Мы імкнёмся наладзіць практыку такім чынам, каб карысць была і студэнтам, і грамадству. Загадзя прымаем заяўкі ад прадпрыемстваў, устаноў, адміністрацый гарадоў ды раёнаў. Такая практыка фактычна з’яўляецца скульптурным пленэрам. Пасля яе ў паселішчах застаюцца памятныя знакі і манументальна-дэкаратыўныя кампазіцыі. Для студэнтаў жа гэта магчымасць спрактыкавацца ў форматворчасці, зрабіць тое, да чаго душа ляжыць. Інакш кажучы, работу творчую. Нейкі тэматычны кірунак замоўцам, зразумела, задаецца (звычайна гэта мясцовыя легенды). Але за руку выканаўцу ніхто не трымае. Практыкі-пленэры студэнтаў БДАМ праходзілі ў Мядзеле, Паставах, Міры, Вілейцы, Навагрудку, Лагойску, Мар’інай Горцы… І за мяжой — у Калінінградзе (Расія), Еўпаторыі (Украіна), Вроцлаве (Польшча).

На кафедры скульптуры вучацца шэсць гадоў. Курсавыя работы пятага курса — гэта подступ да дыплома. А ўвесь шосты — праца над дыпломнай работай. На дадзены момант большасць дыпломнікаў з тэмамі абароны вызначылася. Ёсць праекты, якія зажывуць у гарадскім асяродку.

Скульптар заўжды працаваў з архітэктарам, заўжды мусіў азірацца на архітэктурнае асяроддзе. Тое ж і сёння. Скульптура ў гарадскім асяроддзі, як я мяркую, — гэта пераходнае звяно да ўспрымання архітэктурнай формы. Але сучасная архітэктура часам падаецца мне настолькі халоднай, абстрагаванай, нібыта не для людзей зроблена, што цяжка ўявіць, якая мастацкая пластыка можа ёй пасаваць. Відаць, нездарма ў пластыцы зараз папулярныя абстрактныя формы. Актыўна скарыстоўваецца колер, а традыцыйныя камень і бронзу замяняюць шкло і пластмаса. Будынак часам робіцца як абстрактная скульптура, а скульптура набывае нязвыклы для яе ўтылітарны змест. І калі рыхтаваць студэнтаў да рэальнага жыцця, дык і гэтую сітуацыю трэба асэнсаваць ды пэўным метадычным чынам адлюстраваць у навучальным працэсе. У дадзеным напрамку кафедра адчувае паразуменне і падтрымку з боку рэктара Акадэміі Міхаіла Баразны. Вынікам гэтага з’явілася перамога нашых студэнтаў у рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным манументальнаму ўвасабленню Баркулабаўскага летапісу, да Дня беларускага пісьменства.

Але якая пластыка сёння ні лічылася б актуальнай, нельга забывацца на акадэмічны падмурак, на якім трымаецца гэты від мастацтва. І найперш — у сферы падрыхтоўкі прафесіяналаў. На заканчэнне скажу, што я ганаруся працай на кафедры, да ўсталявання якой спрычыніліся многія выдатныя творцы. Найперш — Бембель, Глебаў, Анікейчык, Мурамцаў. Ды і сённяшнія выкладчыкі кафедры скульптуры маюць аўтарытэт праз свае творчыя дасягненні. У такіх мэтраў, як лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Арцімовіч і Аляксандр Фінскі, моладзі ёсць чаму павучыцца. А такім выкладчыкам, як Сяргей Логвін, Аляксандр Прохараў, Канстанцін Касцючэнка, ёсць што ім сказаць ды параіць.

Чаму твор палічылі знявагай Багдановіча?

/i/content/pi/cult/471/9992/6-1.jpg

Максім Пятруль. / Фота Юрыя ІВАНОВА

/i/content/pi/cult/471/9992/6-3.jpg

Гэты "ржавы" элемент кампазіцыі (мы друкавалі яе здымак у "К" №10) выклікаў ці не найбольшыя спрэчкі. /
Фота Юрыя ІВАНОВА

Скульптар Максім ПЯТРУЛЬ працуе ў майстэрні, якую займаў яго колішні настаўнік — светлай памяці Уладзімір Жбанаў. Але на гэтым пераемнасць, бадай, і заканчваецца. Як і многія прадстаўнікі свайго пакалення, Максім надзелены адметным аўтарскім “почыркам”. Часам гэта нават выклікае непаразуменні — як у выпадку з мемарыяльным знакам на месцы дома Багдановіча...

