Парнат сарваўся з прывязі!..

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

“Бура ў ванне з глінай”, або Сапраўды “Вялікая З’ява”?
31 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстаўка, а больш дакладна — інтэрактыўны выставачны праект пад загадкавай назвай “Парнат 84 — 11Б”. І адразу адзначу вось што. Па шчырасці, большасць сучасных “простых” гледачоў на выстаўках не прывыкла “ўключаць мазгі”, задавальняючыся зразумелым сюжэтам “карцінкі” і яе назвай. Месэдж, аўтарская замаскіраваная дактрына, што чытаецца паміж радкоў, у падобных творах пакуль — цяжкая праца для розуму і душы шараговага наведвальніка. Акрэсліўшы адзін з кірункаў раздуму пра падзею, зробім яе аналіз.

/i/content/pi/cult/466/9868/7-1.jpg

Р.Вашкевіч. "Паласа перашкод".

Дзе?

Удзельнікі выстаўкі — выпускнікі Рэспубліканскай школы па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В. Ахрэмчыка (з 2005 года — Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка), што на вуліцы Паркавай. Яны скончылі ўстанову ў 1984-м ў класе 11Б. Цяжка сказаць, хто з’яўляецца аўтарам тэрміна “Парнат” — ад “інтэрнат” і назвы вуліцы — Паркавая. Хтосьці, у тым ліку я, назву звязвае і са свяшчэннай гарой Парнас. Экспазіцыя, як сказана у прэс-рэлізе, — “рэфлексія на тэму Парната — рэфлексія пасталелых птушанят, якія даўна лятаюць самастойна, па сваім інкубатары”...

Хто?

Удзельнікі, якіх сабралі аўтары праекта Руслан Вашкевіч і Таццяна Бембель (таксама “парнатаўцы”), — вельмі рознааблічныя па мастацкіх інтарэсах, таленце, па стаўленні да жыцця ды мастацтва... І біяграфіі іхнія склаліся па-рознаму. Усе яны потым скончылі ВНУ: хто — Тэатральна-мастацкі інстытут, хто — мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, хто — ленінградскую “Мухінку”, хто — Віцебскі тэхналагічны інстытут. Так, жыццё раскідала іх у розныя бакі і вызначыла кожнаму сваё, індывідуальнае месца ў культуры, прызначанае лёсам. Сярод іх — тыя, чые імёны сёння ведаюць далёка за межамі Беларусі (Ю.Якавенка, Р.Вашкевіч, І.Касабука, А.Усціновіч), ёсць і тыя, хто ціха, не выпінаючы сябе, сумленна робіць сваю мастакоўскую справу. Перш чым расказаць уласна пра сённяшні праект, пазнаёмлю чытачоў з ўдзельнікамі акцыі.

Руслан Вашкевіч — прыхільнік постканцэптуальнага мастацтва, поліжанравасці і мультымедыйнасці, што цудоўна засведчыў у сваіх шматлікіх, часам неадназначных, але прыцягальных арт-праектах. Свядомы антыакадэміст, радыкальны эксперыментатар, майстра мастацкіх правакацый прадставіў у экспазіцыі арт-праект “Паласа перашкод”, які выклікае шмат розных асацыяцый. Ілона Касабука таксама ўжо даўно вядомая як жывапісец. Ейная жывапісная кампазіцыя пад назвай “Партрэт дома на фоне восені” (ці не дом яе дзяцінства?) папраўдзе ўпрыгожвае экспазіцыю цеплынёй пачуццяў. Уладзімір Старушэнка — мастак узорнага лялечнага тэатра “Паўлінка”. Алег Усціновіч працаваў у галіне рэкламы і дызайну, але, як ён кажа , “усё гэта цяпер у мінулым. Той вопыт прывёў мяне да разумення таго, што няма жанраў, няма межаў у натуральным самавыяўленні. Адзіны прынцып, якім я імкнуся кіравацца, — гэта максімум перададзенага пры мінімуме сродкаў. І тут, на мой погляд, вельмі важная шчырасць”. На выстаўцы прадстаўлена шмат ягоных твораў: ад плакатаў, каліграфічных кампазіцый да цікавых малюнкаў у школьных сшытках (таго часу!) ды ілюстрацый.

Ларыса Курыла нейкі час, пасля “Мухінкі”, працавала прадаўцом сувеніраў у Эрмітажы. Потым стала фрылансерам (свабодным мастаком) — распісвае на заказ розную сувенірную прадукцыю. На выстаўцы можна паглядзець яе цудоўныя валёнкі (ручны роспіс, акрыл). Аляксандр Жукаў паспяхова займаецца разьбой па дрэве, і ў гэтым знаходзіць сваё прызначэнне і радасць. Андрэй Сіцько — жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў. Пётр Пархімовіч, дыпломны эскіз карціны якога “Пачатак” прадстаўлены ў экспазіцыі, стаў спецыялістам у галіне дызайну інтэр’ера.

