Галоўнае ў жыцці

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Васіль Шаранговіч: творы з памяці і любові
Кажуць, творца пачынаецца з любові да роднага краю, які зачароўваў яго шчабятаннем птушак, шапаценнем ветру, шолахам дажджу, водарам кветкі, ласкай бацькоў. Я дапоўню: мастак стварае, пакуль любіць зямлю, што нарадзіла яго. Васіль Шаранговіч, які толькі што адзначыў свой 75-гадовы юбілей, і ёсць такі мастак.

/i/content/pi/cult/463/9796/8-1.jpg /i/content/pi/cult/463/9796/8-2.jpg

Яго радзіма — Мядзельшчына. Ягоны голас у творчасці нагадвае пра важнае і дарагое ў жыцці. І што б ён ні рабіў — ілюстрацыі да твораў беларускай ды сусветнай класікі, станковыя эстампы і акварэлі, малюнкі, жывапісныя палотны — усё адтуль, з памяці дзяцінства і юнацтва, з памяці пра тату-каваля і маці, якая паўплывала на яго ў сэнсе любові да рысавання. За плячыма — паўстагоддзя “працы і натхнення”. У багажы — калейдаскоп вобразаў, тэхнік і матэрыялаў, тэм Радзімы, вайны і міру, эпохі ў чалавечых абліччах, людзей і прыроды Беларусі. А яшчэ ён “рэжысёр” і сапраўдны суаўтар кніг Купалы і Міцкевіча, Коласа і Гарэцкага, Багдановіча, Бядулі і Барадуліна, Караткевіча і Навуменкі, Маякоўскага і Талстога… Словам, усё жыццё прайшло ў прасторы культуры.

А прастора даволі шырокая: вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе ў Шаранговіча, 28-гадовага, пачалася педагагічная дзейнасць. Ад выкладчыка і загадчыка кафедры графікі — да прафесара, прарэктара і рэктара інстытута, які ўзначальваў восем гадоў. Сярод яго вучняў — дзясяткі талентаў: Мікола Селяшчук, Валерый Славук, Уладзімір Савіч, Рыгор Сітніца, Уладзімір Вішнеўскі, Мікола Купава, Ларыса Журавовіч, Вячаслаў Паўлавец, Юрый Герасіменка, Віктар Мікіта, Міхаіл Будавей… Апошняе месца працы — дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, які, дарэчы, з’явіўся ў Мінску дзякуючы і асабістым намаганням Васіля Пятровіча.

Але як бы паспяхова ні складвалася педагагічная біяграфія Шаранговіча, творчасць займала галоўнае месца ў яго жыцці. Для мяне ён — прафесіянал высокага гатунку са сваімі мастакоўскімі і грамадзянскімі поглядамі на свет, у якім ён жыве і ў якім жылі яго продкі. Нават у ілюстрацыях да кніг, дзе, здавалася б, цяжка выявіць сябе, Шаранговіч стварае асабісты свет, але — непарыўна звязаны з задумамі і ідэяй пісьменніка. Такім чынам ён трапляў у “дзясятку”, калі ілюстраваў паэзію Купалы, “Новую зямлю” Коласа ці “Пана Тадэвуша” Міцкевіча. На мой погляд, акварэлі да “Пана Тадэвуша” — гэта лепшая ў Еўропе выяўленчая эстэтыка кніжнага афармлення паэмы. Упэўнены, работа мастака застанецца прыкладам таго, як трэба ілюстраваць кнігі. Па эмацыйнай выразнасці, па гармоніі элементаў афармлення, па глыбіні вобразаў, па малюнку, па стварэнні атмасферы тэксту я магу паставіць яе побач з такімі ілюстрацыямі, як “Дон Кіхот” Г.Дарэ, “Рабінзон Круза” Ж.Гранвіля, “Медны коннік” А.Бенуа, “Слова пра паход Ігаравы” У.Фаворскага, “Кала Бруньён” Я.Кібрыка, “Тры мушкецёры” М.Лелуара, “Спартак” С.Бродскага… Мне здаецца, што ў кнізе “Пан Тадэвуш” Шаранговіч стварыў мастацкую форму, якая стала помнікам выяўленчай культуры. Акрамя таго, у актыве і станковыя творы, сярод якіх серыя каляровых літаграфій “Памяці вогненных вёсак”, “Блакада. 1943 год”, трыпціх “Дзе крыўда адвечная спела”, аркушы “Гражына”, “Ганчар”, “А хто там ідзе?”, “Партрэт Янкі Купалы”, “Партрэт Францыска Скарыны”, акварэлі і жывапіс, прысвечаныя Нарачанскай зямлі.

Свой юбілей мастак сустрэў на вялікім духоўным і душэўным уздыме. 15 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося гашэнне канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанага 75-годдзю творцы. У яго афармленні выкарыстаны яго творы “Аўтапартрэт”, “Асенняе поле” і “Навальніца прайшла”.

Мы, “культура”ўцы, сардэчна жадаем народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі, прафесару Васілю Шаранговічу добрага здароўя ды новых твораў!

На ілюстрацыях: Ілюстрацыі Васіля Шаранговіча да паэм Янкі Купалы "Яна і Я" і Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"