— Амаль насупраць тваёй манументальнай кампазіцыі — класічны і “кананічны” помнік класіку — Максіму Багдановічу. Не баішся кантрасту?

— Наадварот, кантраст толькі ўзбагачае... Адмовіўшыся ад фігуратыўнай скульптуры, я хацеў сысці ў мову форм і культурных кодаў. Мяне натхніла зваротная перспектыва, уласцівая праваслаўнай іканапіснай традыцыі, — візуалізацыі трансцэндэнтнага свету. Архітэктар Нэлі Дарашкевіч развіла маю ідэю ў ландшафце, і ў выніку — дом нібыта пераходзіць у ручнікі з беларускім арнаментам...

— Творы манументальнага мастацтва сёння робяцца ў розных матэрыялах, але паржаўлены метал выкарыстоўваецца, напэўна, упершыню — прынамсі, на Беларусі…

— Гарызантальная ржавая плоскасць павінна ствараць кантраст гранітнай вертыкалі. На маю думку, мастацкая выразнасць твора будуецца менавіта праз выкарыстанне кантрасту, антаганістычных супрацьлегласцей. Бо калі мы робім нешта “роўненькае” і рафінаванае, атрымліваецца нудна ды нецікава, і прыкладаў таму на нашых вуліцах — процьма. Артэфакт павінен спалучаць нейкія ўзаемавыключныя складнікі: жывое і мёртвае, дзень і ноч, граніт ды іржу... Граніт сам па сабе — матэрыял чысты і “шляхетны”, а іржа — наадварот, брудны. Іх дысананс і прымушае твор дыхаць. Да таго ж, іржавая “паціна” выклікае асацыяцыі з мінуўшчынай...

— Ці атрымала задума згоду Манументальнага савета?

— Натуральна, як жа інакш? Прычым прафесіяналы адразу ж далі нам зялёнае святло, іх водгукі былі выключна станоўчымі, і таму мяне вельмі здзівіла “аглабельная” крытыка з боку некаторых журналістаў, якія параўналі мой твор з сабачай будкай і палічылі яго знявагай Багдановіча. Доўга задаваўся пытаннем: “За што яны мяне так?”, і адказу пакуль не знайшоў.

Можа, праблема выключна ў тым, што многім суграмадзянам літаральна ўеліся ў мозг старыя савецкія культурныя коды — хіба толькі з супрацьлеглай ідэалагічнай "начынкай"? Былі ж некалі жартаўлівыя прапановы прыварыць да помнікаў камуністычным лідарам галовы нацыянальных герояў. Пэўна, камусьці і “пакаціла” б! А самая прыкрая рыса савецкай ментальнасці, якую цяжка вытруціць і дасюль, — аднабаковасць мыслення ды непавага да альтэрнатыўных пазіцый і густаў.

— А ці не бянтэжыць цябе тое, што твая мастацкая кампазіцыя мае і чыста ўтылітарнае прызначэнне: яна служыць запасным уваходам у падземны гараж?..

— Мне здаецца, на гэта можна проста не звяртаць увагі. Большасць гледачоў ніякага гаража і не заўважаць — вядома, калі яны не стануць наўмысна яго шукаць. Кампазіцыя “працуе” з трох бакоў, а тыльная частка на тое і тыльная... Уваход у гараж не з’яўляецца элементам мастацкага твора, а мастацкі твор — аздабленнем гаража. Прастору ў цэнтры горада даводзіцца запаўняць вельмі шчыльна, і, думаю, гэта многае тлумачыць.

Бянтэжыць у дадзеным выпадку зусім іншае: па сутнасці, работа пакуль не завершана, бо аўтарская задума была праігнаравана на стадыі ўвасаблення. Згадаю два нюансы. Па-першае, вылеплены мною бронзавы макет дома Багдановіча ў выніку “споўз” некуды ўніз і, да таго ж, вельмі дрэнна запацініраваны. І, па-другое, арнаменты на гранітных ручніках трэба было праразаць, а не выдрапваць: атрымалася б значна больш пераканаўча...