Дзмітрый Галуцкі — таксама свабодны мастак. Уладальнік узнагарод і дыпломаў міжнародных конкурсаў рэкламы і дызайну. Быў вядучым дызайнерам вядомага крэатыўнага агенцтва. Дызайнер Валерый Таргонскі жыве ў Мазыры. Ён — таксама фрылансер, а яшчэ — педагог. Паспяхова працуе Ала Урублеўская. “Парнат — школа жыцця і старт для любых здзяйсненняў, — кажа яна. У Віцебскім тэхнічным інстытуце лёгкай прамысловасці мяне вучылі ствараць тканіны, але я ўмудрылася выйсці замуж за беларуса, нарадзіць траіх дзяцей і паехаць на Украіну. Цяпер у нас — свая фірма, якая займаецца каванай мэбляй, малымі архітэктурнымі формамі...” На выстаўцы прадстаўлены яе творы з каванага металу.

Сяргей Расолька сёння займаецца вёрсткай кніг. Таццяна Зазуля пасля “Мухінкі” працавала ў Доме мадэлей і ў рэдакцыі часопіса “Стиль”. Дзесяць гадоў таму “вярнулася ў прафесію” — у мадэльны дызайн па вырабе верхняга жаночага трыкатажу. Супрацоўнічала з рэкламнымі агенцтвамі ў якасці ілюстратара. І — мультыплікатара, дадам я. У экспазіцыі прадстаўлены цыкл ейных твораў для мультфільма “Страсці жыццёвыя”. Таццяна Зінчанка (Крупская) працавала і ў галіне мастацкага ткацтва, і кіравала гуртком “Сузор’е” ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі. А дзесяць гадоў таму стала працаваць у аддзеле археалогіі каменнага і бронзавага вякоў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Віктар Санько цягам шэрагу гадоў займаўся чорна-белымі кіназдымкамі (ён жа — аўтар фільма пра Парнат). Потым стаў сумяшчаць відэа з кам’ютарнай графікай і анімацыяй. Пасля дзесяці гадоў працы з відэа змяніў сферу дзейнасці і пачаў афармляць вокладкі відэадыскаў ды кніг, займацца дызайнам, і даволі паспяхова, а старыя, па яго словах, напрацоўкі выкарыстоўвае зараз толькі ў сямейнай хроніцы.

/i/content/pi/cult/466/9868/7-2.jpg

Ю.Якавенка. Без назвы.

Пра Юрыя Якавенку, што жыве і працуе ў Гродне, як пра таленавітага мастака-графіка вядома шмат. Вось што ён кажа: “Парнат даў старт. Акадэмія мастацтваў — упэўненасць у сабе. Вяртанне ў Гродна прынесла першы міжнародны конкурсны поспех. На пачатку 2000-х гадоў узнік еўрапейскі інтарэс да мяне. І дыхаць стала лягчэй. Вось і дажыў да студзеня 2014-га з надзеяй на будучыню”. Асабіста я лічу, што Юрый на сённяшні дзень — адзін з самых знакамітых і загадкавых афартыстаў краіны, работы якога даўно перасягнулі нацыянальныя межы і сталі своеасаблівай “візітоўкай” выяўленчай культуры Беларусі на еўрапейскім кантыненце. На выстаўцы мастак прадставіў некалькі твораў з цыкла “Без назвы”, зробленых у змяшанай тэхніцы і акварэлі.

Таццяна Бембель і Руслан Вашкевіч у прадмове да праекта “Парнат 84 — 11Б” пішуць: “Замест таго, каб інфантыльна чакаць, калі прыйдзе Настаўнік і паставіць добрую адзнаку ў дзённік (маўляў, усе такія разумныя і таленавітыя), замест таго каб у чарговы раз у Дзень выпускніка памінаць пад старымі фікусамі сваё памерлае юнацтва, аднакласнікі аб’ядналіся для стварэння выстаўкі праз фармат мегаінсталяцыі. А заадно замахнуліся на асэнсаванне такой Вялікай З’явы, як ПАРНАТ”.

Што?

Ну, наконт Вялікай З’явы — гэта пытанне, падобнае да таго, як вядомыя кінагероі з фільма “Сцеражыся аўтамабіля” “замахваліся” на “Уільяма нашага Шэкспіра”. Баюся, большасць гледачоў пасля прагляду выстаўкі будзе паціскаць плячыма, усміхацца пры знаёмстве з некаторымі арт-аб’ектамі (ці аб’ектамі, якія прэтэндуюць на “арт”). Каб не было анатацый Таццяны Бембель да іх, то ўсмешкі маглі б перарасці ў неўразуменне і нават — месцамі — ва ўнутраны пратэст. Прывяду толькі адзін прыклад.

