Кастынг фантомаў

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Сяргей Грыневіч з Гродна працуе ў моднай жывапіснай манеры: карціны, падобныя да апрацаваных у “Фоташопе” здымкаў. За мяжой найлепшыя ўзоры гэтага трэнду за шалёныя грошы прадаюцца з аўкцыёнаў "Крысці" і "Сотбіс". Зрэшты, і сам Грыневіч — адзін з рэдкіх айчынных мастакоў, якія інтэграваліся ў міжнародны арт-працэс. Але выстаўка “Кастынг”, прадстаўленая ім у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, была не пра гэта. Зусім не пра гэта!

/i/content/pi/cult/468/9915/8-1.jpg

Сяргей Грыневіч. Аўтапартрэт

Перад гледачом раскрываецца прыўкрасны на вока свет: маладыя аголеныя целы, цікавыя і нязмушаныя інтэлектуальныя канатацыі, адсылкі да модных брэндаў ды трэндаў... Дзякуючы мастаку масавая культура становіцца папраўдзе масавай. Кожная ахвотная можа стаць “дзяўчынай Бонда”, злавіўшы “фоцікам” свой адбітак на люстэркавай паверхні, якая была наўмысна пакінута вольнай побач з выявай галівудскага акцёра. Карацей, інтэрактыў і дэмакратыя!

На паверку работы Грыневіча падаюцца аднамернымі. На іх выяўлена тое, што выяўлена, — і нічога больш. Вось двое дзяўчат сядзяць перад маніторамі сваіх “макінтошаў”, святло экрана адбіваецца на іхніх тварах. Вось дзве сяброўкі шпацыруюць побач у майках з прынтамі. Вось некалькі работ з назвай “Кастынг”: на кожным з дзясятка твараў — выраз напружанага чакання і рашучасці ў дасягненні мэты. Карціны сімулююць выпадковы “скрынсэйв” нейкага сучаснага дэвайса. З непрывычкі так і хочацца дакрануцца рукой да знаёмай іконкі, каб прымусіць выявы рухацца! Але нічога не здарыцца: яны непарушна застылі на месцы.

Разам з карцінамі мастак стварыў і іх ідэальнага гледача. “Дэмакратычна” апранутая дзяўчына замест люстэркавай камеры трымае на штатыве... уласную лысую галаву. Зразумела ж, яна зроблена са штучных матэрыялаў, як і ўсе героі гэтай выстаўкі.

І менавіта ад гэтага амбівалентнага спалучэння натуральнасці (у сэнсе, звыкласці) ды штучнасці ўрэшце робіцца вусцішна. Аўтар увасабляе свет вонкавых форм, за якімі не тоіцца ніякай сутнасці. Свет — візуальна дасканалы, але парожні. Яго насельнікі — гэта адначасова і простыя “людзі з вуліцы”, і нейкія зусім нечалавечай прыроды стварэнні. Мабыць, кожны мастак валодае ўласнай метадалогіяй адлюстравання з дапамогай фарбаў душы героя. Але толькі Сяргей Грыневіч умее рабіць свае партрэты цалкам бяздушнымі.

Далікатнае і густоўнае выкарыстанне колераў і адценняў, разам з іншымі невыпадковымі нюансамі тэхнікі, толькі падмацоўвае гэтае агульнае ўражанне. Прыкладам, у рабоце “Аўтапартрэт з клонам” (выява аўтара і яе адсканаваная копія) зялёныя палоскі апошняй кідаюць адценне на сам рэалістычны “арыгінал”.

Своеасаблівая кода выстаўкі — яшчэ адзін аўтапартрэт у рэалістычнай манеры, на якім аўтар закрывае свой твар рукамі, нібы абараняючыся ад выяўленых ім жа фантомаў. І не было б ніякай бяды, каб тыя фантомы існавалі толькі ў свядомасці аўтара...