— А чаму не настаяў на сваёй волі яшчэ на стадыі мантажу?

— Таму што гэтая стадыя адбывалася без майго ўдзелу. Са мной чамусьці не быў заключаны дагавор, да мяне ніхто не звяртаўся, не запрашаў на аб’ект. Прыязджаю неяк сам — і бачу: усё не зусім так, як трэба. Цяпер спрабую “адкруціць назад”...

— Як лічыш, усталяванне тваёй “незвычайнай” работы — адзінкавы факт альбо адлюстраванне новай тэндэнцыі ў нашай манументалістыцы?

— Лічу, што ў нас спакваля актуалізуюцца аўтарскія дыскурсы. У савецкі перыяд было створана шмат аб’ектаў, скажам так, “ананімных”. Вядома, у кожнага з іх ёсць аўтар — нехта ж распісваўся ў ганарарнай ведамасці. Але гэтыя творы выглядаюць настолькі аднолькавымі і “правільнымі”, што цяжка пазбыцца ўражання, быццам ляпіліся яны аднымі рукамі.

На жаль, у нас і па сёння даецца ў знакі праблема аднатыпнасці манументальнай пластыкі. Гэта перажыткі савецкай школы, з яе “адзіным правільным” метадам і неразвітымі тэхналогіямі ў сферы вытворчасці мастацкіх работ. Аднак чым далей — тым больш аўтарскае бачанне і індывідуальны стыль становяцца запатрабаванымі, і гэтую тэндэнцыю можна толькі вітаць. Важна, каб новыя аб’екты былі не падобныя адзін на другі — менавіта тады яны ўзбагацяць новымі адценнямі ландшафт горада.

Я з’яўляюся членам гарадскога савета па пытаннях манументальнага мастацтва, і на сваіх пасяджэннях мы вельмі часта пра гэта гаворым. Паводле маіх назіранняў, менавіта тыя работы, якія вылучаюцца з агульнай масы сваёй свежай ідэяй, усё часцей перамагаюць у конкурсах. Адпаведна, сёння запатрабаваны цікавыя і непаўторныя манументальныя творы, здатныя фарміраваць аблічча Мінска як горада адметнага, непадобнага на іншыя.

— Тым не менш, увасабленне тэндэнцыі пакуль мае збольшага негатыўныя водгукі на інтэрнэт-форумах. Можа, народ не разумее нашых аўтараў?

— Да народу ў дадзеным выпадку апеляваць не трэба — гэтае паняцце занадта абстрактнае. Я з цікавасцю назіраю за тым, як функцыянуюць мае творы ў грамадскім асяроддзі, як рэагуюць на іх канкрэтныя гледачы. Людзі падыходзяць да Фантана Перамогі, здзіўляюцца, часам захапляюцца незвычайнай ідэяй... А на станцыі метро “Грушаўка” і наогул ледзь не узнікаюць праблемы з пасажыраплынню: шмат ахвотных сфатаграфавацца побач з маімі работамі...

Што ж да тых, хто палівае нас брудам... Ведаеш, ёсць такая катэгорыя людзей: што ні зрабі — ім не падабаецца. Канешне ж, яны лічаць сябе экспертамі ў галіне манументалістыкі... Слухай, ну я ж не лезу абмяркоўваць, скажам, эканамічныя пытанні!

— Але паколькі манументальнае мастацтва прызначана для публічнай прасторы, экспертам тут і сапраўды можа лічыць сябе кожны. Адпаведна, ігнараваць грамадскі попыт не выпадае...

— Рынак культурных прадуктаў адрозніваецца ад рынку мыла альбо макаронаў. Апошні наўпрост залежыць ад кан’юнктуры, а ў нашым выпадку усё акурат наадварот: сама прапанова фарміруе попыт. І калі мы працягнем ставіць адных дворнікаў і водаправодчыкаў, падганяючы манументальную пластыку пад эфемерныя густы нібыта “народу”, ніхто проста і не даведаецца пра нейкія іншыя магчымыя варыянты.