Вось стаіць ванна, а ў ёй — куча гліны. Што б вы падумалі, каб не было такога суправаджальнага паяснення (прыводжу на мове арыгінала): “Запах и вид сырой глины или шамота в эмалированной Ванне, тонущие в серой и серо-коричневой мягкой массе полуразваленные головы и обнаженки с последнего просмотра, медленный их возврат в первоначальное состояние — обязательный элемент атмосферы скульптурных мастерских, занимавших в ПАРНАТе первый этаж художественного корпуса. Круговорот глины в ПАРНАТе был так же сезонно ритмичен, как круговорот иных веществ в Природе — от четверти к четверти, от просмотра к просмотру. Первичный хаос глиняной массы потенциально содержал все мыслимые формы, и Ванна была колыбелью этих форм. Акты их рождения были парнатской повседневностью, и спеленутые полиэтиленом создания ждали в мастерских прихода своих маленьких демиургов, как новорожденные в палате ждут часа кормления. Но тот же отверстый зев Ванны отчетливо пах и свежей могилой, без слов и без сантиментов, приобщая парнатских детей к жестким взрослым истинам: 1) “Прах возвращается в прах…” — реальный закон; 2) преодолеть его и вдохнуть в мертвую глину жизнь дано не каждому, потому что в Искусстве равенства нет. Но надежда умирает последней: заветная буквочка “Ф” (взято в Фонд) на лучших ученических работах после обхода комиссии означала, что мистерия удалась, комочек праха спасен и больше не вернется в рождающе-пожирающее лоно Ванны”.

/i/content/pi/cult/466/9868/7-3.jpg

Тая самая ванна з глінай.

І такіх арт-аб’ектаў у экспазіцыі некалькі: “Крэслейка раскладное”, “Тумбачка ля ложка”, “Змена пасцельнай бялізны”, “Батон”, “Пасылка з яблыкамі”, “Парафінавыя фрукты”, “Кубік Рубіка”, “Гіпс+батон”, ”Авоська”. Што гэта? Нейкая настальгія па парнацкім юнацтве? Ці магчымасць проста “пасцябацца” ў духу Марселя Дзюшана, які калісьці ўразіў публіку творамі “Пісуар (Фантан)” і “Веласіпеднае кола”? Тут можна ўспомніць і “ігравую рэабілітацыю рэальнасці” Д.Джада, Т.Сміта, М.Стэйнера, Армана з ягонай акумуляцыяй кафейнікаў, У.Нільса з гняздом у прыродным асяроддзі… Абсурд? Магчыма. Але гэта чужая гісторыя. У нас іншая справа — справа ў кантэксце сённяшніх рэалій часу, дакладней, у кантэксце настальгічнага Парната, які нябачнымі ніткамі звязаны з сучаснасцю. Вось чаму экспазіцыя складаецца з частак, якія, так бы мовіць, дэманструюць творчасць былых выпускнікоў аднаго класа і якія паспрабавалі зрабіць “калектыўную версію памяці праз узнаўленне сімвалічных “парнат-аб’ектаў”.

Ёсць тут і фатаграфіі, асабістыя рэчы мастакоў, малюнкі парнатаўскіх гадоў, плакаты... Так, гісторыя жыцця групы прадстаўлена шырока і цікава, хаця часам глядацкі “рытм” збіваецца пры такой “мешаніне” твораў — разнастайных, але часам выпадковых, якія выпадаюць з кантэксту экспазіцыі.

Як?

Выстаўку будуць і хваліць, і лаяць. Гэта натуральна. Бо праект — свайго роду выклік, усвядомленая правакацыя, спроба знайсці дыялог з гледачом, магчымасць хаця б у чымьсці падрыхтаваць яго да ўспрымання нечаканага, непрывычнага, раней не бачанага. Тут трэба разумець, што сёння ўваходзіць у сістэму сучаснага мастацтва. Справа ў тым, што эстэтычныя крытэрыі, ацэнкі твораў у пару жорсткай дыхатаміі “актуальнага” і “рэалістычнага” мастацтва так размыты, што людзі, якія наведваюць выстаўкі, ужо і не разумеюць, што тут “добра” , а што “не”, і па якіх “законах” трэба ўспрымаць і ў якой інтэрпрэтацыі, скажам, “арт-аб’ект”, інсталяцыю або перформанс.

Так, Парнат не для ўсіх. Але я асабіста падам парнатаўцам руку. Бо я — супраць нуднага, цвярозага, разжаванага зместу і сэнсу ў мастацтве, тым больш, што нават у сучаснай прасторы быцця яўна адчуваецца абсурд. А “цвярозы” сэнс — гэта, пагадзіцеся, толькі сінтэз забабонаў часу. І тут, на выстаўцы, абсурд у нейкай меры шчасліва сарваўся з прывязі і ўтульна, вольна размясціўся ў музеі…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"