— На сёння абсалютная большасць новай манументалістыкі аплачваецца дзяржбюджэтамі розных узроўняў. А ці можна неяк падахвоціць да гэтай справы прыватнікаў?

— Не толькі можна — трэба! Яшчэ ў 1949 годзе ў Рыме быў прыняты закон, згодна з якім кожны забудоўшчык мусіў аддаваць 2% ад каштарысу свайго аб’екта на дэкаратыўнае і манументальнае мастацтва. Паколькі гэты закон прынёс адчувальны плён, неўзабаве яго ўкаранілі і ў іншых гарадах. Для дэвелапера, які будуе высотку або новы мікрараён, няма вялікай праблемы павялічыць свой бюджэт на тыя 2%.

Думаю, такі закон мог бы істотна змяніць аблічча Мінска — асабліва яго ўскраін, дзе сёння актыўна паўстаюць новыя жылыя масівы. Пакуль жа Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь падтрымала маю прапанову ўнесці ў Кодэкс архітэктурных практык манументальныя і дэкаратыўна-манументальныя работы. Гэта значыць, інвестару сёння рэкамендуецца ўпрыгожваць імі свае аб’екты. Ці будзе ён прыслухоўвацца да рэкамендацый, пакажа практыка.

— Аўтарскі дыскурс мае і меркантыльнае вымярэнне. Некаторыя заказчыкі не хочуць плаціць за ідэю. Маўляў, навошта павялічваць каштарыс работы на 20 — 30% толькі з той прычыны, што аўтарам з’яўляецца прафесійны скульптар, а не якісьці ананімны дызайнер?

— Па маіх падліках, “сярэднестатыстычная” скульптурная ідэя каштуе прыблізна столькі ж, колькі адзін квадратны метр асфальтавага пакрыцця. Без яго таксама можна абысціся і задаволіцца, скажам, гравійкай. Але ці будзем мы радавацца з прычыны такой эканоміі? Так, асфальт, безумоўна, важнейшы за скульптуру: без яго ў гразкае надвор’е ніяк. Але калі мы будзем зыходзіць толькі з утылітарных патрэб у фарміраванні гарадскога асяроддзя, то ў выніку нам стане вельмі сумна ў ім жыць.

— Усё часцей скульптары не задаволены рэалізацыяй сваіх ідэй...

— У большасці выпадкаў, вінаваты не тыя людзі, якія прымаюць рашэнні,  а неразваротлівыя клеркі, што не ўсведамляюць сур’ёзнасці справы і зацягваюць вырашэнне практычных пытанняў, ствараючы нервозную абстаноўку. Маса нюансаў звязана акурат з чалавечым фактарам. І прычына нават не ў некампетэнтнасці, а ў нейкім... “дафенізме”, ці што?

Альбо такі выпадак. Неяк я завітаў на станцыю “Грушаўка” незадоўга да яе адкрыцця. Раптам пабачыў дзядзьку з драбінамі і перфаратарам. Выявілася, што ён прыйшоў свідраваць дзірку для відэакамеры непасрэдна ў маёй рабоце! Ледзь не з кулакамі на яго накінуўся, адстаяў... Але хто вінаваты ў дадзенай сітуацыі? Няўжо толькі дзядзька з перфаратарам?..

— Урэшце, не магу не задаць і такое пытанне: калі згаданая тэндэнцыя набудзе моц, ці знойдзецца на гарадскіх вуліцах месца і для традыцыйнай скульптуры?

— Любое якаснае мастацтва мае права на ўвасабленне ў публічнай прасторы. Таму я — за разнастайнасць. Няхай Іван Акімавіч Міско прапануе нешта сваё, Косця Селіханаў — сваё, Максім Пятруль — сваё... І ў выніку шпацыраваць па нашых вуліцах будзе куды прыемней і цікавей.

Не раз бываў у Кітаі і заўсёды здзіўляўся: колькі там рознай скульптуры, мазаікі, нейкіх іншых “фішак”... І ў кожным з аб’ектаў адчуваецца аўтарская рука. Нават просты кветнік або пясочніцу можна ператварыць у сапраўдны твор мастацтва. І да гэтага нам трэба імкнуцца.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"